Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКІ БНФ ЗАКЛІКАЮЦЬ АБАРАНІЦЬ МУЗЫКУ ЎЛАДЗІМЕРА ПУЗЫНЮ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле афіцыйнай вэрсіі, унівэрсытэт культуры забірае памяшканьне “Беларускай хаткі” з-за таго, што Ўладзімер Пузыня нібыта не выконвае абавязкаў дамовы. Аднак вядомы музыка лічыць, што гэта толькі зачэпка і перакананы, што сапраўднай прычынай ёсьць ягонае апазыцыйнае стаўленьне да антынацыянальнай ідэалёгіі дзяржавы. І тое, як улады паставіліся да адзінага адраджэнца старажытных народных інструмэнтаў, паказвае сапраўднае становішча нацыянальнай культуры ў Беларусі, — сказаў падчас сустрэчы Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Гэта ёсьць тым, што Лукашэнка й ягоныя памагатыя ўразумелі, што трэба паварочвацца да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў. Нічога яны не зразумелі й нікуды яны не паварочваюцца. Канкрэтны лёс, канкрэтны перасьлед паказвае, што ўсё застаецца па-ранейшаму”.

Тое, што без Уладзімера Пузыні не абыходзіцца ніводная палітычная імпрэза дэмакратаў, наўрад ці падабаецца цяперашнім уладам, — заявіў мастак Аляксей Марачкін. А таму перасьлед вядомага ў сьвеце майстра ён паставіў у адзін шэраг з рэпрэсіямі супраць незалежнага друку і свабоды слова. Гаворыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Уладзімер Пузыня — гэта сымбалічная фігура нашай беларускай інтэлігенцыі, якая не прагінаецца перад уладай. Многія гатовыя браць у рукі гэтыя ўзнагароды, гэтыя ордэны. Пузыня ніколі ня йшоў на кампраміс са сваімі поглядамі й перакананьнямі. Трэба ахоўную грамату гэтага прозьвішча мець, бо ўнікальны чалавек”.

Уладзімер Пузыня перакананы, што яго перасьледуюць па палітычных матывах і, у сувязі з гэтым, ён асьцерагаецца фізычнай расправы. Гаворыць Уладзімер Пузыня:

(Пузыня: ) “Тут ужо й страшнавата заставацца, бо я бачу — таго зьбілі, таго зьбілі. Дык я думаю, як таксама іду дадому — закуточкі ёсьць. Нас хто хоча, той кідае, хто хоча, той піхае — дзе той вайсковец, які бы нас абараніў? Я быў у Вільні, я ўжо шукаю прытулак нейкі”.

На заканчэньне прэс-канфэрэнцыі спадар Пузыня зайграў на зробленай ягонымі рукамі жалейцы, а лідэры БНФ праз журналістаў заклікалі грамадзкасьць выступіць у абарону музыкі.
XS
SM
MD
LG