Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВЫ БЕЛАРУСІ З АБСЭ ТАК І НЕ ПАЧАЛІСЯ


Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканскі амбасадар у АБСЭ Стывэн Мінікес зноў заявіў, што трэба разьвязаць праблему з Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Беларусі. “Калі Беларусь ня зможа дамовіцца пра вырашэньне тут у Вене, мы будзем заклікаць дзейнага старшыню разгледзець надзвычайныя дадатковыя захады”, — заявіў амбасадар Мінікес.

Першы сакратар КНГ АБСЭ ў Менску Аліна Жасан зазначыла, што ўпершыню робяцца нейкія прэвэнтыўныя спробы — не заявы пасьля, як гэта было з фактычнай дэпартацыяй ужо трох супрацоўнікаў місіі АБСЭ зь Беларусі, а напярэдадні крайняга тэрміну 29 кастрычніка, калі ў спадарыні Жасан заканчваецца дыпляматычная акрэдытацыя.

Паводле Аліны Жасан, іншыя дэлегацыі падтрымалі амэрыканскую і зрабілі запыт старшыні Сталае рады АБСЭ: што ўсё ж такі адбываецца зь перамовамі наконт лёсу КНГ у Менску? Старшыня адказаў, што няікіх перамоваў няма, а быў толькі “абмен думкамі”.

Нагадаю, што беларускае Міністэрства замежных справаў афіцыйна абвесьціла, што пасьля нью-ёрскае дамоўленасьці міністра Хвастова зь ягоным партугальскім калегам, які ёсьць дзейным старшынём АБСЭ, у Вене пачаліся перамовы на ўзроўні сталых прадстаўнікоў Беларусі й Партугаліі.

Але ў партугальскай дэлегацыі ў АБСЭ гэта не пацьвердзілі. Вось як камэнтуе Аліна Жасан такія заявы беларускіх уладаў наконт перамоваў з АБСЭ:

(Жасан: ) “Перамовы ў іхным разуменьні гэтак сама йдуць, таму мне таксама здавалася, што яны йдуць — бо я грунтавалася на тым, што яны кажуць. Таму што зь Вены мы нічога не атрымліваем. Аказваецца, яны ня йдуць. Аказваецца, што старшыня сказаў: “У нас быў толькі абмен думкамі”. Гэта, напэўна, тое самае, што яны казалі: “Мы ўжо тройчы дасылалі ім свае прапановы”. Ніхто гэтых прапановаў ня бачыў”.

Нагадаю, што афіцыйны Менск сапраўды заяўляў, што тройчы рабіў прапановы наконт зьмены мандату місіі АБСЭ. У венскай штаб-кватэры гэтай арганізацыі таксама нічога ня ведаюць пра перамовы зь Беларусьсю, у якіх нібыта можа браць удзел генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш. Але супрацоўнік інфармацыйнае службы Кіс Джынкс распавёў:

(Джынкс:) “Ёсьць некаторыя размовы, некаторыя словы пра тое, што будзе абмеркаваньне гэтага пытаньня на гэтым тыдні. Спадар Кубіш учора сказаў, што мажлівая новая сустрэча ў сераду”.

Але спадар Джынкс дадаў, што сумняецца ўва ўдзеле генэральнага сакратара АБСЭ ў перамовах зь Беларусьсю. Яна Кубіша сёньня ў венскай штаб-кватэры не было, як, дарэчы, і амбасадара Эбэргарда Гайкена, які дагэтуль мае статус адмысловага прадстаўніка дзейнага старшыні АБСЭ ў справе кантактаў зь Беларусьсю.

Тым часам першы сакратар КНГ АБСЭ Аліна Жасан рыхтуецца да ад’езду зь Беларусі. На маё пытаньне, ці можа яна застацца ў Менску пасьля 29 кастрычніка — без дыпляматычнае акрэдытацыі, проста як госьць з Малдовы — спадарыня Жасан адказала так:

(Жасан: ) “Я ўжо тут даволі доўга пагасьцявала — чатыры гады зь лішнім. Таму як госьць я дакладна не застануся”.

Аліна Жасан заявіла, што абавязкова патрэбная нейкая папера, якая б яе абараняла й вызначала ейны статус.
XS
SM
MD
LG