Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ ЗНОЎ ТРАПІЛА Ў ЛІК КРАІНАЎ, ДЗЕ ПАРУШАЮЦЦА РЭЛІГІЙНЫЯ СВАБОДЫ


Сяргей Абламейка, Прага

Ва ўводзінах да справаздачы дзярждэпартамэнту прыводзяцца чатыры прычыны, дзеля якіх рыхтуюцца такія справаздачы. Рэлігійныя свабоды, па-першае, зьяўляюцца неад’емнай часткай амэрыканскай гісторыі. Па-другое, рэлігійная свабода ёсьць унівэрсальнаю ў сваёй важнасьці і прыкладным характары, яна таксама ёсьць важнай часткай Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, прынятай ААН у 1948 годзе. Разьвіцьцё рэлігійных свабодаў, па-трэцяе, наўпрост зьвязанае з разьвіцьцём іншых свабодаў і дэмакратыі наагул. І нарэшце, амэрыканская палітыка захаваньня рэлігійных свабодаў у сьвеце наўпрост зьвязаная з вайной супраць міжнароднага тэрарызму, бо падзеі 11 верасьня паказалі, да якіх жахлівых мэтаў можа давесьці эксплюатацыя рэлігійных лёзунгаў.

Справаздача сёлета падзеленая на тры часткі. Першая частка называецца “Бар’еры на шляху да міжнароднай рэлігійнай свабоды”. У першым разьдзеле гэтай часткі пералічаюцца краіны з таталітарнымі ці аўтарытарнымі рэжымамі, якія імкнуцца кіраваць рэлігіяй ці падаўляць усе або частку канфэсіяў у краіне, бо яны пагражаюць існаваньню гэтых рэжымаў. Сярод такіх рэжымаў названыя ўрады Бірмы, Кітаю, Кубы, Лаоса, Паўночнай Карэі і Віетнаму.

У другім разьдзеле названыя і ахарактарызаваныя краіны, у якіх урады дэманструюць варожасьць да рэлігійных мяншыняў або да незарэгістраваных рэлігіяў. У гэтую групу трапілі Іран, Ірак, Пакістан, Савудаўская Арабія, Судан, а таксама Туркмэністан і Узбэкістан.

У трэці разьдзел трапілі краіны, дзе ўрады дэманструюць пагарду да праблемы дыскрымінацыі ці перасьледу рэлігійных мяншыняй і незарэгістраваных рэлігіяў. У такіх краінах нават маюцца законы супраць рэлігійнай дыскрымінацыі, але на справе ўрады мала што робяць для прадухіленьня такой дыскрымінацыі. Якраз у гэтую групу і трапіла Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, – гаворыцца ў справаздачы, – у прайшоўшым годзе працягваў прадтрымку Рускай Праваслаўнай царквы, да якой належыць большасьць насельніцтва краіны. У той жа час улады павялічылі перасьлед іншых дэнамінацыяў і рэлігіяў. Рэжым адмовіў у рэгістрацыі некаторым рэлігійным групам на той падставе, што яны “нетрадыцыйныя”. У рэгістрацыі было таксама адмоўлена ўсім групам, якіх беларускія ўлады разглядаюць як сэкты. У кантраляваных урадам сродках масавай інфармацыі працягваецца кампанія супраць пратэстанцкіх дэнамінацыяў. 27 чэрвеня ніжняя палата парлямэнту ўхваліла праект новага рэлігійнага закону, канчатковае прыняцьцё якога накладзе далейшыя абмежаваньні на рэлігійную свабоду ў краіне. Рэстытуцыя царкоўнай маёмасьці ў Беларусі, якая была адабраная ў цэркваў падчас савецкай улады і нацысцкай акупацыі, застаецца абмежаванаю.

Разам зь Беларусьсю у гэтую ж групу краінаў трапілі Бангладэш, Эгіпэт, Грузія, Гватэмала, Індыя, Інданэзія і Нігерыя.

Наступную групу ўтварылі краіны, у якіх існуе дыскрымінацыйнае заканадаўства або праводзіцца палітыка, што наносіць шкоду некаторым рэлігіям. Сюды аднесеныя Брунэй, Эрытрэя, Ізраіль на акупаваных тэрыторыях, Ярданія, Малайзія, Турцыя, а таксама Малдова і Расея. Што да сытуацыі ў Расеі, дык дзярждэпартамэнт прыводзіць факты перасьледу найперш рыма-каталікоў і баптыстаў, а таксама сацыяльнай дыскрымінацыі самай вялікай рэлійнай меншасьці – мусульманаў. Асобна нагадваецца і аб антысэмітызме ў Расеі, у прыватнасьці аб працягу існаваньня антысэміцкіх выданьняў у Санкт-Пецярбургу, Разані і Краснадары.

І апошняя група краінаў, дзе некаторыя рэлігія разглядаюцца як “небясьпечныя культы”. Сюды трапілі Бэльгія, Францыі і Нямеччына. Нямеччына, напрыклад, за існаваньне “фільтрацыі” пры прыёме на працу прыхільнікаў саенталёгіі.

У другой частцы справаздачы, прысьвечанай краінам, дзе быў дасягнуты істотны прагрэс ў галіне рэлігійных свабодаў, пішацца пераважна пра Афганістан.

Трэцяя частка справаздачы прысьвечаная амэрыканскім захадам у абарону міжнародных рэлігійных свабодаў. Гэтыя захады пералічаюцца па краінах. У Злучаных Штатах, як вядома, існуе адмысловы офіс Пасла ЗША ў галіне датрыманьня міжнароджных рэлігійных свабодаў – менавіта гэты ворган каардынуе амэрыканскія намаганьні у гэтай галіне. Дык вось адносна Беларусі ў справаздачы сьцьвярджаецца, што за прайшоўшы год прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту шмат разоў сустракаліся з прадстаўнікамі беларускага ўраду ў Вашынгтоне, каб нагадаць ім аб неабходнасьці датрыманьня рэлігійных свбодаў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG