Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ДАЎ У ПРАКУРАТУРЫ ПАКАЗАНЬНІ Ў СПРАВЕ ЗЬНІКЛЫХ ВЯДОМЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтае інтэрвію Анатоля Лябедзькі было апублікаванае “Народнай Воляй” яшчэ 6 студзеня 2000 году. У ім лідэр АГП выказаў меркаваньне, што ў Беларусі існуюць нейкія тайныя структуры, якія займаюцца ліквідацыяй небясьпечных палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Тады ж спадар Лябедзька прагназаваў, што ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі грамадзкасьць яшчэ пачуе некаторыя падрабязнасьці выкраданьня Ганчара, Красоўскага й Захаранкі.

У гэтым жа інтэрвію лідэр АГП згадваў нейкую размову паміж трыма высокімі дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія абмяркоўвалі лёс зьніклага былога міністра ўнутраных справаў. Сьледчага Чумачэнку найбольш цікавіў гэты эпізод публікацыі і прозьвішчы тых асобаў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я запытаў у сьледчага, што калі дапусьціць, што калі сярод гэтых трох асобаў ёсьць прозьвішча Шэймана, ці выкліча сьледчы яго на допыт. Сьледчы сказаў, што ў адносінах да Шэймана натуральна такога быць ня можа, таму што ён зьяўляецца яго начальнікам. Тады я запісаў, што без камэнтароў пытаньне адносна трох асобаў, якія вялі размову пра Захаранку”.

Лідэр АГП таксама незадаволены і тым, што сьледзтва ня хоча цяпер усур’ёз разглядаць палітычную вэрсію зьнікненьня вядомых асобаў. Спадар Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) “Я крыху расчараваны. Я думаў, што пытаньні будуць зададзеныя менавіта ў кантэксьце разгляду палітычнай вэрсіі зьнікненьня Ганчара й Захаранкі. А гэта датычыць толькі пэўных выказваньняў, якія сьледчы, відаць, павінен рабіць па працэдуры. Бо ёсьць згадка, і ён павінен мяне дапытаць як сьведку. На сёньняшні дзень я не адчуў, што там разглядаецца палітычная вэрсія”.

Сьледчы Ўладзімер Чумачэнка аднак запэўніў лідэра АГП, што справа, якой ён займаецца, дойдзе да суду — толькі невядома калі. Сьледчы таксама паведаміў, што ягоная сьледчая група здабыла паказаньні сьведак, якія бачылі як 7 траўня 1999 году невядомыя асобы выкрадалі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG