Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНУЮ ПАРТЫЮ КАМУНІСТАЎ ВЫСЯЛІЛІ З ОФІСА


Уладзімер Глод, Менск

Высьвятленьне адносінаў паміж апазыцыйнымі камуністамі і ўладамі цягнулася амаль год. Кіраўніцтва партыі дакладна выконвала ўсе ўмовы пагадненьня, якое яна падпісала з камунальнымі службамі Савецкага раёну Менску. Камуністы спраўна плацілі арэндную плату, не дапускалі ніякіх парушэньняў і таму спадзяваліся, што ніякага канфлікту з уладамі ў іх не будзе.

Аднак уладам чамусьці спатрэбілася менавіта гэтае памяшканьне. Партыйцы былі гатовыя да кампрамісу. Але Камітэт нежылых памяшканьняў пры Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце не прапанаваў ім ніякай альтэрнатывы.

Камуністы спрабавалі абскардзіць гэтае рашэньне праз суд. Пра тое, што з гэтага атрымалася, гаворыць другі скаратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Нічога ў нас ня выйшла. Вы ведаеце, як у нас абскардзіць рашэньне. У нас скончыўся тэрмін арэнды, і з намі ЖРЭА Савецкага раёну не перазаключыла дагавор”.

Кіраўніцтва партыі сёньня наняло пад офіс звычайную двухпакаёвую кватэру. Тут ёсьць толькі тэлефон, пакуль што не падключаныя кампутары, няма магчымасьці накіраваць звычайны факс. Але ня толькі дрэнныя ўмовы працы хвалююць ЦК ПКБ. Паводле беларускага заканадаўства, калі партыйны офіс знаходзіцца на кватэры, нават прыватызаванай, лічыцца, што партыя ня мае юрыдычнага адрасу. А гэта дае падставы Міністэрству юстыцыі закрыць партыю, бо ўласны юрыдычны адрас ёсьць адным зь неабходных атрыбутаў існаваньня партыі ў Беларусі.

Калі апазыцыйную цяперашнім уладам партыю пазбаўляюць памяшканьня, дык ляяльным камуністам з КПБ, наадварот, выдзяляюць асобныя памяшканьні. Пры гэтым, як вынікае з распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, копію якога надрукавала “Народная Воля”, ім кампэнсуюцца выдаткі па арэнднай плаце, камунальных і эксплюатацыйных плацяжах. Між тым, тое ж беларускае заканадаўства забараняе ўладам умешвацца ў справы палітычных партыяў, а палітычныя партыі ня могуць фінансавацца органамі дзяржаўнай улады.
XS
SM
MD
LG