Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ СПАРТОЎЦЫ-ПРАФЭСІЯНАЛЫ САСТУПАЮЦЬ НА АРЭНАХ АМАТАРАМ У СПОРЦЕ — ПРЭЗЫДЭНТАМ?


Ігар Карней, Менск

Учорашні юбіляр Уладзімер Пуцін лёгка кладзе супернікаў на татамі. Нурсултан Назарбаеў абыходзіць на лыжах чэмпіёнаў сьвету. Туркмэнбашы — безумоўны фаварыт на скачках. Лукашэнка — найлепшы хакейны бамбардыр Беларусі. Гэтыя “карцінкі”, якія смакуюць дзяржаўныя тэлеканалы, сталі ўжо звыклымі для электарату.

Але чаму прафэсійныя спарынг-партнэры дазваляюць прэзыдэнтам, якія ў спорце ўсё ж аматары, так лёгка сябе класьці на лапаткі, так старанна выконваюць іхныя спартовыя капрызы? Былы хакеіст наваполацкага “Паліміру” Сяргей Аспават узгадвае матч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі падчас адкрыцьця лядовага палаца ў Віцебску.

(Аспават: ) “Падчас адкрыцьця палаца зборная вэтэранаў Віцебску гуляла супраць каманды Лукашэнкі. Кавалёў, Цыплакоў і іншыя былі ў камандзе Лукашэнкі. І я іх не разумею, бо калі гуляю я, дык гуляю па-сапраўднаму. А тут фікцыя. Прыкладам, у нас арандуюць лёд мясцовыя жулікі. У тых таксама пастаянна новыя павевы, і зараз яны ўсе ўжо хакеісты. Мяне запрасілі, далі форму. Ну, я гуляю, як прывык. Кагосьці піхнуў. Той пачаў абурацца. Я і кажу: гэта хакей ці балет? Ня можаш — не гуляй. Тут мы з табой роўныя. Мяне не хвалюе тваё багацьце, твой стан, хто ты, што ты — якая мне розьніца?”

Напярэдадні кожнага матчу з удзелам кіраўніка дзяржавы каманду-суперніцу падрабязна інструктуюць. Працягвае Сяргей Аспават:

(Аспават: ) “Наша каманда сабралася ў распранальні, зайшлі хлопцы з аховы Лукашэнкі і пачалі выхоўваць: ніякіх фізычных кантактаў з Лукашэнкам, шайба ў цябе, і побач прэзыдэнт — падкідваеш яму. Хоць ён нават як аматар катацца на каньках — ніякі. Проста езьдзіць і трымаецца клюшкай за лёд. Але навокал усе робяць выгляд, што ён вельмі моцны ў хакеі й перамагчы яго практычна немагчыма. Тэхніку прыблізна паказалі, ён так і езьдзіць. Нашы ў тым матчы, натуральна, “праляцелі”: туды шайбу адкінь, сюды падкінь, а нам забіваюць”.

Шмат хто з хакеістаў скардзіцца, што пабудаваныя лядовыя палацы нібыта дзеля разьвіцьця беларускага хакею — на самой справе прафанацыя. У бальшыні палацаў хутка запрацавалі кірмашы, іх арандуюць рознай вартасьці поп-выканаўцы. Масавыя катаньні пры гэтым аказаліся занадта дарагім задавальненьнем для звычайнага люду. Да таго ж, замест дзясятка дробных каткоў больш разумна было б пабудаваць некалькі буйных, якія маглі б стацца базай дзеля правядзеньня матчаў на высокім міжнародным узроўні.

Пра нямэтавае выкарыстаньне лядовага палаца ў Віцебску распавядае былы гулец хакейнага клюбу “Палімір” Сяргей Аспават:

(Аспават: ) “Зараз ужо невядома, для каго ён будаваўся. Прынамсі, цяпер выкарыстоўваецца выключна ў мэтах карысьлівых, але ніяк не для спорту, не для хакею Віцебску. Усе плошчы ў лядовым палацы аддадзеныя дзеля заняткаў гімнастыкай, шэйпінгам заможных людзей. Дырэктар, каб зарабіць грошы, людзей напіхвае туды як селядцоў. На масавых катаньнях на лёдзе можа адначасна быць чалавек 150. Колькі было траўмаў; у мяне сястра, прыкладам, зламала нагу. У каго ёсьць грошы, той можа арандаваць лёд на камэрцыйнай аснове: гадзіна арэнды каля тысячы даляраў. Займайся, чым хочаш. А для дзяцей, якія жадаюць займацца хакеем, проста няма часу: усё занята”.

Тым ня меней, будаўніцтва лядовых палацаў плянуецца і надалей.

А праз паўтара месяца ў Менску мае быць гатовы яшчэ адзін маштабны спартовы аб’ект — крыты футбольны манэж. Нават далёкія ад футболу людзі выказваюцца, што ўжо сёлетняй зімой да капітанскай павязкі ў хакейнай прэзыдэнцкай зборнай Аляксандар Лукашэнка дадасьць яшчэ і футбольную.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG