Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА Ў АДНЫМ — ТЭАТРАЛЬНАЯ МУЗЫКА ЎЛАДЗІМЕРА КУР’ЯНА


Зьміцер Падбярэскі Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Нагодай да чарговай сустрэчы ў праграме “Па-за тактам” зьявіўся нядаўна выдадзены дыск — прызнацца, рэдкі ў практыцы беларускага музычнага рынку. Па-першае, гэта двайны альбом, што даволі незвычайна для Беларусі. Па-другое, альбом той зьмяшчае рэдкую для выдавецкай практыкі нашае краіны музыку — камэрную ды тэатральную.

Аўтар музыкі — кампазытар Уладзімер Кур’ян, якога можна назваць такім жа сымбалем нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, як, скажам, рэжысэра Валерыя Раеўскага. Ужо шмат гадоў Уладзімер Кур’ян працуе на гэты тэатар, што і пацьвердзіў згаданы альбом. Ён — рэдкі ў нас кампазытар, якога ведаюць найперш як аўтара тэатральнай музыкі.

Што да альбому, дык калі першы дыск зьмяшчае ягоныя камэрныя творы, другі цалкам прысьвечаны музыцы для тэатру, якая пісалася ім на працягу многіх гадоў. Уладзімер Кур’ян — наш госьць. Вітаю цябе, Уладзімер!”

(Уладзімер Кур’ян: ) “Добры дзень!”

(Падбярэскі: ) “Пачаць гутарку хацелася б з наступнага пытаньня: ці ёсьць наогул нейкая прынцыповая розьніца паміж працай над музыкай камэрнай і музыкай тэатральнай?”

(Кур’ян: ) “Камэрная музыка, я лічу, уплывае на тэатральную, як і тэатральная на камэрную. Я гэты прыклад бачу на сваёй творчасьці. Апошні зьезд кампазытараў, былі канцэрты камэрнай аркестравай музыкі, і на адным з гэтых канцэртаў гучаў мой новы твор камэрны для чатырох валторнаў. Але тэатральная музыка настолькі ўплывае, узьдзейнічае на маю камэрную творчасьць, што я даволі часта даю праграму.

У дадзеным выпадку я проста даў такую праграму: “Залатая ліхаманка”. І, ведаеце, гэтыя валторны чатыры як тазікі, у якіх мыюць золата. Акрамя вока, там даволі цікавая, як кажуць крытыкі-музыказнаўцы, музыка, якая трохчасткавая, і, можа я зашмат гавару, але тэатар уплывае на камэрную музыку так, як і камэрная — на тэатральную”.

(Падбярэскі: ) “Калі зьвяртацца да практыкі, ці здараюцца такія сытуацыі, калі, скажам, рэжысэр ці акторы могуць нейкім чынам паўплываць як на форму, так і на зьмест музыкі, якая пішацца да пэўнага спэктаклю?”

(Кур’ян: ) “Так. Скажу так: колькі пальцаў ёсьць на руках, столькі ж рэжысэраў было са мной зьвязана, як тэатральныя, так і ў кінамастацтве, у мультыплікацыі, і мне здаецца, калі рэжысэр ведае, дакладна ведае, чаго ён хоча і якім чынам, геаграфію створанага, гісторыю і час, калі ў гэтых трох выпадках ён упэўнены, гэта вельмі добра. Калі рэжысэр, як галава гэтага дракона — рэжысэр, мастак, кампазытар — пры стварэньні ці то кіно, ці то спэктаклю ведае, як галоўная галава, што трэба і як трэба. Ну, як трэба, можа падказаць ужо і кампазытар, і, ведаеце, інтуіцыя. Акторы гэта прычэшуць”.

(Падбярэскі: ) “Ці здараліся ў тваёй практыцы выпадкі, калі пасьля прэм’еры ты раптам адчуваў: не, не атрымалася, больш гэты спэктакль глядзець не хачу?”

(Кур’ян: ) “(Сьмяецца.) Бывае і такое: болей ці меней не атрымалася. Але каб зусім не атрымалася?! Адзін рэжысэр мне сказаў: “Нават найвыдатнейшая музыка кепскі спэктакль ня выратуе. І нават благая музыка харошы спэктакль вельмі ўжо не сапсуе”.

Ня буду імёны называць, а гэта бывала і, можа нават, будзе. Такія вось ужо вясёлкавыя мары: “Вось які будзе спэктакль...” А як засьпяваюць, затанчаць, зарухаюцца ў гэтым спэктаклі акторы — і пшык! — бывае такое, што не здараецца, і — кусай сябе за локці, і шукай віноўнікаў… Адно толькі ведаю: ці атрымаецца, ці не — шчыра скажу — да кожнага спэктаклю стаўлюся аднолькава з сумленьнем і стараюся толькі прафэсійна.

Цяпер такі час, што мала калі спэктаклі суправаджаюцца рэальнай музыкай, у жывым гучаньні. Вельмі многае залежыць цяпер ад студыі, ад запісу, ад выкананьня ў гэты час, у гэты момант, гэтым кампазытарам, гэтым інструмэнтам, гэтым ансамблем нават. І як атрымаецца?

Як жанчына празь дзевяць месяцаў нараджае — так і спэктакль ствараецца. Можа, гэта такі стэрэатыпны вобраз атрымліваецца, калі неданосак можа быць, а пераносак — кепска. Ну, год максымум. То кампазытар у студыі працуе адзін, максымум два разы. Дзень ці два, разумееце? І да гэтага моманту трэба быць гатовым, упэўненым, што гэтых музыкантаў сабраў, але мне даводзіцца і дырыгаваць на запісе, і самому іграць, у барабан біць і ў талерку, і шарыкі надуваць.

Тэатральная музыка — гэта ня толькі музыка, але і шумы: і ваду ліць, і шампанскае адкрываць — усё здараецца”.

(Падбярэскі: ) “Знакавыя для Купалаўскага тэатру спэктаклі — усё ж “Ідылія” і “Тутэйшыя”, у якіх таксама гучыць твая музыка. Але калі ў дачыненьні да “Ідыліі” нейкія музычныя асновы былі, дык для “Тутэйшых” давялося пісаць, так бы мовіць, зь ліста. Табе хацелася напісаць музыку знарок злую, зьедлівую — якую?”

(Кур’ян: ) “Калі бярэцца п’еса і ўжо ёсьць жанр — камэдыя там ці трагікамэдыя, ці жанравыя сцэны, ці што. Гэта, канечне, асноўнае, але ў мяне такі прынцып: кантраст, кантраст — чорнае-белае, высокае-нізкае, дзень-ноч.

І калі “Тутэйшыя” — трагікамэдыя, то гэта ўжо сам жанр адпавядае таму, што там ёсьць і камэдыйныя жанры, і іранічныя (напявае мэлёдыю “Інтэрнацыяналу”). Гэта дуэт галоўных герояў, і дуэт гэты выкананы ў такім інструмэнтарыі: дудачка і цымбалы. Дудачка іграе адну тэму, а дыялёг — цымбалы. Калі гэта ўключыць у запісе, а на баяне сыграць тэму, што я напеў, — гэта будзе ўжо трэцяя тэма, якая, аднак, адразу маецца на ўвазе. Гэта такая іронія, толькі калі я сказаў акторам, толькі тады яны “дагналі”, зразумелі.
музыкі да спэктаклю “Тутэйшыя”.

Заканчваюцца “Тутэйшыя” хорам чатырохгалосым. Дзякуй Мацюхову, які працаваў з камэрным хорам, яны нават сказалі, што гэты твор можа быць і асобным, ня толькі ў спэктаклі”.

(Падбярэскі: ) “Я, Уладзімер, хацеў бы вось пра што запытацца. У чым усё-такі спэцыфіка тэатральнай музыкі?”

(Кур’ян: ) “У нас у тэатры толькі на мове — гэта кожны спэктакль — з уплывам такіх палескіх, украінскіх, польскіх жанравых, расейскіх нават словаў. І вельмі важна ведаць мову, любіць мову, таму што драматычны тэатар — гэта найперш слова.

А вось пралёг, увэртуру да спэктаклю са словаў ня трэба пачынаць, мне здаецца. Нейкі музычны ўступ такі, які б увёў гледача. Гэта вельмі важны момант — пачатак і канец, калі б зьявіўся голад па слову, і любое слова, якое скажа актор ці актрыса, ужо дае адрас. Гэта першы момант — пачатак і, зразумела, заканчэньне спэктакля вельмі важна музычнае. Калі ўсё сказана, словаў ужо ня можа быць, музыка павінна заканчваць і пачынаць. А сярэдзіна — адзін рэжысэр казаў — “Сярэдзіну мы нафаршыруем”.

(Падбярэскі: ) “Мы ўжо закранулі гэты момант, аднак хачу ўдакладніць: ці можа напісаная для патрэб тэатру музыка зажыць потым самастойным жыцьцём?”

(Кур’ян: ) “Менавіта на гэтае пытаньне адкажу так: дыск, які выйшаў у мяне (я не падлічваў, але ў тэатры недзе для 50 спэктакляў напісаная мая арыгінальная музыка) — а ў дыску занята недзе каля 15 назваў спэктакляў. Большасьць зь іх ужо сышла са сцэны. Але ж музыка можа быць самастойнай, як, я ўжо казаў пра хор з “Тутэйшых”.

Я і стараўся, каб гэтыя нумары са спэктакляў, што ўжо сышлі, былі самастойныя, каб гэта было цікава слухаць і тым, хто ведаў спэктаклі, і тым, хто ня ведаў гэтыя спэктаклі, але ж будзе чуць гэтую музыку”.

(Падбярэскі: ) “Як ты думаеш, у цэлым тэатральная музыка ў Беларусі такая ж традыцыйная, як і ўсё нашае тэатральнае мастацтва?”

(Кур’ян: ) “Не-е! Некалі ў больш маладым узросьце мяне называлі авангардыстам, калі я яшчэ ў тэатры не працаваў. Але я мог тады ў струны цымбалаў засунуць стужку, каб выкарыстаць новы гук, мог расстроіць струны — ня ўсе, зразумела! Спэцыяльна падрыхтаваць некалькі, каб яны вагаліся нават аж да тэрцыі, кварты.

Калі гэта патрэбна для вобразу, можна выконваць нават на цаглінах, на жэсьці, на вадзе, настроіць ёмкасьці (ледзь не сказаў “бутэлькі”) — і яны будуць гучаць, і ў спэктаклі будуць выкарыстоўвацца.

Ішоў я неяк па Камароўцы і стаяла... (Шкада, што я ня ўзяў сёньня гэтыя цацкі: у мяне дома цэлы мех дзіцячых цацак, якія выдаюць такія гукі! У “Карліку і носе”, напрыклад, як качачка гучаць нейкія інструмэнты.) Я падышоў, дзе гандлявалі такія жанчыны ўжо сталага ўзросту дзіцячымі цацкамі рознымі: гукалкамі, пішчалкамі, усялякімі сьвісткамі. Я пацікавіўся: “Можна купіць?”Такі як манок, як качка, мне так спадабалася! Яна кажа: “Каму?” “Гэта мне, — кажу, — для тэатру”. “Навошта?” “А я кампазытар”. Адышоўся мэтраў на дзесяць, а яна для другой ля скроні круціць: “Кампазытар пайшоў, купіў манка...”

(Падбярэскі: ) “Ці ёсьць п’еса, да якой ты марыш напісаць музыку, але якая ніколі ня будзе пастаўленая на беларускай сцэне?”

(Кур’ян: ) “Мабыць, ужо дзесяць гадоў мару, мару... Але калі я скажу гэта ў эфіры, дык і ніколі не напішу. А калі і напішу, дык не пастаўлена будзе. Адамовіч, “Апошняя пастараль”... Я хачу напісаць такую музыку, у якой ня будзе ніводнага слова. Я мару, каб гэта быў балет...”
XS
SM
MD
LG