Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК — НЯ ТОЛЬКІ МУЗЭЙ САЦРЭАЛІЗМУ


Алена Панкратава, Менск

Прыкладна год таму ў сваім інтэрвію для Свабоды выпускнік Гамбурскага ўнівэрсытэту, а цяпер выкладчык унівэрсытэту ў Ене доктар Томас Бон выказаў даволі небанальнае меркаваньне: для дасьледчыкаў архітэктуры Менск ёсьць вельмі цікавым, нясумным горадам.

Любімымі месцамі ў беларускай сталіцы нямецкі фаховец назваў пасьляваенную забудову ў раёне мэтро “Трактаразаводзкая”, дзе дамы сваім дэкорам нагадваюць вядомы ангельскі сад. Томас Бон працягвае наведваць Менск. Тэма ягоных цяперашніх дасьледваньняў — “Горад-герой, ягоныя адраджэньне, забудова, урбанізацыя, жыцьцё”. Мяркуецца, што праца стане асновай для адмысловага курсу лекцыяў у Енскім унівэрсытэце.

(Бон: ) “Калі я ўпершыню прыехаў у Менск, то нечакана ўбачыў рэальнае ўвасабленьне ўсяго таго, што мне выкладалі пра архітэктуру сацыялістычнага рэалізму. А пасьля таго, як пазнаёміўся са сваімі менскімі калегамі, зразумеў, што тут ня будзе тых праблемаў у працы, якія часам узьнікаюць у маіх сяброў у Маскве ці Пецярбургу. Карацей, у выніку я дасьпеў, каб рабіць цыкль дасьледаваньняў менавіта пра менскую архітэктуру”.

Паводле доктара Томаса Бона, адрозна ад іншых помнікаў архітэктуры сацыялістычнага рэалізму, Менск ёсьць тым горадам, дзе акцэнты расстаўленыя найбольш моцна. Разам з тым на прыкладах менскай пасьляваеннай забудовы можна ўбачыць абсалютна нечаканыя для часу таталітарызму соцыякультурніцкія вольнасьці.

(Бон: ) “Менск — гэта горад, дзе пануе не характэрны для былой таталітарнай сыстэмы дуалізм. З адного боку, у беларускай сталіцы мы бачым гэтак званы штучны музэй сацыялістычнага рэалізму альбо савецкага клясыцызму. У цэнтры гораду пасьля вайны была праведзеная радыкальная санацыя, архітэктары былі вымушаныя адмовіцца ад характэрных нацыяльных традыцыяў. Падпарадкоўваючыся маскоўскаму Генпляну, будавалі штосьці абсалютова не ўласьцівае для Беларусі.

Паралельна інтэнсіўная ўрбанізацыя ўносіла пэўную стыхійнасьць у гэты працэс. Па-за цэнтрам ня менш інтэнсіўна будаваліся прыватныя драўляныя дамы. Гэтак званыя сялянскія выспы прынесьлі пэўныя інтрыгу ў архітэктуру. У выніку атрымалася нечаканая для сацыялістычнай архітэктуры часу таталітарызму супрацьлегласьць грамадзкага і прыватнага”.

Самае вялікае адкрыцьцё Томас Бон зрабіў, вывучаючы гісторыю паселішча для нямецкіх ваеннапалонных Новыя Шэпічы.

(Бон: ) “Гэта зараз менскі мікрараён Серабранка. Пасьля таго, як у 1949 годзе ваеннапалонныя пакінулі Беларусь, паселішча стала належаць былой ахове, міліцыянтам. Атрымалася так, што доўгі час Новыя Шэпічы не падпарадкоўваліся ні гарсавету, ні райсавету. З гледзішча адміністрацыйных савецкіх структураў, людзі жылі там нелегальна, без прапіскі. Яны будавалі дамы, камунікацыі і гэтак далей. Дзіўна, але ва ўмовах татальнага кантролю дзяржавы ва ўсіх галінах такое назіралася ўключна да 1959 году”.

Паводле Томаса Бона, ня менш цікавай выглядае гісторыя забудовы Цэнтральнай альбо Кастрычніцкай плошчы. Ва ўмовах сацыялістычнага рэалізму менавіта такія плошчы нясуць галоўны ідэалягічны акцэнт — бо тут адбываюцца парады, розныя важныя імпрэзы. Менавіта такія плошчы мусяць быць архітэктурна ідэальна завершанымі.

(Бон: ) “Аднак менавіта гэтая частка гораду доўгі час не была рэалізаваная архітэктарамі. Я бачыў на паперах толькі помнік Сталіну. Далей ішла вялікая зялёная зона. Доўгі час архітэктурнае сэрца гораду заставалася без усялякага лягічнага завяршэньня, пакуль пры канцы перабудовы архітэктары не знайшлі рашэньня ў выглядзе Палаца рэспублікі”.

Дасьледаваньні доктара Томаса Бона ў галіне гісторыі менскай архітэктуры працягваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG