Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ СЬВЯТКУЕ ЮБІЛЕЙ ПУЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня раніцай менчукі ўбачылі на многіх будынках цэнтральных вуліц бел-чырвона-белыя сьцягі. Яны некалькі гадзінаў луналі над рэклямнымі шыльдамі расейскіх кампаніяў “Лукойл”, “Славянская деловая группа”, “Славнефть”, “Балтика” і над гандлёвымі цэнтрамі расейскіх аўтамабільных кампаніяў. На сьценах будынкаў зьявіліся графіці. Назвы некаторых цэнтральных вуліцаў былі закрэсьленыя, а замест іх напісаныя старажытныя беларускія. Вуліцы Савецкая і Камуністычная ператварыліся ў Антысавецкую і Антыкамуністычную.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец патлумачыў Радыё Свабода мэту гэтай акцыі:

(Севярынец: ) “Мэта акцыі, якую сёньня правёў Малады Фронт, — павіншаваць расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна зь пяцідзесяцігодзьдзем, а заадно й нагадаць, што беларуская моладзь жадае бачыць сваю краіну вольнай і незалежнай, і ніякіх тут Расеяў ня будзе. Вось дзеля таго, каб Уладзімер Уладзімеравіч гэта добра зразумеў, мы вывесілі ў Менску бел-чырвона-белыя сьцягі. Зьмянілі назвы імпэрскіх і камуністычных вуліцаў на спрадвечныя беларускія, а таксама правялі шэраг акцыяў графіці.

У пяцідзесяці месцах, адпаведна колькасьці гадоў юбіляра, пакінулі гэтыя моманты на знакавых аб’ектах. Гэта бел-чырвона-белыя сьцягі на “Лукойле”, “Балтыцы”, “Слаўнафце”, “Славянской деловой группе”, графіці “Незалежнасьць” і “Рукі прэч ад Беларусі!”, і памянялі назвы вуліцаў Камуністычная, Камсамольская, Маскоўская, Савецкая на адпаведныя беларускія”.

Маладафронтаўцы не абмежаваліся толькі гэтым. Яны прыйшлі да расейскай амбасады, каб перадаць падарункі прэзыдэнту Пуціну.

(Маладафронтавец: ) “Сёньня дзень народзінаў Пуціна. Беларуская моладзь хоча павіншаваць гэтага чалавека. Мы яму прынесьлі вельмі арыгінальныя падарункі. Вы зараз усё ўбачыце. Мы спадзяемся, што нас усё ж прымуць, і мы перададзім гэтыя падарункі кіраўніку Расеі”.

Падарункі — гэта валізка, пляшка расейскай гарэлкі і адкрыты ліст. У лісьце маладафронтаўцы павіншавалі Ўладзімера Пуціна зь пяцідзесяцігодзьдзем, выказалі падзяку за прапанову ўвайсьці ў склад Расеі шасьцю абласьцямі і нагадалі кароткую гісторыю Беларусі і яе стасункаў з Расеяй.

Маладафронтаўцы запэўнілі расейскага прэзыдэнта, што Беларусь будзе вольнай і незалежнай дзяржавай. Яна будзе інтэгравацца ў Эўразьвяз не праз Усход і уступіць у NATO. Жыць у складзе Расеі так, як жывуць чачэнцы, беларусы не жадаюць. Маладафронтаўцы паабяцалі, што пасьля гэтага прыедуць у Маскву, каб дамаўляцца пра добрасуседзкія ўзаемавыгадныя адносіны.

Супрацоўнікі міліцыі перапісалі дадзеныя ўсіх прысутных журналістаў і маладафронтаўцаў. Яны не дазволілі перадаць падарункі ў амбасаду і параілі даслаць іх з галоўнага паштамта. Маладафронтаўцы скарысталіся гэтай парадай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG