Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ РАСПАЧАЛО АКЦЫЮ “СЬПЯВАЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ”


Галіна Абакунчык, Менск

Папулярныя песьні з апошняга альбому Віктара Шалкевіча, іншых выканаўцаў ды народная музыка, а таксама станоўчы розгалас ад папярэдняга месячніка “Размаўляем па-беларуску” натхнілі сяброў Таварыства беларускай мовы на новую акцыю, — кажа намесьнік старшыні Сяржук Кручкоў.

(Кручкоў: ) “Месячнік “Сьпяваем па-беларуску” мы вырашылі правесьці таму, што стаміліся ад засільля на FM-станцыях, у эфіры радыё й тэлебачаньня расейскай музыкі. Будзем зьвяртацца да іх з просьбай ставіць беларускія песьні, а калі яны будуць мець праблемы з рэпэртуарам альбо носьбітамі, то даваць некабходныя кансультацыі”.

Паводле спадара Кручкова, спасылкі на дэфіцыт айчынных песьняў ня маюць падставаў, бо акрамя багатай спадчыны плённа працуюць сучасныя беларускія музыкі. Але акрамя заклікаў размаўляць ці сьпяваць па-беларуску, ініцыятары ідэі падрыхтавалі да выданьня зборнік нотаў і словаў папулярных беларускіх песьняў, каб распаўсюдзіць яго ў школах ды дзіцячых садках. Для аматараў застольных сьпеваў яны распрацавалі караоке па-беларуску, а ўсе міжнародныя цягнікі Беларускай чыгункі атрымаюць ад ТБМ камплект касэтаў папулярнай беларускай музыкі.

Ад месячніка “Сьпяваем па-беларуску”, які будзе доўжыцца цягам кастрычніка, арганізатары таксама чакаюць станоўчага выніку. Гаворыць Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Вядома, што нічога так не яднае людзей, як песьня. І нішто так не заклікае да дзеяньня, зьмены жыцьця да лепшага, як тая ж самая песьня. Я таксама згодны, што яднаньне нацыі можа адбывацца і на падставе песеннай культуры. Але песьня — гэта тое, што трэба чуць, а таму мы будзем вельмі ўдзячныя, калі электронныя СМІ адгукнуцца на гэтую акцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG