Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАЙШОЎ НА СПАД


Міхал Стэльмак, Менск

Мінулымі выходнымі цалкам аднавіў працу рынак “Дынама”. Большасьць гандляроў вярнулася на працоўныя месцы і на прыгарадным рынку “Ждановічы”. Вось што паведаміў сёньня на гэты конт каардынатар Беларускага страйкавага камітэту па Менску і Менскай вобласьці Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) “Гэты працэс адбыўся стыхійна, таму што ў страйку бралі ўдзел ня ўсе рынкі і выставы Менску. Пасьля таго як на мінулым тыдні вярнуліся да працы прадпрымальнікі гандлёвых выставаў, гэта нэгатыўна адбілася на настроях астатніх прадпрымальнікаў. Супраць страйку вельмі актыўна працавала адміністрацыя выставаў і рынкаў, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Але, бадай, самая галоўная прычына — няўзгодненасьць дзеяньняў прапрымальніцкіх структураў. Гэта вельмі дапамагло правакацыйным сілам, якія выходзілі на рынкі і казалі: працуйце, усё вырашана, і гэтак далей”.

Мінулымі выходнымі фактычна спынілася акцыя пратэсту і ў Воршы. Вось што распавёў нашаму радыё лідэр аршанскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Сталяроў:

(Сталяроў: ) “У нас людзі ў суботу пачалі выходзіць. Тут так пастаўленая справа, што людзі ня могуць захаваць месцы. А яшчэ выйшлі на працу, бо Ворша — бедны рэгіён. Сярэдні заробак менш за сто тысяч рублёў. Таму і прадпрымальнікі бедныя. Шмат хто зь іх насамрэч ня здольны на доўгатэрміновы страйк. З другога боку, на маю думку, прадпрымальнікі яшчэ не да канца ўсьвядомілі, што ўяўляюць новыя ўмовы. Калі зараз пачнуць уводзіць касавыя апараты, яны зразумеюць, што гэта для іх нявыгадна. Тады яны абавязкова дружна спыняцца”.

Паводле зьвестак Беларускага страйкавага камітэту і Аб’яднанай рады, працягваюць страйкаваць прадпрымальнікі Гарадзеншчыны, шэрагу раённых цэнтраў Берасьцейскай і Менскай абласьцей. У прыватнасьці, вось што паведаміў лідэр дробных бізнэсоўцаў Дзяржынску Валеры Сіманаў:

(Сіманаў: ) “У нас, у Дзяржынску, усе па-ранейшаму страйкуюць. Я ведаю, што акцыя пратэсту працягваецца і ва Ўзьдзе. У нас пасьля няўплаты падаткаў ужо пачаліся затрымкі пэнсіяў. Таму можна казаць, што ў акцыі пратэсту ёсьць эканамічныя наступствы. Ужо пачынаюць выяўляцца вынікі”.
XS
SM
MD
LG