Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ГАТОВЫЯ БЕЛАРУСЫ ПЛАЦІЦЬ РЭАЛЬНЫ КОШТ ЗА ЦЯПЛО Ў КВАТЭРАХ?


Ганна Соўсь, Менск

У Беларусі ўсталявалася халоднае дажджлівае надвор’е, але ацяпленьне ў кватэрах не ўключаюць. Цяпло пададзенае толькі ў некаторыя шпіталі, дзіцячыя садкі й школы. Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Менгарвыканкаму, рашэньне пра ацяпленьне жыльля будзе прынятае ў найбліжэйшыя дні.

Сёлета кошты на ацяпленьне істотна падвысіліся — прыкладам, за трохпакаёвую кватэру трэба плаціць каля 56 тысяч рублёў. Пры гэтым беларусы кампэнсуюць толькі палову выдаткаў. Гэтым і тлумачыцца марудлівасьць уладаў, якія імкнуцца зэканоміць на ацяпленьні.

Тым часам у краінах, дзе жыхары цалкам аплачваюць камунальныя паслугі, немагчыма ўявіць сабе сытуацыю, калі б людзі мерзьлі ў кватэрах. Ці гатовыя беларусы цалкам аплачваць камунальныя паслугі, каб не пакутаваць ад холаду ў чаканьні ацяпляльнага сэзону? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах.

(Пэнсіянэрка: ) “Маёй пэнсіі ня хопіць на поўны кошт. Мне давядзецца міжволі замярзаць, таму што няма чым плаціць”.

(Дзяўчына: ) “У тых краінах, дзе плацяць поўны кошт, у іх на гэта практычна ўвесь заробак ідзе, як прыкладам, у маёй знаёмай з Латвіі. Зь іншага боку, у кватэрах вельмі халодна. Не, я пагадзілася б плаціць поўны кошт, каб было цёпла”.

(Мужчына: ) “А што поўны кошт? Украіна, Прыбалтыка, Расея... Зараз у Беларусі становішча з аплатай за кватэру, за ацяпленьне значна ніжэйшае”

(Другі мужчына: ) “Калі б заробкі дазвалялі, можна было б плаціць цалкам”.

(Маладая жанчына: ) “Гэта было б больш слушна, зрабіць як ва ўсіх цывілізаваных краінах. Бо вельмі цяжка. У нас першы паверх, мая маці — пэнсіянэрка, у яе мерзнуць ногі, баліць сьпіна. Пажылыя людзі вельмі пакутуюць ад гэтай сытуацыі”.

(Мужчына: ) “Я гатовы плаціць, калі гэта сябе апраўдае. Можна было б зрабіць наступным чынам — у мяне стаіць у кватэры адмысловы датчык. Калі халодна, я яго ўключаю, стала цёпла, я ізноў ацяпленьне адключаю. Але ж такога ў нас няма. Калі пачнуць тапіць, дык да траўня. Калі б магчыма было адключаць цяпло на сваю ініцыятыву, тады можна было б плаціць”.

Гэтак лічаць шэраговыя беларусы. А вось што мяркуе на гэты конт незалежны экспэрт палітоляг Вячаслаў Оргіш. Дарэчы, ён прызнаўся, што сам цяпер ня здольны аплачваць камунальныя паслугі па рэальных коштах.

(Оргіш: ) “90 адсоткаў беларусаў ня здольныя плаціць за ацяпленьне ў поўным памеры. Справа ў тым, што даходы большасьці насельніцтва не перавышаюць 50-70 даляраў на месяц. Калі кіравацца намерамі сёньняшніх уладаў адносна падвышэньня платы за ацяпленьне, то тады беларусам давядзецца плаціць дзесьці тыя самыя 50 даляраў. Інакш кажучы, усе грошы павінныя будуць адрасавацца на пагашэньне запазычанасьці за ацяпленьне. Канечне, гэта непрымальна. Тут трэба ўсё ж вырашаць праблему, зьвязаную з заработнай платай насельніцтва. Яна мусіць быць значна больш высокая. Самая мінімальная — 200-250 даляраў”.

Тым часам, як паведамілі Радыё Свабода ў менскім гарадзкім цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі, зь сярэдзіны верасьня, якраз з пачаткам пахаладаньня, распачаўся рост захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі. Прыкладам, за апошні тыдзень было зарэгістравана каля 19 тысяч выпадкаў захворваньняў, і каля паловы захварэлых — дзеці.
XS
SM
MD
LG