Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КІШЫНЁВЕ ПАЧАЎСЯ САМІТ КІРАЎНІКОЎ КРАІНАЎ СНД


Віталь Цыганкоў, Кішынёў

Захады бясьпекі на кішынёўскім саміце ўжо здаюцца занадта перабольшанымі і часам выклікаюць нават іронію. Аэрапорт, куды прылятаюць прэзыдэнты, зачынены для ўсіх іншых рэйсаў. Цэнтральны праспэкт Кішынёву проста перакрыты на ўвесь дзень, па ім ня езьдзіць нават таксі і грамадзкі транспарт. Уздоўж праспэкту, які праходзіць праз увесь горад, праз кожныя 10 мэтраў стаяць паліцыянты ў параднай форме. Журналістам, якія жадаюць патрапіць на выніковую прэсавую канфэрэнцыю кіраўнікоў СНД, што заплянаваная ў 11.30 у панядзелак, загадалі прыйсьці ў прэсавы цэнтар а 7 гадзіне раніцы. Сказана, што робіцца гэта зь меркаваньняў бясьпекі.

У нядзелю ж адбыўся шэраг двухбаковых сустрэчаў, сярод іх – сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, першая пасьля 14 жніўня, калі Ўладзімер Пуцін агучыў свае знакамітыя прапановы пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. Цікава, што кожнага з прэзыдэнтаў ля трапу самалёта сустракае адзін зь міністраў малдаўскага ўраду, і толькі Ўладзімера Пуціна будзе асабіста вітаць прэзыдэнт Малдовы, камуніст Уладзімер Варонін. Аляксандру Лукашэнку дастаўся міністр энэргэтыкі.

У папярэднім парадку дня саміту цяжка знайсьці якія-небудзь падставы для гучных сэнсацыяў. Большасьць падрыхтаваных праектаў рашэньняў тычыцца эфэктыўнасьці органаў СНД, прававога статусу службовых асобаў Садружнасьці, умоваў грашовага ўтрыманьня супрацоўнікаў органаў СНД і гэтак далей. Намесьнік кіраўніка выканаўчага камітэту СНД Дзьмітры Булахаў у інтэрвію для нашага Радыё тут у Кішынёве выказаў меркаваньне, што асаблівых сюрпызаў чакаць ня варта, аднак цікавай тэмай можа стаць дыскусія наконт міжнароднай антытэрарыстычнай кампаніі.

(Карэспандэнт: ) “Заўсёды ёсьць зацьверджаны парадак дня. Але часам бывае, што некаторыя краіны за дзень-два да саміту вылучаюць уласныя прапановы разгледзець тое ці іншае пытаньне. Ёсьць зараз такія сюрпрызы?”

(Булахаў: ) “У нас такіх сюрпрызаў няма, усё ідзе плянавым парадкам. Адзінае, я ведаю, што на зачыненым паседжаньні прэзыдэнты абмяркуюць пашыранае кола пытаньняў, зьвязаных з праблемамі ўсясьветнага, глябальнага маштабу. Непазьбежна, што будуць разглядацца праблемы, якія патрабуюць узгадненьня пазыцыяў на зьнешнепалітычнай арэне. Гэтыя праблемы будуць разгледжаныя”.

(Карэспандэнт: ) “Маеце на ўвазе Ірак?”

(Булахаў: ) “У тым ліку”.

Пакуль, аднак, менавіта двухбаковыя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў назіральнікі лічаць галоўнай інтрыгай саміту. Увага прэсы найбольш засяроджаная на сустрэчах Уладзімера Пуціна з Эдурдам Шэварднадзэ і Аляксандрам Лукашэнкам. Другая інтрыга саміта – 50-годзьдзе расейскага прэзыдэнта, якое прыпадае акурат на панядзелак, 7 кастрычніка. Цяжка ня ўбачыць невыпадковасьць гэтага супадзеньня, бо звычайна саміты СНД праходзілі ў пятніцу. Што падаруюць прэзыдэнты кіраўніку Расеі? Які падарунак падрыхтаваў для Пуціна Аляксандар Лукашэнка? Пра гэта ў нашым наступным рэпартажы з Кішынёву.
XS
SM
MD
LG