Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДВА БАРЫСАЎЦЫ ПРАТЭСТАВАЛІ Ў МЕНСКУ СУПРАЦЬ НОВАГА ЗАКОНУ АБ РЭЛІГІІ


Любоў Лунёва, Менск

Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі разам са сваімі паплечнікамі прыехалі ў Менск, каб выказаць сваё стаўленьне да закону аб веравызнаньні. На плошчы Незалежнасьці яны апранулі даўгія камізэлькі з надпісамі “Новы закон аб рэлігіі — гэта вяртаньне да сярэднявечнага цемрашальства. Што далей? ГУЛАГ?”, “Наша ўлада захацела Бога прыватызаваць, каб ня толькі нашым целам, але й духам кіраваць”, “Ганьба нацыянальнаму сходу і гаранту правоў чалавека за закон аб рэлігіях”.

Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі прайшлі па праспэкце Францішка Скарыны да будынка адміністрацыі Лукашэнкі і Савету Рэспублікі. Сяргей Пезкін патлумачыў Радыё Свабода мэту гэтай акцыі:

(Пезкін:) “Нас не задавальняе новая рэдакцыя гэтага закону. Таму мы сёньня вырашылі зрабіць марш ад палаты прадстаўнікоў да будынкаў Савету Рэспублікі і адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта тыя інстанцыі, якія далучыліся да прыняцьця гэтага закону. Я сам католік. Каталіцкую канфэсію гэты закон таксама закранае. Але я й грамадзянін Беларусі, і мне не падабаецца, калі наша дзяржава пачынае ціснуць на людзей.

У нас былі незалежныя прафсаюзы, цяпер яны зрабіліся дзяржаўнымі. Ідзе ціск на незалежную прэсу. Душаць прадпрымальнікаў... Цяпер дабраліся да самага сьвятога. Дзяржава пачынае рэгуляваць, у якога бога трэба верыць чалавеку”.

Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін нядаўна адседзелі 10 сутак арышту за пікет ля расейскай амбасады, яны пратэставалі супраць анэксіі Беларусі. Гэтым разам яны вырашылі прайсьці ўдваіх з надпісамі на вопратцы, каб у міліцыянтаў не было падставаў інкрымінаваць ім несанкцыянаванае шэсьце. Для складаньня пратаколу патрэбна, каб у акцыі ўдзельнічала больш за тры чалавекі са сьцягамі й плякатамі. Гаворыць Ігар Закрэўскі:

(Закрэўскі: ) “Трэба ж пратэставаць. Вось і шукаем іншых сродкаў, каб ня даць падставаў для затрыманьня. Нас і сёньня могуць затрымаць міліцыянты, а потым даць нам некалькі сутак арышту. Але мы не парушаем закон. Мы выказваем свой пратэст супраць закону, які парушае правы чалавека ў нашай краіне”.

Міліцыянты з патрульна-паставой службы назіралі за шэсьцем і разгублена раіліся па рацыі з начальствам, што рабіць. Пакуль яны прымалі рашэньне, Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін дайшлі да плошчы Якуба Коласа і сышлі ў мэтро.
XS
SM
MD
LG