Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ СМАЖАНЫЯ ПРАДУКТЫ ШКОДНЫЯ; НОВЫЯ ДАСЯГНЕНЬНІ Ў БАРАЦЬБЕ СА СНІДАМ ДЫ ІНШАЕ


Кастусь Бандарук, Прага

У красавіку сёлета ў навуковых выданьнях зьявілася інфармацыя, што ў шматлікіх папулярных прадуктах штодзённага харчаваньня: фрытках, чыпсах, хлебабулачных вырабах, знаходзіцца канцэрагенная субстанцыя – акрыламід. Адзін пакет чыпсаў можа зьмяшчаць у сабе нават у 500 разоў болей гэтай шкоднай субстанцыі, чымся гэта дапускаюць нормы Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя. Аб гэтым паведамілі швэдзкія навукоўцы. На іхную думку, значныя колькасьці акрыламіду знаходзяцца таксама ў смажаных або печаных ў высокай тэмпэратуры прадуктах, багатых вуглеводамі, напрыклад ў рысе і мучных вырабах. Да аналягічных высноваў прыйшлі таксама навукоўцы зь Вялікабрытаніі, Нарвэгіі і Швайцарыі.

Акрыламід – субстанцыя, якая фармуецца ў белыя, бязпахавыя крышталікі, што нагадваюць сьняжынкі. У прамысловасьці гэтая субстанцыя ўжываецца пры вытворчасьці фарбавальнікаў, штучных субстанцыяў, сынтэтычных тканінаў, паперы, а таксама пры ачыстцы вады і мэталічных рудаў. Акрыламід ужываецца таксама ў якасьці дадатку да спэцыяльных відаў бэтону пры пабудове дамбаў і тунэляў. Калі акрыламід трапіць у натуральнае асяродзьдзе, цягам некалькіх дзён яго зьнішчаюць гнільныя бактэрыі. Горш, калі гэтая субстанцыя трапіць у рэкі, бо тады яна адкладаецца ў арганізмах рыбаў.

Аднак навукоўцы ня ведалі, якім чынам акрыламід у шкоднай колькасьці бярэцца ў арганізьме чалавека. І вось дзьве групы швайцарскіх і брытанскіх навукоўцаў знайшлі прычыну яго зьяўленьня. Навукоўцы на чале з Рычардам Стадлерам з дасьледчага цэнтру кампаніі “Nestle” ў Лазане, а таксама Дональдам Мотрамам з брытанскага Ўнівэрсытэту Рыдынг апублікавалі вынікі сваіх працаў ў найноўшым нумары навуковага часопісу “Nature”.

Згодна з найноўшым адкрыцьцём, акрыламід узьнікае ў спэцыфічных умовах у выніку гэтак званай “рэакцыі Майларда”. Майлард, французкі біяхімік, апісаў рэакцыю паміж цукрамі і пратэінамі, у выніку чаго печаныя або смажаныя прадукты набываюць характэрны пах, смак і румяна-карычневы выгляд. На думку навукоўцаў, небясьпечная колькасьць акрыламіду зьяўляецца толькі пад узьдзеяньнем тэмпэратуры, вышэйшай за 100 градусаў Цэльсыя, і калі ў прадукце ёсьць адна з 20 вядомых амінакіслотаў – аспарагін. Пры наяўнасьці іншых амінакіслотаў рэакцыі Майларда амаль не бывае. Аднак пазьбегнуць аспарагіну цяжка таму, што яго шмат у найбольш тыповых складніках штодзённай дыеты. У бульбе аспарагін складае 40% усіх амінакіслотаў, у пшанічнай муцэ – 14%, а ў рысе 18%.

Паводле амэрыканскіх спэцыялістаў з Агенцтва харчаваньня і лекаў (FDA), акрыламід пашкоджвае ДНК і клетачныя пратэіны. У выніку мутацыі паступова разьвіваецца ракавая пухліна. Амэрыканскае Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя (EPA) перасьцерагае, што акрамя раку, нават невялікая колькасьць акрыламіду можа прывесьці да пашкоджаньня нэрвовай сыстэмы, агульнага аслабленьня арганізму і страты каардынацыі рухаў у людзей. Працяглае падтручваньне арганізму акрыламідам выклікае таксама параліч. Адзін з вытворцаў акрыламіду перасьцерагае, што гэтая субстанцыя пашкоджвае таксама сыстэму размнажэньня, выклікае раздражненьне скуры і сьлізістых абалонак. Спэцыялісты раяць, каб тыя, што маюць кантакт з акрыламідам у лябараторыі, ужывалі засьцерагальныя акуляры і рукавіцы, а калі акрыламід трапіць ў стрававод, трэба неадкладана выклікаць ваніты.

Якія практычныя вынікі адкрыцьця? Урад Канады ўжо загадаў вытворцам харчаваньня распрацаваць спосабы зьніжэньня ўзроўню акрыламіду ў прадуктах. Амэрыканскае Агенцтва харчаваньня і лекаў (FDA) даручыла правесьці дадатковыя дасьледаваньні гэтай субстанцыі. Навукоўцы маюць высьвятліць, якія прадукты і ў якім выглядзе выклікаюць рак, пашкоджаньне нэрвовай сыстэмы і бясплоднасьць. Прадстаўнік FDA Лестэр Кроўфард паведаміў, што да 2004 году амэрыканскія навукоўцы разам з Усясьветнай Арганізацыяй Здароўя плянуюць апублікаваць канкрэтныя рэкамэндацыі, якім чынам зьнізіць узровень акрыламіду ў харчах. Спэцыялісты зьбіраюцца грунтоўна абсьледаваць каля 600 найбольш папулярных прадуктаў, такіх як зерневыя, мясныя і хлебабулачныя вырабы.

Пакуль навукоўцы рэкамэндуюць проста абмежаваць спажываньне найбольш багатых акрыламідам печаных і смажаных прадуктаў, у прыватнасьці, бульбы-фры і чыпсаў. “Мы хочам пераканаць людзей прытрымлівацца збалянсаванай дыеты зь вялікай колькасьцю садавіны і гародніны”, – заявіў Рычард Кенэды з FDA. Іншы амэрыканскі спэцыяліст Майкл Якабсэн дадаў, што людзі павінны менш есьці бульбы-фры і чыпсаў ня толькі з прычыны канцэрагеннага аспарагіну. Гэтых прадуктаў трэба пазьбягаць таксама з прычыны таго, што ў іх, як правіла, шмат солі, тлушчу і калёрыяў.

А цяпер пра новыя дасягненьні ў галіне барацьбы са СНІДам. Як паведаміў часопіс “Science”, а таксама кампанія Бі-Бі-Сі, амэрыканскія вучоныя абвясьцілі пра адкрыцьцё, якое чарговы раз абнадзеіла людзей, інфікаваных ВІЧ. Яны выявілі групу бялкоў, якія могуць паўстрымліваць разьвіцьцё віруса да той стадыі, калі ўзьнікае СНІД. Зараз у сьвеце з гэтай бомбай запаволенага дзеяньня ў арганізьме жывуць 40 мільёнаў чалавек. Іх колькасьць хутка павялічваецца таксама і ў Беларусі ды іншых краінах былога Савецкага Саюзу.

Група вучоных на чале з доктарам Дэйвідам Го з Цэнтру Дасьледаваньня СНІДу ў Нью-Ёрку зьвярнулі ўвагу на факт, што некаторыя людзі, інфікаваныя ВІЧ даўно таму, усё ж застаюцца цалкам здаровымі, а СНІД у іх так і не разьвіўся. Гэтыя людзі вядомыя сярод спэцыялістаў як асаблівая і невялікая катэгорыя людзей, якія валодаць натуральнай імуннай сыстэмай, што не дазваляе вірусу разьвівацца да стадыі СНІДу. Дзякуючы адкрыцьцю д-ра Джэя Леві, ужо з 1986 году вядома, што існуе ў арганізьме нейкі таямнічы абарончы чыньнік, які нэўтралізуе вірус, не пашкоджваючы пры гэтым здаровыя клеткі. Вучоныя назвалі гэты чыньнік CAF, аднак яго сутнасьць дагэтуль заставалася невядомай.

Зараз амэрыканскія дасьледчыкі, у прыватнасьці, д-р Робэрт Галло, прыйшлі да высновы, што ўсе людзі валодаюць спэцыфічнай групай бялкоў, называных “альфа-дэфэнсівамі”. Гэтыя пратэіны могуць утаймоўваць ВІЧ, дзякуючы чаму заінфікаваныя ім людзі застаюцца здаровымі. Вучоныя спадзяюцца, што ўжо у недалёкай будучыні яны скарыстаюць наяўнасьць абарончых бялкоў у арганізьме для распрацоўкі новых мэтадаў лячэньня, магчыма нават стварэньня вакцыны супраць СНІДу.

А зараз некалькі найноўшых парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Каб зьменшыць рызыку сардэчных захворваньняў, пажадана выпіваць штодня некалькі кубкаў гарбаты. Багатая на антыаксыданты гарбата дапамагае клеткам аднавіцца пасьля працяглага знаходжаньня на сонцы, пасьля стрэсу і працы ў кантакце з хімічнымі рэчывамі. Пяць невялікіх кубкаў гарбаты ў дзень зьніжаюць узровень гэтак званага “дрэннага” халестарыну ў крыві на 10%. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, нават паўтара кубка гарбаты ўдзень у сярэднім на 40% зьмяншаюць рызыку інфаркту. Калі ўключыце ў вашую дыету належную колькасьць антыаксыдантаў, ваш рэальны біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў маладзейшы.

- Каб пазьбегнуць прастуды ў восеньскія халады, не адмаўляйцеся ад праграмы штодзённых фізычных практыкаваньняў. Паводле навуковых дасьледаваньняў, умераная фізычная актыўнасьць можа на 20% зьменшыць рызыку рэспіраторных захворваньняў. Рух асабліва пажаданы ў халодныя восеньскія месяцы. Real Age нагадвае, што фізычная актыўнасьць ня толькі разьвівае цягліцы, дае сілу і гнуткасьць целу, але і амалоджвае рэальны біялягічны ўзрост на 8 гадоў.

- Real Age чарговы раз нагадвае аб карысьці ад кампанейскага, калектыўнага ладу жыцьця. Калі вы больш часу будзеце праводзіць ў кампаніі іншых прыязных вам людзей, вы будзеце значна лепш спаць. Дасьледаваньні паказваюць, што самотныя людзі маюць больш праблемаў са сном ў параўнаньні з тымі, хто шмат часу праводзіць зь сябрамі і сям’ёй. У кампанейскіх людзей сон значна спакайнейшы і больш глыбокі, чым у людзей, якія праводзяць час на самоце. Адкрыты, кампанейскі лад жыцьця можа амаладзіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 3,5 гады.
XS
SM
MD
LG