Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛАЦКІЯ СТРАЙКОЎЦЫ СУСТРЭЛІСЯ З ПРАДСТАЎНІКОМ ГАРВЫКАНКАМУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Нагадаем, што тутэйшыя прадпрымальнікі ад 1 кастрычніка абвесьцілі страйк і пазаўчора перадалі гарадзкім уладам пэтыцыю са сваімі патрабаваньнямі. Сёньня яны сабраліся на сход і, абмеркаваўшы сытуацыю, вырашылі пайсьці ў гарвыканкам, каб атрымаць на іх адказ.

Прадпрымальнікі сталі насупраць гарвыканкаму і сталі чакаць, калі да іх выйдзе хто з адказных работнікаў. Замест таго на пляцы зьявіўся намесьнік начальніка гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў па сувязях з грамадзкасьцю падпалкоўнік Іваноў, які прапанаваў людзям неадкладна разысьціся.

У адказ прадпрымальнікі заявілі, што яны ня ладзяць дэманстрацыяў альбо пікетаў, грамадзкага парадку не парушаюць, а проста прыйшлі да гарвыканкаму, каб даведацца пра лёс надоечы пададзенай пэтыцыі. Падпалкоўнік Іваноў некалькі разоў — у катэгарычнай форме — заклікаў грамаду пакінуць пляц, але ўрэшце прапанаваў старшыні прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валеру Шаўчэнку прайсьці зь ім у памяшканьне гарвыканкаму дзеля перамоваў.

Неўзабаве прадстаўнікоў страйкоўцаў прыняў намесьнік старшыні Полацкага гарвыканкаму Сяргей Куксаў. Пры гэтым высьветлілася, што пададзеныя патрабаваньні ў гарвыканкаме ніхто не вывучаў і ніякіх рашэньняў па ім не прымалася. Спадар Куксаў паабяцаў пасадзейнічаць вырашэньню прадпрымальніцкіх праблемаў, і на гэтым перамовы былі завершаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG