Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З FM-СТАНЦЫІ ЗВАЛЬНЯЮЦЬ ЖУРНАЛІСТКУ, ЯКАЯ НЕ ДАГАДЗІЛА ЛУКАШЭНКАВАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ


Іван Бялоўскі, Менск

Падставай для звальненьня стала ўласная інфармацыя радыёстанцыі наконт аб’яднаўчага зьезду двух моладзевых саюзаў Беларусі. Карэспандэнта “Юністара”, як і ўсіх астатніх недзяржаўных СМІ, не пусьцілі ў канцэртную залю “Менск”, дзе праходзіў зьезд. Атрыманая раней акрэдытацыя была без папярэджаньня скасаваная за дзень да зьезду — на той падставе, што там чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, радыёстанцыя, якая мусіць прапагандаваць моладзевую палітыку, засталася без інфармацыі.

Радыё “Юністар” — сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства. Заснавальнікам зь беларускага боку выступае Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, і ўся ідэалёгія станцыі найперш скіраваная на студэнтаў і вучняў. Прытым, дзяржаве належыць кантрольны пакет акцыяў радыё, і таму тэрмін “недзяржаўнае” наўрад ці можна аднесьці да “Юністара”. Гэта і агучыла ў выпуску навінаў Яна Каменская.

(Каменская: ) “Паколькі наш карэспандэнт апынуўся ў чорным сьпісе не дапушчаных журналістаў, трэба думаць, што ў адміністрацыі прэзыдэнта альбо ня ведалі, што мы якраз зьяўляемся дзяржаўным радыё на 51%, альбо там ужо склалася пэўнае нэгатыўнае меркаваньне наконт нашай iнфармацыйнай палiтыкi. Бо раней мы ўжо давалi куды больш вострыя палiтычныя навiны i, хутчэй за ўсё, гэта i сталася апошняй кропляй у келiху ўладнага трываньня. Бо цяпер на радыё ўведзеная жорсткая цэнзура”.

Ужо праз 10 хвiлiн пасьля эфiру iнфармацыя пра скандал на зьезьде Беларускага рэспублiканскага саюзу моладзi зьявiлася на сайце “Хартыi-97”, прычым са спасылкай на “Юнiстар”. А праз чатыры дні пасьля зьезду міністар інфармацыі Беларусі Падгайны запрасіў да сябе галоўных рэдактараў усіх недзяржаўных радыёстанцыяў, каб паразмаўляць пра вяшчаньне кожнай зь іх. Там і было заяўлена, што інфармацыя, акая гучала на “Юністары”, не адпавядае рэчаіснасьці.

(Каменская: ) “Я нават скажу больш. Як было мне потым заяўлена, яна ўвогуле iлжывая. Але я ня першы дзень працую. Па-першае, iнфармацыя была зь першых вуснаў, i па-другое, калi ў СМI зьяўляецца iнфармацыя, якая сапраўды не адпавядае рэчаiснасьцi, любы журналiст ведае, што зацiкаўлены бок умомант рэагуе патрабаваньнем яе абвергнуць. Але нi ад аргкамiтэту зьезду, нi ад адмінiстрацыi прэзыдэнта такiх патрабаваньняў не было. I натуральна, што нiякага абвяржэньня не гучала i на нашым радыё”.

Гісторыя зацягнулася амаль на месяц з тае прычыны, што з 11 верасьня журналістка была ў адпачынку.

(Каменская: ) “А як выйшла зараз, на гэтым тыднi, даведалася, што мяне няма ў працоўным графiку, то бок я цалкам пазбаўленая магчымасьцi працаваць. I генэральная дырэктарка нашага радыё спадарыня Iсачкіна паведаміла мне, што я безадказная асоба, падставiла пад сур’ёзныя непрыемнасьцi ня толькi радыёстанцыю, але i ўвогуле БДУ. I яна ня бачыць для мяне iншага выйсьця, як напiсаць заяву па ўласным жаданьнi”.

Гэта першы выпадак звальненьня журналіста FM-эфіру па палітычных матывах пасьля закрыцьця Радыё-101,2. Усе FM-радыёстанцыі Беларусі, баючыся за ўласную будычыню, даволі сьціпла асьвятляюць дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў і апазыцыі. Некаторыя ўвогуле пазьбягаюць палітычнай інфармацыі, нават зь дзяржаўных крыніцаў. Бо прапагандуючы палітыку Лукашэнкі, можна застацца без рэклямадаўцаў, а распавядаючы пра апазыцыю — безь ліцэнзіі на вяшчаньне.
XS
SM
MD
LG