Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА РЭГУЛЮЕ АРЭНДУ НЕРУХОМАСЬЦІ


Ігар Карней, Менск

У прэзыдэнцкай адміністрацыі кажуць, што ініцыятыва стала вынікам леташняй сустрэчы Лукашэнкі зь дзелавымі коламі краіны і накіраваная на ўпарадкаваньне арэнднай платы. Адмыслоўцы ў справах нерухомасьці сьцьвярджаюць, што ўказ стварае ўмовы для фінансавых злоўжываньняў.
Указ вельмі расплывіста падзяляе юрыдычных і фізычных асобаў на тых, хто цалкам ці часткова вызваляецца ад аплаты арандаваных памяшканьняў, і тых, хто павінен плаціць па максымуму.

У бальшыні краінаў Эўропы паняцьця “базавай стаўкі арэнднай платы” папросту не існуе: паўсюль кошты дыктуе рынак, альбо іншымі словамі — попыт на аб’екты нерухомасьці. Зрэшты, і краінаў, дзе адміністратыўныя і вытворчыя збудаваньні падпарадкоўваюцца нават не дзяржаве, а адпаведнай службе кіраўніка краіны, таксама засталося няшмат.

У адным толькі Менску кіраўніцтва справаў Лукашэнкі валодае амаль сотняй будынкаў, улучна з базамі адпачынку, будынкамі дзяржаўных канцэрнаў, НДІ і нават творчых саюзаў. Па ўсёй краіне такіх аб’ектаў некалькі соцень. Ад сярэдзіны 1990-х бальшыня былых гаспадароў маёмасьці згубіла права нават на сумеснае ўладаньне і вымушаная плаціць паводле гэтак званых мінімальных ставак за квадратны мэтар плошчы. Ад сёньняшняга дня мінімальныя стаўкі зьмяняюцца базавымі велічынямі ў эўра.

Самымі дарагімі для арандатараў па-ранейшаму застаюцца памяшканьні ў сталіцы — 10 эўра за м2. Стаўка 6 эўра вызначаная для аб’ектаў дзяржаўнай нерухомасьці ва ўсіх абласных цэнтрах і асобна — у Бабруйску. Найтаньней каштуюць памяшканьні ў сельскай мясцовасьці — 2 эўра за м2.

Прэзыдэнт Беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфынаў лічыць гэтыя кошты неадпаведнымі прыбыткам бальшыні суб’ектаў гаспадараньня.

(Трыфанаў:) “Памеры аплаты вельмі высокія. Калі падлічыць, за колькі гадоў акупляецца будынак, то лічбы ўражваюць. Мы адсочваем кватэрны індэкс: на гэтым тыдні ён 390 даляраў за мэтар квадратны. За сярэдняга ўзроўню офіс плацяць 120 даляраў. Але кватэра назаўсёды, а арэнда за месяц. На грошы, сабраныя арэндай, праз тры гады можна новы будынак узьвесьці. Гэта ж нядобра. Узровень капітальнасьці будынку (згодна з усімі нарматывамі) 70 гадоў. А прыстойна збудаванага (як, напрыклад, Дома ураду) — дык усе сто”.

Указ Лукашэнкі адносна вызначэньня арэнднай платы сёньня надрукаваны ў афіцыйных СМІ з камэнтаром ягонай прэсавай службы. Галоўная выснова — стаўкі арэнднай платы будуць зьменшаныя. Адмыслоўцы, якія рэальна працуюць зь нерухомасьцю, мяркуюць, што спадзявацца на гэта не даводзіцца.
XS
SM
MD
LG