Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЛА ПРАЦУ ЭКСПАЗЫЦЫЯ ДА ЮБІЛЕЮ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА


Ігар Карней, Менск

Практычна ўвесь творчы бамонд Беларусі браў удзел у адкрыцьці выставы, прысьвечанай юбілею Алеся Адамовіча. Сябры і аднадумцы, калегі па цэху і творчых майстэрнях ўзгадвалі моманты, якія колісь зблізілі іх з адным з самых адданых сыноў Беларусі — Алесем Адамовічам. Як майстра сапраўды ўнівэрсальны, Алесь Адамовіч і пасьля сваёй сьмерці здолеў сабраць вакол сябе людзей рознаплянавых, але шчыра яму адданых.

Пісьменьнік Валянцін Тарас у адказ на маё пытаньне, ці даўно распачалося ягонае сяброўства з Адамовічам, проста падвёў мяне да аднаго са здымкаў экспазыцыі і адказаў:

(Тарас: ) “Бачыце: сябры зь юнацтва — Валянцін Тарас, Алесь Адамовіч, Навум Кісьлік, 1960 год. Сёньняшняя выстава мае вельмі вялікае значэньне для цяперашніх варункаў нашага жыцьця. Мы яшчэ раз убачылі, якая багатая Беларусь на розумы, на сумленьне, на вялікае сэрца. Алесь сёньня ўвасабляе перадусім гэтае вялікае сэрца і вялікую, шырокую душу нашага народу. Ведаючы яго цягам сарака гадоў, узгадваючы нашыя размовы бясконцыя, я перакананы: калі б ён зараз быў сярод нас, ён быў бы адной зь вядучых фігураў беларускага адраджэнства, адной з галоўных палітычных фігураў — вядома, зь якога боку і пад якім сьцягам”.

Пра ролю Алеся Адамовіча ў цяперашніх варунках гаварылі ўсе. Анатоль Вярцінскі назваў Адамовіча “галоўным сувязным паміж часам і пакаленьнямі”. Адзін з суаўтараў дакумэнтальнага твору “Я з вогненнай вёскі” Янка Брыль нагадаў, што Адамовіч быў сярод ініцыятараў заснаваньня беларускага ПЭН-Цэнтру.

Адзін з фундатараў у справе выдавецтва шэрагу кнігаў Адамовіча, прэзыдэнт фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы прыгадаў у гэтым кантэксьце, што Адамовіч быў адным зь першых, хто сказаў праўду аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы — і зьяўленьне фонду сталася цалкам ягонай заслугай.

Станіслаў Шушкевіч зрабіў экскурс у недалёкае мінулае і распавёў пра маскоўскі пэрыяд жыцьця Адамовіча.

Натуральна, шмат гаварылі пра палітычны рубікон беларускага грамадзтва — Курапаты. Сёньня ж Генадзь Грушавы выступіў з ініцыятывай распачаць збор дакумэнтальных матэрыялаў, якія празь некаторы час могуць скласьці падмурак музэя вялікага майстра.

(Грушавы: ) “Трэба як мага хутчэй зьбіраць усё, што тычыцца жыцьця, творчай дзейнасьці, лёсу Алеся Міхайлавіча, таму што ён неадрыўна зьвязаны зь Беларусьсю. Музэй (сталы, сур’ёзны) зьявіцца. Але потым будзе цяжка знайсьці шмат з таго, што маюць людзі, якія сёньня прыйшлі на гэтую выставу. Гэта ўнікальныя рэчы. Я гаварыў зь некаторымі творцамі, і яны ўсе выказваліся: а ў мяне ёсьць рэдкі плякат, а ў мяне ёсьць рэдкі фотаздымак. І гэтыя людзі ўжо гатовыя ўключыцца ў працэс. Чаго чакаць?”

Юбілейная выстава Адамовіча не зусім звычайная. Арганізатары адышлі ад звыклай схемы біяграфічнай пасьлядоўнасьці і падзялілі яе на асноўныя этапы жыцьцядзейнасьці. Іх атрымалася пяць: “Я з вогненнай вёскі”, “Шлях да майстэрства”, “Ідзі і глядзі”, “Страчаная бесьсьмяротнасьць” і, нарэшце, апошняе, што і сталася лейтматывам агульнай выставы — “А для вечнасьці — Беларусь”. Увесь цяжар арганізацыі выставы ўзяла на сябе дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч. Запытваю, ці ня страшылася яна гэткай адказнай справы?

(Адамовіч: ) “Так, страх быў. Я хоць і музэйшчыца сама, але фондавы супрацоўнік, выставы ня так умею рабіць. Тым больш абавязвае, калі імпрэза прысьвечаная майму бацьку. Мы вырашылі ісьці не ў храналягічнай пасьлядоўнасьці (год за годам), а блёкамі. І гэта, я лічу, правільна: асобна вайна і блякаднае мінулае, Чарнобыль, Адраджэньне”.

Натальля Адамовіч дадае, што выстава будзе працаваць у літаратурным музэі вельмі працяглы пэрыяд (прыблізна паўгода), і яна спадзяецца, што мноія наведнікі экспазыцыі нанова адкрыюць для сябе празаіка і крытыка, літаратуразнаўцу і публіцыста, сцэнарыста і грамадзкага дзеяча, імя якога Алесь Адамовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG