Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ ЗАРУЧЫЎСЯ ПАДТРЫМКАЙ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ КАНГРЭСУ ЗША НАКОНТ ДАЛЕЙШЫХ КРОКАЎ У СПРАВЕ ІРАКУ


Кастусь Бандарук, Прага

Багдад настойвае на тым, каб міжнародныя інспэктары вярнуліся ў Ірак цягам наступных двух тыдняў і прыступілі да працы на падставе дамовы паміж Іракам і ААН 1998 году. Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія настойваюць на тым, каб Рада бясьпекі ААН прыняла новую, больш жорсткую рэзалюцыю ў справе Іраку. Інспэктары павінны мець магчымасьць кантраляваць усе аб’екты, у тым ліку 8 прэзыдэнцкіх палацаў. Невыкананьне гэтай рэзалюцыі будзе аўтаматычна азначаць дазвол на выкарыстаньне сілы супраць Багдаду.

Затое Францыя, Расея і Кітай лічаць, што місія ААН павінна вярнуцца ў Ірак, і толькі калі яна ня зможа бесьперашкодна працаваць, можна будзе зрабіць больш жорсткія захады. Зараз Рада бясьпекі стаіць перад дылемай: накіраваньне міжнародных інспэктараў у Ірак паводле старой дамовы з Багдадам заблякуюць Злучаныя Штаты, а калі прыняць новую рэзалюцыю, то яе ня прыме Ірак. Гэта, у сваю чаргу, разьвяжа Вашынгтону рукі і азначае вайну. У кожным разе, справаздача Ганса Блікса актыўна абмяркоўваецца, але на вынікі кансультацыяў прыйдзецца пачакаць.

Выглядае, што сытуацыя разьвіваецца хутчэй у накірунку ваеннай разьвязкі канфлікту. Учора ўвечары прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заручыўся важнай падтрымкай з боку палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША наконт далейшых крокаў у справе Іраку. Значнасьць гэтай падзеі ў тым, што Джордж Буш, які як рэспубліканец карыстаецца зразумелай падтрымкай у сваёй партыі, амаль схіліў дэмакратаў да прыняцьця свайго варыянту рэзалюцыі, якая дае яму шырокія паўнамоцтвы, улучна з выкарыстаньнем ваеннай сілы супраць Багдаду.

Ужо раней ён заручыўся падтрымкай з боку дэмакратаў і ў Сэнаце. Выступаючы ўчора перад Белым Домам, Буш сказаў: “Заява аб падтрымцы з боку Кангрэсу пакажа сябрам і ворагам рашучасьць Злучаных Штатаў. Рэжым у Багдадзе будзе ведаць, што поўнае выкананьне рэзалюцыяў Рады Бясьпекі зьяўляецца адзіным выйсьцем, і што час, каб зрабіць такі выбар, абмежаваны”.

Насуперак сваёй ваеннай рыторыцы Буш адзначыў, што ЗША ня хочуць вайны. Яны зацікаўленыя ў тым, каб абязброіць Садама Хусэйна, тырана, адказнага за бойню і пакуты свайго ўласнага народу, нават сваякоў. Паводле Буша, ваенны варыянт разглядаецца ў якасьці крайнасьці, але ён падкрэсьліў, што ў выпадку неабходнасьці ён гатовы і на такі крок: “Рашучасьць і гатоўнасьць Амэрыкі ўжыць сілу, пацьверджаныя Кангрэсам, – гэта найлепшы спосаб прымусіць Ірак выканаць рэзалюцыі і пазьбегнуць канфлікту. Садам мусіць разброіцца. Калі ён ня пойдзе на гэта і будзе супраціўляцца, тады ўжыцьцё сілы будзе непазьбежным”.

Трэба адзначыць, што тэкст рэзалюцыі зьяўляецца вынікам кампрамісу. Перш чым прадпрыняць ваенныя дзеяньні, Буш павінен будзе пераканаць Кангрэс , што былі скарыстаныя ўсе дыпляматычныя ды іншыя мірныя сродкі ўзьдзеяньня на Багдад. Аб атацы на Ірак ён павінен папярэдзіць Кангрэс за 48 гадзінаў. Кожныя два месяцы Буш мусіць здаваць Кангрэсу справу з сытуацыі вакол Іраку, а таксама забясьпечыць, каб магчымы ўзброены канфлікт з Багдадам не адцягнуў увагу ад барацьбы з тэрарызмам.

Зараз, калі праект рэзалюцыі падтрымалі лідэры Кангрэсу з абедзьвюх партыяў, адбудзецца больш грунтоўнае абмеркаваньне і ўзгадненьне тэксту. Затым адбудзецца галасаваньне ў абедзьвюх палатах Кангрэсу. У выпадку прыняцьця рэзалюцыі нават у такім выглядзе Белы Дом будзе мець разьвязаныя рукі і ў меншай ступені залежыць ад пазыцыі ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG