Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЗЫТ ІРАЦКАГА ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕРА Ў БЕЛАРУСЬ ВЫКЛІКАЕ ЗАКЛАПОЧАНАСЬЦЬ У ЗША


Алесь Грыневіч, Прага

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію для ВВС у чарговы раз заявіў, што Беларусь ніколі не пастаўляла Іраку ваеннага абсталяваньня. Былы інспэктар ААН Цімаці Макарці кажа, што гэтае цьверджаньне можа быць праўдай, бо інспэкцыя ў свой час не знайшла ў Іраку беларускай зброі. Але, паводле спадара Макарці, ёсьць шмат доказаў таго, што беларускія кампаніі пастаўлялі ў Ірак абсталяваньне для ваенна-прамысловага комплексу.

(Макарці: ) “Калі я працаваў інспэктарам, падчас нашага знаходжаньня ў Іраку мы знайшлі дакумэнтальныя сьведчаньні кантактаў паміж беларускімі кампаніямі і Іракам. Я бы ня стаў гэта называць кантактамі, зьвязанымі з продажам зброі. Прынамсі, тое, што я бачыў асабіста, былі кантакты, зьвязаныя з ваенна-прамысловым комплексам”.

Былы інспэктар ААН кажа, што пастаўкі беларускага абсталяваньня для ірацкіх ваенных прадпрыемстваў добра задакумэнтаваныя.

(Макарці: ) “Мы вядзем размову пра дакумэнты, якія тычацца кантрактаў на такі тып зьдзелак. Іншымі словамі, гэта ня тое, што нам нехта распавёў; ня тое, што мы знайшлі дзесьці аркуш паперы ці нататнік. Гэта былі больш афіцыйныя дакумэнты”.

Спадар Макарці кажа, што вялікая частка абсталяваньня, якое пастаўляецца зь Беларусі ў Ірак, можа мець падвойнае прызначэньне. Такія пастаўкі фармальна не парушаюць санкцыі ААН. У прыватнасьці, Ірак атрымаў зь Беларусі высокатэхналягічны рыштунак, які можа выкарыстоўвацца дзеля антыкаразійнай апрацоўкі кампанэнтаў ядзернай зброі.

(Макарці: ) “Натуральна, гэтае абсталяваньне мае падвойнае прызначэньне ў вельмі шмат якіх выпадках. Але калі вядзецца пра Ірак, трэба быць вельмі насьцярожаным і разумець сытуацыю ў Іраку. Трэба разумець, як яны выкарыстоўваюць у сваіх збройных праграмах некаторае абсталяваньне – абсталяваньне падвойнага прызначэньня, асабліва якаснае абсталяваньне, якое можна набыць у Беларусі, Злучаных Штатах ці недзе яшчэ”.

Цяперашні шасьцідзённы візыт у Беларусь віцэ-прэм’ера Іраку Абдэль-Таваба Мулы Хувэйша выклікае падазрэньні ў Злучаных Штатах. Гаворыць спадар Макарці.

(Макарці: ) “Я не хачу рабіць здагадкі. Але я папросту скажу, што Хувэіш мае асноўную задачу – ён стаіць на чале ірацкай ваенна-прамысловай карпарацыі, якая сапраўды кіруе ваенна-прамысловым комплексам Іраку. Гэта факт. Таму магчыма, што ён у Беларусі і з палітычнай місіяй. Але я думаю, што тут трэба быць асабліва ўважлівымі”.
XS
SM
MD
LG