Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКОЎСКІЯ БЕЛАРУСЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАЯ АЎТАНОМІЯ НЯ МАЕ ПРАВА ГАВАРЫЦЬ АД ІМЯ ЎСЁЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ РАСЕІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На гэтым зьезьдзе прысутнічалі больш за 400 дэлегатаў, у асноўным беларусаў паводле паходжаньня. Зьездам апекаваўся афіцыйны Менск. Пасланьне дэлегатам накіраваў Аляксандар Лукашэнка, а беларускую дэлегацыю ўзначальваў віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын.

Зьезд прыняў зварот да кіраўніцтва Расеі й Беларусі з заклікам хутчэй аб’яднацца ў гэтак званую адзіную саюзную дзяржаву. Прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў дэмакратычнай скіраванасьці на зьезд не запрасілі. Тым ня менш, некаторыя зь іх там прысутнічалі.

Вось уражаньні сустаршыні Маскоўскага аб’яднаньня беларусістаў Аляксея Каўкі:

(Каўка: ) “Зьезд ішоў у інтэграцыйным напрамку. Але на агульным інтэграцыйным фоне прагучалі ўласна беларускія па форме, мове й зьместу галасы, прычым мясцовых аб’яднаньняў і суполак.

Я хачу сказаць, што трэба адрозьніваць гэтае афіцыйнае рэчышча, якое супярэчыць інтарэсам беларускага народу й дзяржавы. Там у залі быў не народ, а чынавенства, адстаўныя палкоўнікі і генэралы і былыя камуністычныя начальнікі. І разам з тым былі прадстаўнікі беларускага адраджэньня. Іх галасы таксама прагучалі.

Прагучала ініцыятыва з боку прыкладна 20 чалавек са Смаленску, Масквы, Іркуцку, Уфы, Комі, якія ўнесьлі праект заявы ў падтрымку дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі”.

Гэтыя расейскія беларусы ў сваёй заяве адзначалі, што адносіны між Беларусьсю й Расеяй могуць будавацца толькі на роўнай аснове — гэта значыць між дзьвюма незалежнымі дзяржавамі.

Праўда, старшыня паседжаньня зьезду нават не паставіў праект гэтай заявы на галасаваньне.

А вось думка актывісткі маскоўскай Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны Таісы Мішчанкі:

(Мішчанка: ) “Мы з самага пачатку ведалі, што калі там і будуць прымаць рэзалюцыі, гэта будуць рэзалюцыі з патрабаваньнем паскарэньня інтэграцыі. Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расеі” ня мае права рабіць заявы ад імя ўсёй беларускай дыяспары ў Расеі. Таму што большасьць расейскіх беларусаў не трымаецца такіх поглядаў.

Большасьць зь іх — сьвядомых, беларускамоўных, нават такіх, якія трохі забылі родную мову — яны ўсё роўна выступаюць за незалежнасьць Бацькаўшчыны, каб яна сябравала з усімі, але не ўваходзіла ў склад іншай дзяржавы. Я на 100% упэўненая, гэта думка пераважнай большасьці беларусаў Расеі. Я ўвогуле сумняюся, што ёсьць такія, якія б хацелі, каб Беларусь перастала існаваць”.

Прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў Расеі зьбіраюцца выступіць з заявай у абарону незалежнасьці Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG