Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ — СЯРОД КРАІНАЎ, ЯКІЯ НЯ МАЮЦЬ ЗАКОНУ АБ АБАРОНЕ ЖЫВЁЛАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Сакратарка грамадзкай арганізацыі “Каштанка” Разалія Рубінчык трымае ў хаце два сабакі й два каты, але цьвердзіць, што магло б быць і болей. Многія ейныя сяброўкі падбіраюць на вуліцы, лекуюць і кормяць па 6–12 жывёлінаў, бо прытулку, дзе гэтыя істоты чакалі б старога ці новага гаспадара няма. А дзяржаўныя службы бадзяжных катоў з сабакамі толькі зьнішчаюць.

Гаворыць Разалія Рубінчык:

(Рубінчык: ) “Людзі нам тэлефануюць і пішуць, і гэта немагчыма чытаць спакойна, як адлоўліваюць на вачах у дзяцей і нават уладальнікаў. І мы патрабуем спыніць гэтае барбарскае зьнішчэньне. Але быў круглы стол з нагоды Дня абароны жывёлаў, дык нас туды нават не запрасілі. З гэтага я раблю выснову, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ня хочуць гэтую тэму кранаць”.

У сваю чаргу ўлады заяўляюць, што бадзяжныя сабакі й каты ёсьць распаўсюднікамі хваробаў. Таму адмыслова створаная служба “Спэцкамунаўтатранс” штогод адлоўлівае да 10 тысяч жывёлаў. Пра тое, што эканомячы на дарагіх хімічных прэпаратах, іх забіваюць у літаральным сэнсе гэтага слова — чыноўнікі замоўчваюць, але пацьвярджаюць, што з-за адсутнасьці грошай на ўтрыманьне іх зьнішчаюць адразу ж, а не празь пяць дзён, як гэтага патрабуюць нарматыўныя дакумэнты.

Гаворыць намесьнік кіраўніка жыльлёвай гаспадаркі Менгарвыканкаму Аляксандар Севярын:

(Севярын: ) “Колькі заяваў было на гэтую тэму пацьверджаньняў, я ня бачыў. Адна праблема — утрыманьне да пяці сутак. Гэта выканаць немагчыма, бо іх няма дзе ўтрымліваць. Фінансавыя праблемы заўсёды ёсьць, і сёньня ў горадзе няма месца для часовага ўтрыманьня жывёлаў. Гэта сапраўды праблема, а ўсё астатняе глупства”.

Спасылкі чыноўнікаў на адсутнасьць сродкаў не зусім апраўданыя — заяўляе кіраўніца іншай арганізацыі ў абарону жывёлаў “Ратаваньне” Людміла Атрашкевіч. Толькі ўладальнікі афіцыйна зарэгістраваных сабакаў (а іх каля 20 тысяч) штомесяц пералічваюць у дзяржбюджэт ад паловы да аднаго мінімальнага заробку. Менавіта з-за высокіх падаткаў многія й выкідаюць сваіх гадаванцаў на вуліцы. Паводле ейнага меркаваньня, ня вырашыць гэтую праблему й прытулак, які ў Менску ўсё ж пачалі будаваць, бо бадзяжныя жывёлы — гэта вынік бездухоўнасьці грамадзтва.

Гаворыць Людзьміла Атрашкевіч:

(Атрашкевіч: ) “Гэта праблема й людзей, і дзяржавы — і вырашаць яе трэба цывілізавана, як ва ўсіх краінах. Трэба мець закон аб абароне жывёлаў, трэба мець прытулкі для жывёлаў і стэрылізаваць іх”.

Паводле сяброў грамадзкіх арганізацыяў, законам мусяць быць забароненыя і мэдычныя экспэрымэнты над жывёламі, якія праводзяцца толькі ў Беларусі. Але разгляд законапраекту ня ўключаны ў плян работы заканадаўчага органу краіны нават на 2003 год. Просьба да ўладаў замацаваць Міжнародны дзень абароны жывёлаў у рэестры дзяржаўных датаў таксама застаўся без адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG