Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБ’ЯДНАНАЯ РАДА ЗАКЛІКАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ СУПРАЦЬСТАЯЦЬ ПРАВАКАЦЫЯМ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак арганізатараў Усебеларускага страйку, сёньня каля 120 тысяч прадпрымальнікаў працягвалі акцыю пратэсту. Найбольш масавым быў страйк на Гарадзеншчыне. Там, як паведаміў нашаму радыё лідэр Беларускага страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі, страйкавалі гандляры ўсіх раёнаў. Гарадзенскія ўлады сёньня паказалі ім, што не зьбіраюцца ісьці на саступкі:

(Леванеўскі: ) “Сёньня надрукавалі ў “Гарадзенскай праўдзе” рашэньне аблвыканкаму пра ўстаноўку на ўсіх рынках гораду касавых апаратаў. У тым ліку ў гандлёвых палатках. Прычым гэтае рашэньне ўступіла ў сілу з 1 кастрычніка. Я мяркую, што гэта будзе ўведзена ва ўсіх гарадах Беларусі. Я думаю, што з боку ўладаў рыхтуюцца яшчэ падобныя сюрпрызы”.

Актыўны ўдзел ва Ўсебеларускім страйку бяруць і прадпрымальнікі шэрагу іншых рэгіёнаў. Вось што паведаміў нашаму радыё адзін зь лідэраў дробных бізнэсоўцаў Барысава Ігар Крэпскі:

(Крэпскі: ) “У Барысаве зараз страйкуюць усе пяць рынкаў. На трох рынках гандляроў наогул няма. На адным учора зьявілася некалькі палатак. Але прадпрымальнікі, што страйкуюць, купілі тым, хто ігнаруе акцыю, па бохану хлеба, каб з голаду не памерлі. Ёсьць вынік. Учора было 12 палатак, сёньня восем на галоўным рынку гораду”.

У Пінску, як паведаміў намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Сяргей Касьцюковіч, сёньня акцыя таксама працягвалася:

(Касьцюковіч: ) “З трох рынкаў, што ёсьць у Пінску, амаль усе прадпрымальнікі падтрымліваюць страйк і настрой такі — стаяць да канца”.

У Слуцку, як паведаміла лідэрка мяцовых прадпрымальнікаў Сафія Міцяшова, сёньня таксама працягваўся страйк:

(Міцяшова: ) “У Слуцку на трэці дзень страйку, як кажуць, “усё па-людзку”. Мы стаім. Стаіць 1600 прадпрымальнікаў. Але выйшлі людзі, якія гандлююць харчаваньнем, таму што яно псуецца. Людзі ўсе разумеюць, што з намі адбываецца. Усе ведаюць, што калі мы зараз ня выстаім, мы прайграем усё. Дробнае прадпрымальніцтва будзе зьнішчанае”.

А вось у Менску частка прадпрымальнікаў прыпыніла страйк. На працоўныя месцы вярнуліся тыя, хто працуе на гандлёвых выставах. Паводле іх тлумачэньня, гэта стала наступствам учорашніх перамоваў у Менгарвыканкаме. Сталічныя ўлады паабяцалі прадпрымальнікам, што да 2 сьнежня яны могуць працаваць бяз касавых апаратаў.

Прадстаўнікі Аб’яднанай рады лічаць, што гэткім чынам улады мяркуюць унесьці раскол у дзеяньні прадпрымальнікаў. Мэта — спыніць Усебеларускі страйк. Сёньня Рада заклікала бізнэсоўцаў супрацьстаяць правакацыям. Паводле яе рашэньня, заўтра акцыя пратэсту прадоўжыцца.
XS
SM
MD
LG