Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХВОРЫМ БЕЛАРУСАМ ДАПАМАГАЕ НЯМЕЧЧЫНА


Алена Панкратава, Менск

“Беларусу Мікалаю Янушэўскаму — 42 гады. У яго ад нараджэньня вывіх бядра, і ён практычна ня можа хадзіць. Пасьпяховае лекаваньне ў Беларусі немагчымае”, — такімі словамі пачынаецца маленькая нататка ў нямецкай “Maerkische Аllgemeine Zeitung”. Унізе замест імя аўтара стаіць назва мясцовай грамадзкай ініцытывы, а таксама нумар ейнага рахунку. Нататка даволі тыповая для нямецкага рэгіянальнага друку — гэта заклік да чарговых ахвяраваньняў.

Кіраўніца гуманітарнай акцыі “Чарнобыль–Хільдэнсхайм” перакананая, што ў выніку такой сьціплай газэтнай нататкі можна атрымаць дзясяткі прапановаў адносна дапамогі.

Як піша выданьне “Hildelsheimer Zeitung”, сваё жаданьне ўзяць удзел у акцыі ня так даўно прадэманстравалі футбалісты аднаго з самых папулярных у Нямеччыне клюбаў “Шальке”. Яны ня толькі арганізавалі гуманітарны канвой у Гомель, адкуль паходзяць іхныя цяперашнія супернікі па Кубку УЭФА, аднак і часткова фінансавалі лекаваньне цяжкахворай 16-гадовай жыхаркі Гомелю Каці.

Днямі ў адной зь нямецкіх клінікаў дзяўчынцы была зробленая складаная апэрацыя на храбце. Наперадзе яшчэ адна — імплянтацыя адмысловых пратэзаў. Калі ўсё пройдзе пасьпяхова, Каця зможа хадзіць. Акрамя футбалістаў сродкі на лекаваньне дзяўчынкі (а гэта многія тысячы эўра) паступілі ад некаторых прадпрымальнікаў, настаўнікаў, асобных сем’яў, пэнсіянэраў — абсалютна незнаёмых Каці людзей.

Газэта “Berliner Zeitung” распавядае пра беларускіх пацыентаў зь дзіцячага анкалягічнага шпіталю Вандліц ля Бэрліна. Калісьці гэтае слова — Вандліц — было на слыху ва ўсёй ГДР. Тут у вельмі маляўнічых мясьцінах была рэзыдэнцыя Эрыха Хонэкера. Сёньня Вандліц — апошні шанец для самых безнадзейных ракавых хворых зь Беларусі дый таксама іхных бацькоў.

Ініцыятыва дапамогі гэтым маленькім беларускім пацыентам належыць арганізацыі “Дапамога анкалягічна хворым чарнобыльскім дзецям”. Яна створаная непасрэдна мясцовымі лекарамі. Кіруе групай доктар Керстын Лебэр.

“Berliner Zeitung” знаёміць чытачоў з 16-гадовай беларускай Таняй, якая стала сапраўднай любіміцай у шпіталі. “Таня катаецца на ровары. Ровар замалы для яе. Часам катаньне выглядае камічным, калі ня ведаць, што ў дзяўчынкі ў выніку раку костак ампутаваная нага, што, неглядзячы на шматлікія сэансы хіміятэрапіі, мэтастазы пайшлі далей у лёгкія”.

Кэрстын Лебэр прызначыла для Тані чарговую хіміятэрапію, аднак пры гэтым яна паведаміла дзяўчынцы і яе маці, што выратаваньне немагчымае. Паводле лекаркі, штодня назіраючы за тым, як у палатах паміраюць іхныя сябры, дзеці насамрэч хочуць гаварыць пра сваю сьмерць таксама. Што датычыць хворых, то яны таксама ня мусяць хавацца ад рэчаіснасьці, наадварот — разам са сваімі дзецьмі яны павінныя цаніць кожны разам пражыты дзень і спадзявацца на новы.

Паводле бацькоў, а дакладней, маці хворых (характэрна, што бацькі ў Беларусі звычайна пакідаюць падобныя сем’і), у гэтым анкалягічным шпіталі яны разам зь дзецьмі перажываюць, як ні дзіўна, самыя сьветлыя моманты ў жыцьці: настае сапраўдная душэўная блізкасьць зь некалі такім закрытым хворым дзіцем. Таксама забываецца бясконцае жабрацтва, штодзённыя скандалы ў сям’і з-за нястачы грошай ні на ежу, ні на лекі.

Адна з маці, чый сын хварэе на вельмі агрэсіўную саркому, узгадвае, як некалькі гадоў таму ад адчаю напісала земляку-прэзыдэнту. Кіраўнік дзяржавы нават адказаў ёй: маўляў, дапаможам, усё будзе добра. Але дапамогі жанчына чакае па сёньняшні дзень.
XS
SM
MD
LG