Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ САЮЗ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ СТРАЙКУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа

(Віталь Цыганкоў: ) “Сёньня пачаўся бестэрміновы страйк прадпрымальнікаў — прадстаўнікоў малога бізнэсу. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены рашэньня аб увядзеньні касавых апаратаў, разьліковых рахункаў і прымусовага сацыяльнага страхаваньня. Таксама яны настойваюць на зьніжэньні ставак адзінага падатку і забароне зьмены гэтых ставак.

Вядома таксама, што Саюз прадпрымальнікаў на чале з Аляксандрам Патупам выступіў супраць гэтага страйку. Таму першае пытаньне да спадара Патупы — чаму Cаюз прадпымальнікаў выступае супраць страйку прадпрымальнікаў?”

(Аляксандар Патупа: ) “Мы супраць страйку, па-першае, як нейкай прафсаюзнай тэрміналёгіі. Гэта для наёмных працоўных, а свабодныя індывідуальныя прадпрымальнікі павінныя дзейнічаць больш цывілізаванымі мэтадамі, мець аб’яднаньні, якія павінныя дзейнічаць больш тэхналягічна — з уладай, з асобнымі прадстаўнікамі ўлады. І ў гэтых вельмі дрэнных эканамічных умовах рабіць крокі, якія дазволяць мець нейкія аптымальныя ўмовы для разьвіцьця рэальнага прадпрымальніцтва. Каб малы бізнэс мог зарабляць грошы.

Наша ўлада не рэагуе адэкватна на іхныя страйкавыя дзеяньні. Тры гады страйкуюць, і што мы бачым? — каляпс прадпрымальніцтва. Патрэбныя іншыя формы супраціву”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Чыгір, а як вы ставіцеся да акцыі прадпрымальнікаў. Ці лічыце, што яна можа дасягнуць сваіх мэтаў?”

(Міхаіл Чыгір: ) “Я лічу, што ўсё залежыць ад прадпрымальнікаў. Калі яны будуць трывалымі, то яны даб’юцца выкананьня іхных патрабаваньняў. За кожны месяц у бюджэт будзе недапаступаць каля 20 мільёнаў даляраў, калі страйк будзе праводзіцца ўсімі прадпрымальнікамі.

Я лічу, што ўлады мусілі былі весьці сапраўдныя перамовы з малым бізнэсам, але яны па сутнасьці адмовіліся рабіць гэта. Таму прадпрымальнікі і выбралі скрайнюю меру, бо ў іх іншага выбару няма. Так што ўсе залежыць ад саміх прадпрымальнікаў. Хаця, наколькі я ведаю, ня вельмі дружна яны пачынаюць гэтую акцыю, бо ёсьць частка, якая лічыць, што трэба працаваць і плаціць падаткі. Але, на маю думку, гэта дасьць магчымасьць уладам дабіцца свайго і ня выканаць патрабаваньні прадпрымальнікаў”.

(Цыганкоў: ) “Вядома, аднак, што пэўныя перамовы паміж Беларускім саюзам прадпрымальнікаў і ўладамі вяліся. І менавіта ў гэты момант пачаўся бестэрміновы страйк. Ці можа ён пашкодзіць гэтым перамовам? Ці прадпрымальнікі проста страцілі цярпеньне і ня вераць, што з уладамі можна дамовіцца?”

(Чыгір: ) “Усё трэба рабіць своечасова. Улады пайшлі на перамовы, калі цярпеньне прадпрымальнікаў ужо лопнула, і яны абвесьцілі страйк. Па-другое, я не зусім ведаю, што там за перамовы, якія патрабаваньні і хто іх вядзе. Калі вядзе перамовы чалавек, які ня можа ўплываць на становішча ў краіне, то ад такіх перамоваў і карысьці ніякай ня будзе. Калі б, напрыклад, пагадзіўся ў іх удзельнічаць прэм’ер... Калі я працаваў прэм’ерам, такія перамовы вяліся, і даволі нядрэнна скончыліся — былі зробленыя саступкі, і прадпрымальнікі адмовіліся ад страйку”.

(Цыганкоў: ) “Калі ўжо спадар Чыгір ня ведае акалічнасьцяў перамоваў СП зь беларускімі ўладамі, то зразумела, што гэта не вядома і шырокім колам грамадзкасьці, нашым слухачам. Спадар Патупа, распавядзіце пра сутнасьць гэтага перамоўнага працэсу”.

(Патупа: ) “Мы пачалі перамоўны працэс у пачатку жніўня і дамовіліся пра перамовы ў пачатку верасьня да ўсялякага страйку. У сваім пяцідзённым верасьнёўскім страйку прадпрымальнікі вылучалі патрабаваньні, якія даведаліся ад нас. Што будзе круглы стол, працоўная група і гэтак далей. І ў выніку яны засталіся без паўмільёну даляраў, якія яны не зарабілі ў гэты пяцідзённы страйк”.

(Цыганкоў: ) “Вы кажаце, што страйк — ня самая лепшая форма адстойваньня сваіх правоў. Але дзе гарантыя, што дыялёг з уладамі больш эфэктыўны? Можа, прадпрымальнікі страйкуюць ад адчаю, ад таго, што перамовы нічога не прыносяць?”

(Патупа: ) “Перамовы даюць нейкія вырашэньні тых ці іншых пытаньняў, паслабляюць прэсінг улады, дазваляюць стварыць аптымальна магчымыя ўмовы ў гэтай цяжкай сытуацыі. Мы можам з фактамі ў руках дэманстраваць рэальныя крокі й дасягненьні. Я ня ведаю, у чым пазытыўныя наступствы гэтых страйкаў, гэтай трохгадовай вайны.

І яшчэ пытаньне — гэта зьяўленьне палітычных лёзунгаў. Пасьля гэтага магчыма, што ўвесь перамоўны працэс, які мы пачалі і ў якім працуем сёньня, можа быць разбураны. Але гэты працэс даў вельмі рэальныя наступствы. На афіцыйным узроўні было заяўлена, што ніякіх санкцыяў, праверак ці іншых дзеяньняў ня можа быць у пэрыяд, пакуль ідуць перамовы. Гэта афіцыйная пазыцыя ўраду. Але мы бачым правакацыі з тых ці іншых дзяржаўных органаў раённага і гарадзкога ўзроўню. Мы пішам паперы, пратэстуем — гэта працэс, “на вайне як на вайне...”

(Цыганкоў: ) “Спадар Чыгір, як бы вы ацанілі становішча з дробным бізнэсам, напрыклад, у сярэдзіне 90-х, калі вы былі прэм’ерам, і цяпер? Што штурхае прадпрымальнікаў да акцыяў пратэсту?”

(Чыгір: ) “Самае асноўнае для дробнага бізнэсу — гэта даходы насельніцтва. Калі заробак быў каля 100 даляраў стабільны ў 1996 годзе, то і прадпрымальнікам было значна лягчэй. На сёньняшні дзень становішча значна пагоршылася. Калі статыстыка сьцьвярджае, што сёньня заробак каля 100 даляраў, то гэта далёка ня так.

Па-другое, уведзеныя драконаўскія зборы пры перамяшчэньні тавараў празь мяжу. І гэта, безумоўна, адмоўна адбілася на ўмовах працы прадпрымальнікаў. Сёньня іхнае становішча нашмат горшае за 1996 год. Значна цяжэй працаваць, меншаюць даходы, таму адзінае выйсьце — страйк”.

(Цыганкоў: ) “Частка прадпрымальнікаў лічыць, што трэба вылучаць і палітычныя патрабаваньні. Ці дапагагае гэта адстойваць свае правы, ці, як лічаць іншыя прадпрымальнікі, гэта можа толькі пашкодзіць магчымаму дыялёгу з уладамі?”

(Чыгір: ) “Без палітычнага разьвязаньня праблемы саступкі, калі і будуць з боку ўлады, то будуць нязначнымі. Пакуль улады не прызнаць, што дробны прадпрымальнік важная пэрсона ў нашай краіне, што яго трэба падтрымліваць, ствараць умовы для разьвіцьця, то да таго часу ўмовы працы значна палепшыцца ня могуць.

Таму самае асноўнае — зьмена палітычнага курсу ў стаўленьні да прадпрымальнікаў, гэта дало б магчымасьць карэнным чынам зьмяніць іхнае становішча ў лепшы бок. А так без палітычных рашэньняў нейкія зьмены будуць вельмі дробнымі, нязначнымі, і значнага паляпшэньня малому бізнэсу не прынясуць”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Патупа, як вы ставіцеся да лёзунгаў страйкоўцаў?”

(Патупа: ) “Лёзунгі, якія тычацца толькі ўмоваў прадпрымальніцкай эканамічнай дзейнасьці, трэба вылучаць праз асацыяцыі, саюзы ды іншыя аб’яднаньні прадпрымальнікаў”.

(Цыганкоў: ) “Вы лічыце, палітычныя лёзунгі зараз ня трэба вылучаць?”

(Патупа: ) “Не. Калі ўдумацца — ці “касавы апарат” ці “імпічмэнт”? Яны маюць рэсурсы дзеля такой сур’ёзнай палітычнай апэрацыі як імпічмэнт? Не. Таму гэта называецца балбатнёй. Але гэтая балбатня небясьпечная для ўсяго прадпрымальніцтва, бо правакуе вельмі сур’ёзныя рэпрэсіўныя захады”.

(Цыганкоў: ) “Ці трэба прадпрымальнікам зьвяртацца па дапамогу да палітычных партыяў? Ці яны баяцца гэтага, каб іх не абвінавацілі ў апазыцыйнасьці і палітыканстве? Можа быць тут такі альянс, хаўрус?”

(Чыгір: ) “Інтарэсы прадпрымальнікаў і апазыцыйных палітычных партыяў супадаюць. Таму калі б прадпрымальнікі зьвярнуліся да партыяў, то яны б хутчэй дабіліся нейкіх вынікаў. Ёсьць два выхады ў дадзенай сытуацыі. Першы — гэта перамовы, спакойныя, разьмераныя. Калі вядуцца перамовы, ёсьць нейкія саступкі, дыскусіі.

Другое — калі пачынаецца страйк, то трэба шукаць прыхільнікаў. Самымі асноўнымі прыхільнікамі ў гэтай сытуацыі могуць быць палітычныя партыі. Але наколькі мне вядома, прадпрымальнікі да палітычных партыяў не зьвярнуліся, і яны ня маюць той падтрымкі, якая магла б аказаць ім значнае садзеяньне ў іхнай барацьбе”.
XS
SM
MD
LG