Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІ ДЗЕНЬ ПРАЦЯГВАЕЦЦА АГУЛЬНАБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Ганна Соўсь, Менск

Камароўка сёньня працуе ў звычайным рэжыме. Гандляры харчовага рынку не далучыліся да страйку сваіх калегаў.

(Гандлярка: ) “Усім задаволеная. Ніхто не бастуе. Нам усім добра, а каму блага, хай страйкуе. Ім рабіць напэўна няма чаго, дык страйкуюць. У нас усё добра. Не ваюем, жывем ціха, мірна. Хлеб ёсьць, на малако зарабляем. Што яшчэ трэба?”

(Другая гандлярка: ) “Нашыя, хто займаюцца харчамі, страйкаваць ня будуць. Грошы ўкладзеныя ў тавар, і яго трэба рэалізоўваць. А наконт патрабаваньняў “прамыслоўцаў”, можа й слушна, што яны страйкуюць, адстойваюць свае інтарэсы”.

(Гандляр: ) “Запытайце ў нашага прэзыдэнта, адкуль бярэцца такая арэнда на дзяржаўным рынку? Адкуль такія штрафы? Ён думае, што мы зарабляем шалёныя грошы”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы мяркуеце, страйк дапаможа вырашыць праблемы прадпрымальнікаў?”

(Гандляр: ) “Ні ў якім разе. Ён знойдзе другіх людзей, якія прыйдуць на гэтыя месцы, і прымусіць іх працаваць”.

Што да пакупнікоў, то большасьць з апытаных мной падтрымліваюць страйк.

(Спадар: ) “Малайцы. Так і трэба. Але ж трэба, каб ня толькі прадпрымальнікі, але і ўвесь народ гэтак зрабіў”.

(Спадарыня: ) “Трэба, каб працавалі, каб далі свабоду прадпрымальнікам. Прашу прэзыдэнта Лукашэнку, каб падвысіў нарэшце пэнсію. Колькі часу прайшло ад яго выбараў, і не павышае пэнсію”.

(Другая спадарыня: ) “Учора зайшлі на рынак у Лагойску. Там амаль не гандлююць. Толькі дзе харчы, а прамысловых тавараў ніякіх. У крамах усё дарагое — не па кішэні, не па пэнсіі”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Слушна робяць. Няма чаго такія падаткі вялікія рабіць, каб людзям не было за што жыць. Падаткі большыя за заробкі. Заробак 150, а падатак мусіць плаціць 180”.

(Спадарыня: ) “Дрэнна, што не працуюць”.

(Другая спадарыня: ) “Я жыву за іх кошт, таму што магу таньней купляць. І ўдзячная ім за гэта. Таму, калі іх нешта не задавальняе, яны павінныя выказаць свае меркаваньні”.

(Спадар: ) “Мне гэта нявыгадна. Я не магу набыць тавары”.

Адметна, што практычна ўсе мае суразмоўцы пэсымістычна паставіліся да вынікаў агульнанацыянальнай акцыі пратэсту.

(Спадарыня: ) “Было ўжо такое, але нічога не зьмянілася. Кошты растуць. Ніхто ім не саступіць”.

(Другая спадарыня: ) “Канечне, у нас усё, што робіцца, не для народу. Як нашая ўлада захоча, так і зробіць. І нічога не дакажаш ім. Што, няпраўда?”
XS
SM
MD
LG