Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫ ЦЕРАХОВІЧ СУДЗІЦЦА З “БДГ” І ЖУРНАЛІСТКАЙ ІРЫНАЙ МАКАВЕЦКАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Цераховіч патрабуе пакараць адказчыкаў за публікацыю і распаўсюд зьвестак пра расьсьледаваньне, якія, нібыта, не адпавядаюць рэчаіснасьці, а таму абражаюць ягоныя гонар і годнасьць.

На пачатку сёньняшняга паседжаньня сьледчы Цераховіч абвесьціў, што да свайго асноўнага пазову дадае новыя патрабаваньні. Ні адказчыкі, ні суд зь імі не былі азнаёмленыя, а таму судзьдзя Ірына Басько вымушаная была адкласьці разгляд справы.

Журналісты “БДГ” лічаць абвінавачаньні сьледчага неабгрунтаванымі. Гаворыць аўтарка публікацыяў Ірына Макавецкая:

(Макавецкая: ) “Ніякай абразы з майго боку не было. Больш за тое: паведамляючы пра некаторыя факты, якія ён патрабуе абвергнуць, я спасылалася на дакумэнты, якія ўласнаручна падпісваў сам Цераховіч. Атрымліваецца вельмі сьмешная сытуацыя. Ягоныя патрабаваньні неабгрунтаваныя”.

Паводле юрыста Цэнтру прававой інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, пазоў сьледчага Цераховіча выглядае як ягоная асабістая ініцыятыва, але ідзе ў рэчышчы агульнага процістаяньня ўладаў і незалежных СМІ ў Беларусі. Гаворыць Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Сьледзтва не павінна так рэагаваць на публікацыі ў СМІ, як гэта адбываецца сёньня. Залішне эмацыйная рэакцыя ад супрацоўнікаў праваахоўчых органаў — гэта ня вельмі добра”.

Сёньняшні судовы працэс супраць “БДГ” з боку дзяржаўных чыноўнікаў далёка ня першы. Дырэктарка ўнітарнага прадпрыемства “Марат”, якое займаецца друкаваньнем і распаўсюдам газэты, Любоў Вашкевіч перакананая, што гэта сьведчыць найперш пра недэмакратычнасьць дзяржавы і адсутнасьць у краіне свабоды слова. Гаворыць Любоў Вашкевіч:

(Вашкевіч: ) “Калі ў дэмакратычнай краіне чыноўнік злоўжывае службовым становішчам і гэта выходзіць на старонкі газэтаў, то чалавек кажа: так я, да прыкладу, паводзіў сябе амаральна, даруйце мне, грамадзяне маёй краіны. У нас так не бывае. Калі нешта падобнае публікуецца, то ў чыноўнікаў выклікае абурэньне, што пра гэта пішуць. Гэта значыць — рабіць можна, а пісаць нельга”.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 21 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG