Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗІЎНЫ БІЗНЭС: ЧАМУ Ў ПРОДАЖЫ МАЛА БЕЛАРУСКАЙ МУЗЫКІ?


Зьміцер Падбярэскі

У мінулай нашай праграме мы пачулі меркаваньні гандляроў з рынку ў Ждановічах, якія займаюцца продажам гуканосьбітаў. Апытаньні тых, хто непасрэдна сутыкаецца з аматарамі музыкі, акрэсьлілі прынамсі некалькі аспэктаў праблемы, галоўныя зь якіх такія.

Першае, гандляры мала абазнаныя ў тым, што адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы. Другое, многія проста ня ведаюць пра існаваньне выдавецтваў, што выпускаюць беларускія запісы. Трэцяе, самі выдаўцы мала дбаюць пра тое, каб гандляры ведалі той асартымэнт запісаў, які рэальна існуе, у выніку чаго музычны бізнэс у Беларусі набывае нейкія сапраўды дзіўныя рысы: попыт ёсьць, прадаваць таксама ёсьць што, а пакупнікі ня могуць адшукаць ім патрэбнае.

Сёньня мы працягваем гаворку на гэтую тэму, зьвярнуўшыся, з аднаго боку, да выдаўца, з другога — да дырэктара вялікай спэцыялізаванай крамы. Адразу прызнаюся: і гэтым разам давялося пачуць рэчы дастаткова дзіўныя. Найперш слова Юрыю Цыбіну, які мае непасрэднае дачыненьне да каталёгу выдавецкай фірмы “Ковчег”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Юры, згадзіцеся: сытуацыя вельмі дзіўная. У каталёзе той жа фірмы “Ковчег” больш за 200 найменьняў, а гандляры на тых жа Ждановічах па сутнасьці той прадукцыі ня ведаюць. Чым гэта можна растлумачыць?”

(Юры Цыбін: ) “Гандляры ня ведаюць, што такое беларуская музыка. Не, ведаюць, так, аднак ведаюць толькі адну назву — “Песьняры”. Таму і не патрабуюць.

Але ж існуе і другі бок праблемы: калі прыходзіць пакупнік, ён пытаецца, ці ёсьць беларуская музыка? А яны кажуць: што ж вас цікавіць? Той кажа: ну, народная музыка, клясычная музыка, там бардаўская песьня. “А што гэта такое?” — пытаецца гандляр. Ён, на жаль, ня ведае, што ўсё гэта існуе. Яны не чытаюць газэтаў, яны ня слухаюць радыё, не глядзяць тэлепраграмаў...”

(Падбярэскі: ) “Ты хочаш сказаць, што такая вось сытуацыя ў асноўным залежыць ад таго, што найперш самі прадаўцы не арыентаваныя, так трэба разумець?”

(Цыбін: ) “Так! Паколькі попыт ёсьць, і попыт даволі вялікі, але ж тыя людзі, што гандлююць на рынках, у крамах, яны неадукаваныя, яны проста ня ведаюць, што існуе беларуская музыка, існуе беларуская культура, яны нічога вам і не прапануюць”.

У адрозьненьне ад спадара Цыбіна, дырэктар крамы “Мистерия звука” Аляксандар Шлык глядзіць на праблему па-іншаму. На маё пытаньне, як ён ацэньвае агульную сытуацыю з прысутнасьцю беларускіх запісаў на рынку, у прыватнасьці, у ягонай краме, спадар дырэктар адказаў так:

(Аляксандар Шлык: ) “Можна сказаць, што сытуацыя ў прынцыпе паляпшаецца. У нас прадстаўлены наагул найбольш шырокі асартымэнт беларускіх групаў, мы імкнемся быць у курсе падзеяў і прадаваць усё, што ёсьць беларускае, усё, што выдаецца на кампакт-дысках і на аўдыёкасэтах.

Аднак сытуацыя, вядома, вельмі спрэчная. Асабіста я расчараваны ў становішчы беларускіх групаў, артыстаў і ў тым, як ўсё адбываецца. Вельмі шмат цяпер групаў беларускіх новых, модных, але чамусьці нашыя беларускія артысты вырашылі, што яны могуць зарабляць грошы адразу — і вельмі вялікія грошы.

Кампакт-дыскі беларускія каштуюць даражэй за, дапусьцім, тыя ж расейскія гіты нейкія. І я пытаюся: “Чаму так? Чаму такія кошты?” Нічога зразумелага ў адказ я ня чуў. Але ў той жа час якасьць тых дыскаў не заўсёды адпаведная, бывае дрэнны запіс, з паліграфіяй здараюцца праблемы. Магчыма, гэтак адбываецца таму, што нашыя беларускія артысты не давяраюць нашым фірмам, якія гэтым спрабуюць займацца, аптовым фірмам, людзям, якія гэтым і займаюцца, прафэсіяналам, якія, магчыма, паставілі б тое на належны ўзровень”.

На маё пытаньне, з кім найчасьцей працуе крама: непасрэдна з выканаўцамі ці з аптовымі арганізацыямі, дырэктар “Мистерии звука” адказаў:

(Шлык: ) “Канечне, нам лепш за ўсё працаваць з аптовымі фірмамі. Прыйшоў туды, адшукаў, што табе трэба, узяў і купіў. Але нашыя, паўтаруся, беларускія артысты вырашылі, што яны будуць усё гэта рабіць самі.

І так да мяне прыходзяць пастаянна, па пяць–дзесяць чалавек штомесяц, і прапануюць нейкія праекты: новыя беларускія дыскі ці што яшчэ. Пачынаеш зь імі гутарыць: як, дзе вы тое прадаеце, куды аддалі, дзе маецца рэкляма, якая ёсьць рэклямная падтрымка, магчыма, нейкія флаеры, плякаты — нічога няма! І што найгорш: высьвятляецца, што няма ніякіх патрэбных дакумэнтаў. Яны вось выдалі пласьцінку і жадаюць аддаць нам у краму напрамую і атрымаць за гэта грошы”.

Такім чынам, калі выдавец Юры Цыбін гаворыць пра тое, што гандлярам, па сутнасьці, усё адно што прадаваць, што яны ня ведаюць рэальнага стану ў беларускай музыцы, дырэктар музычнае крамы наракае на высокі кошт беларускай прадукцыі, што ўплывае на продаж, і на тое, што самі артысты абмінаюць аптавікоў — зьвяно, якое тасама павялічвае кошт запісаў.

Пры гэтым Юры Цыбін упэўнена гаворыць, што беларускія запісы і павінныя быць даражэйшымі за замежныя. Згадаю, што да гэтага ж заклікаў і Лявон Вольскі. Мы ж слухаем меркаваньне выдаўца:

(Цыбін: ) “Я лічу, што мы робім эксклюзіў, а таму беларуская музыка павінная прадавацца даражэй за расейскую і нават за заходнюю. Але ж тыя самыя гандляры спрабуюць зьбіць цэны на нашую музыку. Я з гэтым ня згодны, таму што чалавек, які цікавіцца беларускай музыкай, купіць яе за любы кошт, за любы разумны кошт, так! А нам трэба акупіць свае выдаткі”.

(Падбярэскі: ) “Якую частку свайго бюджэту ваша выдавецкая фірма выдаткоўвае на рэкляму таго, што вы робіце — хоць бы нават у тым сэнсе, каб тыя ж гандляры ведалі, што выдаецца?”

(Цыбін: ) “У нас вельмі маленькі бюджэт, мы спадзяемся на дабрачынную дапамогу сродкаў масавай інфармацыі, але ж укладаць нейкія сродкі... У нас іх проста няма, нам не хапае, каб выдаваць кампакт-дыскі, аўдыёкасэты, выдаваць кніжную прадукцыю. Таму на рэкляму... Мы спадзяемся толькі на дабрачынную дапамогу з боку сродкаў масавай інфармацыі”.

(Падбярэскі: ) “Ты, напэўна, згадзішся, што ўсё ж гэта — вялікі мінус...”

(Цыбін: ) "Вядома! Аднак калі не хапае грошаў, каб дапамагчы вядомым нашым калектывам і невядомым, і талентам нашым маладым, дык на рэкляму, канечне ж, гэтых сродкаў няма”.

Тут варта згадаць даўно вядомае: няцяжка вырабіць тавар, куды цяжэй яго прадаць. Спасылацца на адсутнасьць сродкаў на рэкляму вырабленага як найменш сьмешна: нашто тады наагул усё распачынаць? Рэклямай, дарэчы, не займаецца і вялікая музычная крама, хоць пэўныя рэклямныя захады ў гэтым напрамку робяцца. Гаворыць Аляксандр Шлык:

(Шлык: ) “Пра гэта ў першую чаргу павінныя турбавацца самі групы, самі артысты. Калі б гэта быў наш сумесны праект, мы заўсёды гатовыя ў ім паўдзельнічаць. Мы не аднойчы ладзілі тут прэс-канфэрэнцыі, мы гатовыя падтрымліваць беларускія групы і ў гэтым пляне ўсё, што ад нас залежыць, мы зробім.

Вельмі ўдала ў нас цяпер атрымалася з “Крамбамбуляй”, гэта была першая спроба беларускага праекту зрабіць нешта больш-менш прыстойнае. Яны самі вырабілі спэцыяльны стэнд, павесілі яго ў краме як рэкляму, добрая атрымалася прэс-канфэрэнцыя, былі флаеры, а гэты выдатна аформлены стэнд дагэтуль вісіць у нас. Такое ў нас адбылося ўпершыню, і гэта радуе. Каб такое было заўсёды, было б проста выдатна”.

Таксама спрэчны момант: музыканты ўсё ж павінныя іграць, а ня дбаць пра рэкляму. Гэта клопат найперш прадусэра, хоць варта сказаць, што зарабіць на выданьні беларускай музыкі сапраўды надзвычай складана. Абумоўліваючы рэальныя лічбы магчымых накладаў і крыху блытаючыся ва ўласных разьліках, Юры Цыбін тым ня менш сам прызнаецца, што наклады гэтыя могуць быць куды большыя.

(Цыбін: ) “Пяцьсот–тысяча, калі казаць пра кампакт-дыскі. Аўдыёкасэты — гэта дзьве–тры тысячы”.

(Падбярэскі: ) “Ці ня думаеш ты, што гэта занадта маленькія лічбы?”

(Цыбін: ) “Адкажу так: у Беларусі існуе пэўная колькасьць людзей, якія цікавяцца беларускай музыкай, беларускай мовай, беларускай культурай. На мой погляд, іх колькасьць вызначаецца 1 мільёнам чалавек. Канечне, усе яны не настолькі багатыя, каб набываць кампакт-дыскі, аўдыёкасэты, кнігі, але ж калі мы гэтую лічбу падзелім на тры, на чатыры, то вось вам і рэальныя тыражы.

Але ж мы ня маем выхаду на свайго пакупніка, таму што сродкі масавай інфармацыі вельмі неэфэктыўныя ў Беларусі, да нас вельмі часта зьвяртаюцца людзі, якія прыходзяць зь вялікімі вачыма: маўляў, мы нават ня ведалі, што вы існуеце, што нейкая фірма выдае беларускае мастацтва. Інфармацыя не даходзіць да рэальных пакупнікоў”.

Тым ня менш, выдавец не зьбіраецца кідаць пачатае і нават плянуе адкрыць новы лэйбл, які таксама будзе спэцыялізавацца на выданьні беларускай музыкі. Трэба думаць, сытуацыю як безнайдзейную не ўспрымае і дырэктар музычнай крамы. Прынамсі, на маё пытаньне, ці змог бы Аляксандар Шлык зарабіць, калі б яму запрапанавалі адкрыць музычную краму толькі зь беларускім асартымэнтам, ён адказаў такім чынам:

(Шлык: ) “Я думаю, што гэта такое... Пяцьдзясят на пяцьдзясят пытаньне! У прынцыпе, вялікім попытам карыстаюцца нейкія асобныя праграмы, аднак наагул усё пакуль не на такім добрым узроўні, як павінна было быць. Асартымэнт яшчэ не такі вялікі, каб адкрываць асобную краму. У нас гэта ўсяго толькі адзін стэнд. У прынцыпе, і гэта ня так мала, аднак, шчыра кажучы, усё яшчэ ня так добра”.

Падсумоўваючы пачутае, варта прызнаць: выдавецкі музычны бізнэс у Беларусі сёньня яўна пакутуе на адсутнасьць грунтоўнага рэклямнага бюджэту. Нават маючы шырокі асартымэнт, тая ж фірма “Ковчег” ня ў стане даставіць яго да спажыўца, што аўтаматычна адбіваецца на эфэктыўнасьці бізнэсу.

Зь іншага боку, умовы бізнэсу ў вялікай музычнай краме дазваляюць куды лепш задаволіць пакупніка ў параўнаньні са звычайным рынкам.

Вось чаму стэнд зь беларускай музыкай у краме “Мистерия звука” сапраўды значны, хоць і зьмяшчае, магчыма, усяго толькі якую сотую частку з таго, што было выдадзена ў Беларусі нават за апошнія сем–восем гадоў. Не, я не памыліўся — сотую частку. Дзе ўсё астатняе? Спадзяюся, гэта нам дапамогуць высьветліць тыя самыя аптавікі, зь якімі мы, думаецца, сустрэнемся у адной з наступных праграмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG