Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ І ЎЛАДА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Паганяйла: ) “Падатковая інспэкцыя наклала на нас так званыя штрафныя санкцыі, і мы, каб іх абскардзіць, прайшлі шлях ад начальніка Маскоўскай падатковай інспэкцыі да кіраўніцтва Падатковага камітэту. І паўсюль казалі, што санкцыі правільныя. Але толькі мы зьвярнуліся ў гарадзкі гаспадарчы суд, як той прызнаў, што мы мелі рацыю. Але гэта каштавала нам паўгода барацьбы, ды яшчэ ўлічыце, што ў нас шмат юрыстаў”.

Намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла распавёў пра асабісты досьвед кантактаў з падатковай інспэкцыяй. Паводле яго, беларускія прадпрымальнікі гэтак сама становяцца мішэньню плянавых атакаў розных дзяржаўных установаў — кантрольных і падатковых службаў, пажарных, санстанцыі і гэтак далей.

Тактыка тут наступная. Каб выканаць плян спагнаньняў, чыноўнік накладае на прадпрымальніка штраф, пры гэтым прапануючы яму абскардзіць ягоныя дзеяньні ў чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню. Пакуль бізнэсовец ходзіць са скаргамі па кабінэтах, сканчаецца каляндарны год. Даведзены плян чыноўнік выканаў. А тое, што потым праз суд грошы, якія ён спагнаў незаконна, хутчэй за ўсё будуць вернутыя, яго асабліва не хвалюе.

“Мы ня ведаем пра тое, каб каго з чыноўнікаў начальнікі пакаралі за такія дзеяньні”, — канстатуе Гары Паганяйла. Паводле яго, у заканадаўстве краіны наўмысна створаная блытаніна законаў, якая дазваляе апраўдаць любыя дзеяньні нядобрасумленных чыноўнікаў.

(Паганяйла: ) “Цяжка выконваць адначасова ўсе патрабаваньні разам і правільна, бо выконваючы адно, ты абавязкова парушаеш іншае. І гэтая неразьбярыха з законамі ўносіцца наўмысна”, — лічыць Гары Паганяйла.

Ён мяркуе, што найбольшую блытаніну ўносяць дэкрэты прэзыдэнта, пад якія, не дачакаўшыся закону парлямэнту, чыноўнікі распрацоўваюць свае інструкцыі. Потым зьяўляецца закон, і адно другому супярэчыць. “У такім лябірынце нормаў лёгка патапіць любую добрую ідэю”, — мяркуе праваабаронца.

Мне, аднак, прыйшлося паспрачацца з Гары Паганяйла наконт самых нэгатыўных адзнак, якія ён ставіць прававому становішчу беларускага бізнэсу. І ў якасьці прыкладу я прывёў расповед нашага карэспандэнта з Гомеля Казімера Яноўскага пра мясцовы цэнтар дапамогі прадпрымальнікам.

(Яноўскі: ) “Амаль сем гадоў існуе ў Гомелі інфармацыйна-прававы цэнтар Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў. Такога цэнтру няма ва ўсёй Беларусі. Узначальвае яго на грамадзкіх пачатках юрыст Свабоднага прафсаюзу Віктар Ялфімаў. Ён, дарэчы, адзін зь пяці ў краіне зьяўляецца яшчэ і сябрам Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў.

(Ялфімаў: ) “Пяць чалавек сталі вартымі такога гонару. Гэта як бы прызнаньне, па-першае, нашай кваліфікацыі, а, па-другое, нашай актыўнай грамадзкай пазыцыі”, — кажа юрыст Ялфімаў.

Сапраўды, дапамога прававога цэнтру даволі значная. За апошнія пяць гадоў кансультацыі цэнтру атрымалі звыш дзьвюх тысяч прадпрыймальнікаў Гомеля, Рэчыцы, Мазыру, Сьветлагорску, Жлобіна, Барысава і некаторых іншых гарадоў Беларусі.

Спадар Ялфімаў аказваў юрыдычную дапамогу дробным бізнэсоўцам у 230 судовых справах. Яны датычылі працоўных спрэчак, адміністрацыйных і эканамічных санкцыяў у адносінах прадпрымальнікаў, канфіскацыі іхных тавараў. Распавядае юрыст Ялфімаў:

(Ялфімаў: ) “Самая распаўсюджаная праблема, зь якой мне за гэтыя гады давялося сутыкнуцца, — гэта невуцтва кантрольных органаў, што маюць права правяраць і штрафаваць прадпрымальнікаў. З прычыны гэтатага невуцтва звыш 70% судовых справаў, у якіх я браў удзел, вырашаюцца судамі на карысьць прадпрымальнікаў.

За адзін толькі мінулы год мы вярнулі прадпрымальнікам сканфіскаваных тавараў, дамагліся адмены штрафных санкцыяў на эквівалентную суму амаль 49 тысяч даляраў. Сёлета вярнулі каля 20 тысяч даляраў. З пачатку году я ўдзельнічаў прыкладна ў 170 судовых паседжаньнях у інтарэсах прадпрымальнікаў”.

Зараз кіраўнік інфармацыйна-прававога цэнтру ў складзе прадстаўнікоў прадпрымальнікаў удзельнічае ў перамовах з урадавай камісіяй адносна вырашэньня праблемаў, якія напачатку верасьня прывялі да агульнанацыянальнага страйку дробных бізнэсоўцаў”.


Гэтыя зьвесткі наш экспэрт зь Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла назваў пацьверджаньнем сваёй высновы пра тое, што менавіта свавольства чыноўнікаў зьяўляецца асноўнай прычынай праблемаў беларускіх бізнэсоўцаў.

(Паганяйла: ) “Суды пакуль яшчэ застаюцца апошнім сродкам выратаваньня для прадпрымальнікаў. Нават пры блытаных законах яны часта становяцца на бок права. Але ў нас працягвае дзейнічаць так званае тэлефоннае права, якое не слабейшае. Я сам бачыў на дакумэнтах у Вышэйшым гаспадарчым судзе рэзалюцыі дзяржаўных чыноўнікаў з катэгарычнымі загадамі, якое рашэньне трэба прыняць. І, на жаль, судзьдзі былі вымушаныя выканаць гэтыя ўказаньні”.

Таксама спадар Паганяйла лічыць яшчэ даволі нізкім прававы ўзровень беларускіх бізнэсоўцаў, што ёсьць прычынай слабой разьвітасьці сеткі юрыдычнай дапамогі гэтай часткі грамадзтва.


* * *
Пры канцы — пра галоўную навіну тыдня ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыянэраў. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне стварыць камісію па Беларусі, якая ў тым ліку паспрабуе пракантраляваць тое, як вядуцца расьсьледаваньні справаў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Старшынём камісіі эўрапейскія парлямэнтары абралі вядомага расейскага праваабаронцу Сяргея Кавалёва. Сваякі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў віталі гэтае рашэньне.
XS
SM
MD
LG