Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЙБОЛЬШ ВЕРАГОДНАЯ ДАТА ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ – 2 САКАВІКА


Юры Сьвірко, Менск

У Беларусі распачынаецца чарговая выбарчая кампанія. У мясцовыя саветы — ад абласных да сельскіх — трэба абраць больш як 24 тысячы дэпутатаў. Дагэтуль невядома, колькі дэпутатаў будзе ў сталічным гарсавеце — Менск яшчэ ня вызначыў, на колькі акругаў дзяліць тэрыторыю гораду. Пра гэта на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі распавяла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Паводле закону, у сталіцы можа быць ад 40 да 60 дэпутатаў. На горад з насельніцтвам у 1 мільён 700 тысяч гэта няшмат, і калі цяперашняя ўлада вырашыць абмежавацца мінімумам, гэта зробіць выбарчую канкурэнцыю ў сталіцы вельмі вострай.

Вось як камэнтуе сытуацыю лідэр Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Улада разумее: Менск — гэта асаблівы статус у межах, у фармаце Беларусі. Менавіта як, чым тут закончацца выбары — гэта якраз і будзе больш-менш рэальным галасаваньнем, якое можа адбывацца падчас мясцовых выбараў. Я маю на ўвазе, што тут усё ж меншыя мажлівасьці для фальсыфікацыяў. Таму ўлады пакідаюць за сабой мажлівасьць нейкага манэўру”.

Тым часам, паводле спадарыні Ярмошынай, менскія ўлады мусяць вызначыцца да 4 лістапада, што зьвязана з тэрмінам заканчэньня паўнамоцтваў усіх мясцовых саветаў краіны.

(Ярмошына: ) “Тэрмін паўнамоцтваў сканчаецца 4 красавіка. Значыць, выбары мусяць прайсьці не пазьней за 4 сакавіка. 4 сакавіка — гэта аўторак. Намі будзе прапаноўвацца дата 2 сакавіка. Адпаведна, указ мусіць зьявіцца не пазьней за 2 сьнежня”.

Як ставіцца да гэтай даты апазыцыя? На гэтае пытаньне спадар Лябедзька адказвае так:

(Лябедзька: ) “Нас прынцыпова дата не цікавіць. Калі гаварыць пра дату ў зьвязку зь нейкімі выбарамі, дык у нас была прапанова аб’яднаць выбары ў мясцовыя саветы й выбары ў парлямэнт — і гэтым зэканоміць грошы і праз адну кампанію разьвязаць беларускую праблему. Натуральна, гэта патрабуе зьменаў у заканадаўстве й правядзеньня выбараў, а ня іх імітацыі.

Што да мясцовых саветаў, дык мы так фармулюем нашу самую галоўную задачу. Мы будзем імкнуцца змагацца ў першую чаргу за сымпатыі выбарцаў, за грамадзкую думку. А вось ужо другі прыярытэт — гэта атрымаць месцы ў мясцовых саветах”.

А спадарыню Ярмошыну я папрасіў таксама распавесьці пра адрозьненьне ад мінулых мясцовых выбараў, бо гэтыя ўпершыню будуць праводзіцца паводле Выбарчага кодэксу.

Кіраўніца Цэнтарвыбаркаму заявіла, што, па-першае, ужо ня трэба будзе выкрэсьліваць прозьвішчы ў выбарчых бюлетэнях, а толькі ставіць крыжыкі насупраць; па-другое, усе кандыдаты будуць абавязаныя падаць дэклярацыі пра даходы і маёмасьць (акрамя тых, хто балятуецца ў сельскія й пасялковыя саветы). А па-трэцяе:

(Ярмошына: ) “Агітацыі не прадугледжана ў газэтах за кандыдата. Кандыдатам больш высокага ўзроўню — гэта абласны й Менскі гарадзкі савет — прадастаўляецца эфірны час для выступаў на мясцовым радыё. Гэта адзіная мажлівасьць, якая даецца законам”.

Лідзія Ярмошына сёньня абвесьціла таксама, што паводле актыўнасьці выбарцаў Беларусь знаходзіцца на 138-м месцы са 169 краінаў сьвету. Украіна — на 82-м, 3-е месца займае Ўзбэкістан. А першае належыць Аўстраліі, дзе яўка на выбары абавязковая паводле закону, а за няўдзел можна атрымаць штраф ці нават арышт.

Мінулыя мясцовыя выбары беларуская апазыцыя байкатавала. Ці будзе байкот цяпер? Вось што адказвае Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэтаt пытаньне вызначылі партыі на сваіх партыйных форумах. Я ведаю, што, за выключэньнем партыі Пазьняка, усе астатнія прынялі рашэньне браць удзел у выбарчай кампаніі — я думаю, гэтае слова будзе больш правільным, чым выбары. Байкот не плянуецца. У сёньняшніх умовах такой задачы й ня ставіцца. Наадварот, ёсьць якраз добрая мажлівасьць, каб узгадаць тыя выбары ў палату прадстаўнікоў і давесьці да людзей, чаму мы ня бралі ўдзел у той кампаніі. Людзі будуць нас лепш слухаць, таму што за намі няма шлейфу адказнасьці за тое, што адбываецца ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG