Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКРАДАЛЬНІКІ ТРЫМАЛІ СЯРГЕЯ КУКУРУ Ў БЕЛАРУСКАЙ ВЁСЦЫ


Юры Дракахруст, Прага

Сяргей Кукура быў захоплены 12 верасьня, першыя паўтара дня яго ўтрымлівалі недзе ў Падмаскоўі. Менавіта там быў запісаны відэазварот закладніка, які прасіў заплаціць 6 мільёнаў даляраў за ягонае вызваленьне.

Потым, паводле інфармацыі “Известий”, Кукуру перавезьлі ў кінутую беларускую вёску. Паколькі мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю няма, машыну з закладнікам ніхто не затрымаў. Кукуру везьлі, надзеўшы на галаву мех; тое, што ён апынуўся ў Беларусі, ён зразумеў з размоваў выкрадальнікаў.

Паводле расповяду Сяргея Кукуры, на які спасылаецца газэта, праз 2 тыдні яму зноў надзелі на галаву мех, пасадзілі ў машыну, везьлі прыблізна дзьве гадзіны і высадзілі ўжо ў Бранскай вобласьці Расеі.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў МУС Расеі, адмыслова прысьвечанай справе выкраданьня Сяргея Кукуры, прадстаўнікі міністэрства адмовіліся як пацьвердзіць, гэтак і абвергнуць вэрсію пра тое, што закладнік два тыдні ўтрымліваўся ў Беларусі. Прадстаўнікі расейскіх праваахоўчых органаў зьвяртаюць увагу на тое, што калі Кукуру перавозілі зь месца на месца, на галаву яму надзявалі мех, і таму ён ня мог дакладна вызначыць, куды яго вязуць.

У выкраданьні бізнэсмэна падазраюцца тры асобы: два грамадзяніны Ўкраіны і адзін грамадзянін Армэніі. Сьледзтва разглядае дзьве вэрсіі: Кукура мог быць скрадзены дзеля атрыманьня выкупу, ці выкраданьне зьвязанае зь ягонай пасадаю ў “Лукойлу”.

Справа Сяргея Кукуры – адно зьвяно ў вялікім ланцугу забойстваў, выкраданьняў расейскіх бізнэсмэнаў і палітыкаў. Толькі ў сёлетнім жніўні былі забітыя дэпутат Дзярждумы, кіраўнік Маскоўскай чыгункі, віцэ-губэрнатар Смаленскай воласьці і намесьнік мэру Навасыбірску.

Часопіс “Newsweek” нагадвае, што падобныя злачынствы былі характэрныя для часоў прэзыдэнтства Барыса Ельцына, калі ў Расеі ішоў вялікі перападзел уласнасьці. “Newsweek” адзначае, што гэты перападзел пры дапамозе кулі працягваецца і пры Ўладзімеры Пуціне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG