Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАПЯРЭДАДНI СТРАЙКУ БЕРАСЬЦЕЙСКIЯ ЎЛАДЫ ЗАГАДАЛI КIРАЎНIКАМ ГАНДЛЁВЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ СТВАРЫЦЬ НОВЫЯ МЕСЦЫ НА РЭЧАВЫХ РЫНКАХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня сваю працу спынiлi амаль усе рэчавыя рынкi й гандлёвыя комплексы Берасьця. Адзiным выключэньнем застаўся толькi Цэнтральны рынак гораду, дзе частка прадпрымальнiкаў вырашыла працаваць. У прыватных размовах гандляры гэтага рынку гавораць, што напярэдаднi 1 кастрычнiка адмiнiстрацыя папярэдзiла: усе прадпрымальнiкi, якiя маюць намер браць удзел у страйку, будуць пазбаўленыя гандлёвых месцаў. Тым ня менш, нават на гэтым рынку сёньня можна было бачыць вольныя прылаўкi.

Чакалася, што месца прадпрымальнiкаў зоймуць буйныя гандлёвыя прадпрыемствы, якiя атрымалi загад з аблвыканкаму распачаць гандаль на усiх рынках. Але нiякiх дадатковых месцаў на працягу сёньняшняга дня створана не было.

У сваю чаргу прадпрымальнiкi, што падтрымалi страйк, скардзяцца на недахоп iнфармацыi пра гэтую акцыю. Для некаторых гандляроў, якiя ўжо сплацiлi фiксаваны падатак за кастрычнiк, было нечаканым, што страйк ня мае акрэсьленага тэрмiну.

У iншых рэгiёнах Берасьцейшчыны прадпрымальнiкi па-рознаму ставiлiся да абвешчанага страйку. Так, у Бярозе, Пружанах ды Iвацэвiчах сёньня працавалi асноўныя гандлёвыя пляцоўкi. Iвацэвiцкiя прадпрымальнiкi cвае дзеяньнi тлумачаць крыўдай на сваiх калегаў у iншых месцах Беларусi. Справа ў тым, што ў Iвацэвiчах гандляры страйкавалi ўвесь красавiк, каб абаранiць свае правы. Але тая акцыя не была падтрыманая прыватнымi прадпрымальнiкамi Беларусi.

У Пiнску амаль усе прадпрымальнiкi, што маюць гандлёвыя месцы на рэчавых рынках, падтрымалi страйк. Некаторыя гандляры напярэдаднi 1 кастрычнiка нават арганiзавалi адмысловы распродаж свайго тавару, бо ўпэўненыя, што страйк не абмяжуецца толькi сёньняшнiм днём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG