Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗЬ ВІЦЕБСКУ ДЫ ВОРШЫ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА БЕСТЭРМІНОВАГА РЭСПУБЛІКАНСКАГА СТРАЙКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Са стыхійнага мітынгу распачаўся сёньня працоўны дзень на Полацкім рынку ў Віцебску. Усе 100% тамтэйшых рынкавых гандляроў далучыліся да агульнабеларускага страйку. Паводле аповеду старшыні страйкаму Полацкага рынку Анатоля Шапавалава, учора ў Віцебску прайшоў адмысловы сход прафсаюзу прадпрымальнікаў ды прадстаўнікоў розных абласных структураў, датычных да арганізацыі працы на рынках.

На гэтым сходзе, які працягваўся больш як чатыры гадзіны, прысутнічалі прадстаўнікі падатковае інспэкцыі, аддзелу гандлю, санітарных службаў ды г.д. Яны спрабавалі пераканаць прадпрымальнікаўу тым, што страйкаваць больш як адзін дзень ня мае сэнсу, бо адпаведныя захады дзеля адмены шэрагу падаткаў ды абавязковага ўвядзеньня касавых апаратаў ужо зробленыя на самым высокім узроўні, і што бестэрміновы страйк пацягне толькі грашовыя страты для кожнага ўдзельніка. Але прадпрымальнікі не далі веры гэтым словам, і Полацкі рынак гатовы страйкаваць сама меней два тыдні.

Страйк на Смаленскім рынку ў Віцебску ахапіў таксама ўсе 100% гандляроў. Увогуле на сёньняшні дзень у Віцебску страйкавалі чатыры рынкі, а ў пятніцу, калі патрабаваньні ўдзельнікаў страйку ўсё яшчэ ня будуць задаволеныя, да акцыі пратэсту далучыцца і пяты — рэчавы рынак “Дынама”, які працуе толькі па выходных днях.

Прадпрымальнікі з Воршы сёньня таксама далучыліся да страйку. Кіраўнік страйкаму Аляксандар Сталяроў яшчэ загадзя атрымаў забарону ад гарадзкіх уладаў праводзіць на рынку несанкцыянаваныя мітынгі або сходы. Але несанкцыянаваны сход на аршанскім цэнтральным рынку сёньня адбыўся. Большасьць прадпрымальнікаў выказала гатоўнасьць да працяглага страйку, нягледзячы на тое, што гарвыканкам, якому належыць рынак, абвесьціў там абавязковы 4-дзённы працоўны тыдзень, і кожны дзень прастою пагражае прадпрымальніку стратай працоўнага месца.

Да агульнабеларускага страйку далучыліся сёньня таксама й прадпрымальнікі зь іншых райцэнтраў Віцебшчыны: Браслава, Чашнікаў, Ушачаў, Мёраў, Паставаў ды Лепеля.
XS
SM
MD
LG