Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ РАСПАЧАЎСЯ АГУЛЬНАБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Адзін з арганізатараў Усебеларускага страйку — Аб’яднаная рада прадпрымальнікаў — прад’яўляе ўладам выключна эканамічныя патрабаваньні. Другі ж арганізатар — Беларускі страйкавы камітэт — настойвае і на патрабаваньнях палітычнага зьместу.

Варта нагадаць, што ўпершыню цяперашняя акцыя суправаджаецца эканамічным ціскам на ўлады. Бізнэсоўцы не заплацілі ў бюджэт адзіны падатак.

У Менску сёньня не працавала большасьць прыватных прадпрымальнікаў. На рынку “Дынама” раніцай адбыўся шматлюдны сход з удзелам лідэраў Беларускага страйкавага камітэту. Вось што паведаміў на сходзе старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы вылучаем палітычныя патрабаваньні, таму што бачым, што ўлада не ідзе на кампраміс, не вырашае нашых пытаньняў. Усе праблемы ў бізнэсе створаныя Аляксандрам Лукашэнкам і яго васьмігадовым кірваньнем. Калі б ён хацеў, то вырашыў бы нашыя праблемы цягам трох хвілінаў. Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках вялізную ўладу, усе міністэрствы і ведамствы выконваюць ягоныя ўказаньні. Сэнс гэтых даручэньняў, каб з прадпрымальнікаў выцягнуць апошнія грошы”.

Паводле Леванеўскага, ініцыятыву страйкаму пра адстаўку Лукашэнкі падтрымлівае каля паловы дробных бізнэсоўцаў.

Не працавалі сёньня ў Менску і прадпрымальнікі гандлёвых выставаў: “Паркінгу”, “Купалаўскай”, “Палаца спорту” ды іншых. Апоўдні яны сабраліся ля будынку Менскага гарвыканкаму:

(Спадарыня: ) “У нас акцыя”.

(Іншая спадарыня: ) “У нас акцыя пратэсту”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Нам не патрэбныя ні касавыя апраты, ні рахункі”.

(Іншая спадарыня: ) “Гэта грабеж усіх нашых грошай”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Сёньня гэта адбылося стыхійна. У дадзеным выпадку на “Купалаўскай” не заключалі дамоваў зь людзьмі, якія не заплацілі адзіны падатак. Яны патрабавалі ўстаноўкі касавых апаратаў”.

Удзельнікі сёньняшняй стыхійнай акцыі каля гарвыканкаму напісалі зварот да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з патрабаваньнем адмяніць новаўвядзеньні. На перамовы з Паўлавым яны дэлегавалі лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леаніда Малахава. Аднак кіраўнік менскай вэртыкалі, як паведаміў бізнэсоўцам Малахаў, праігнараваў іхную ініцыятыву:

(Малахаў: ) “Паўлаў сышоў праз “чорны ход”. І калі я запытаў, ці не пераапрануўся ён у іншую вопратку, сказалі, што не. Мы зараз ператэлефанавалі памочніку спадара Паўлава спадару Дудко і высьвятлялі абставіны — чаму ён зьнік са свайго працоўнага месца. Але Дудко сказаў, што ён ня ведае, калі Паўлаў будзе знаходзіцца на месцы. Але ж я прапанаваў зьвязацца з Паўлавым па сотавай сувязі й растлумачыць яму, што тут зьбіраюцца сотні прадпрымальнікаў, каб паразмаўляць са спадаром Паўлавым і перадаць яму нашы патрабаваньні”.

У другой палове дня сталічныя ўдзельнікі Ўсебеларускага страйку сабраліся ў парку Дружбы народаў на санкцыянаваны мітынг, які наладзіла Аб’яднаная рада прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG