Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ХАКЕР АТРЫМАЎ ПАЎГОДА ТУРМЫ; КГБ БЕЛАРУСІ ЗНАЙШОЎ РАСЕЙСКАГА ШПІЁНА ПРАЗ ІНТЭРНЭТ; “АКСАМІТНЫ ЖАХ”, АЛЬБО ЦМОКІ Ў СЕЦІВЕ


Віталь Тарас, Прага

Важнай інфармацыйнай падзеяй тыдня сталася публікацыя дасье “Ірацкая зброя масавага зьнішчэньня”. Дакумэнт, пра зьмест якога мы падрабязна распавядалі, зьмясьцілі адначасова некалькі брытанскіх сайтаў. Цалкам з дасье можна пазнаёміцца на сайце ўраду Вялікай Брытаніі альбо на старонцы пад назвай “№ 10” (адрас канцылярыі брытанскага прэм’ера ў Лёндане – Даўнінг стрыт, 10), а таксама на сайтах Міністэрства замежных справаў, Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ды некаторых іншых.

А цяпер уласна да беларускіх навінаў. Днямі супрацоўнік аднаго зь менскіх прадпрыемстваў Аляксандар Рубацкі быў асуджаны на шэсьць месяцаў зьняволеньня за спробу выкрасьці кампутарную праграму Маскоўскага акцыянэрнага прадпрыемства “Кіберплатком”.

У той час, як беларускі кампутаршчык атрымаў тэрмін за спробу “скачаць” інфармацыю з базы дадзеных расейскай фірмы, яшчэ адзін грамадзянін Беларусі быў пакараны за дзеяньні цалкам процілеглага харакатару. Паводле інфарміацыі КГБ, былы інспэктар Камітэту каштоўных папераў Беларусі нехта Яўген Кукушкін асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі за спробу прадаць сакрэтную службовую інфармацыю расейскай камэрцыйнай фірме. Самае цікавае ў гэтым паведамленьні тое, што КГБ атрымаў зьвесткі аб гэтым злачынстве зь Інтэрнэту. На сайце адной з маскоўскіх фірмаў Кукушкін зьмясьціў каталёг абаронных прадпрыемстваў Беларусі, у якім былі зьвесткі пра 1600 суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку абаронныя.

Ці можна з гэтага зрабіць выснову, што інфармацыя пра дзейнасьць беларускіх прадпрыемстваў ды наагул эканамічная інфармацыя зь Беларусі набыла такую каштоўнасьць, што яна становіцца прадметам незаконнага гандлю? Я папрасіў выказаць сваё меркаваньне дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая:

(Ліпай: ) “Што тычыцца разьмяшчэньня інфармацыі ў Інтэрнэце, то ёсьць закон аб бясьпецы інфармацыі, ёсьць закон аб СМІ. Паводле гэтых законаў трэба і дзейнічаць. БелаПАН не падае асобна эканамічную інфармацыю ці інфармацыю пра палітычныя падзеі. Крэда БелаПАН – паведамляць пра ўсё, што дзееца на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад таго, ці дзееца гэта па волі апазыцыі, ці па волі ўлады, ці па волі нейкай трэцяй сілы, і не даваць уласныя журналісцкія камэнтары. Мы паведамляем пра ўсё важнае, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, і ў нас купляюць менавіта агульную стужку навінаў”.

(Тарас: ) “А якая інфармацыя, усё ж, найбольш цікавіць вашых карыстальнікаў?”

(Ліпай: ) “Розных спажыўцоў цікавіць розная інфармацыя. У прыватнасьці, прадстаўніцтвы некаторых замежных прадпрыемстваў часьцей цікавяцца, канечне, інфармацыяй пра эканамічныя падзеі. А СМІ цікавяць падзеі ва ўсіх сфэрах жыцьця!.

(Тарас: ) “Ці ўзрастае попыт на інфармацыю менавіта зь Беларусі – у тым ліку з боку расейскіх прадпрыемстваў і фірмаў?”

(Ліпай: ) “Узрастае, але, на жаль, ня так хутка, як нам хацелася б”.

Да сказанага Алесем Ліпаем варта дадаць, што ў Беларусі дагэтуль няма закону ні аб Інтэрнэце, ні аб электронных СМІ. Што тычыцца агенцтва БелаПАН, нядаўна яно пачало выпускаць Інтэрнэт-газэту, пра якую мы ўжо распавядалі ў адной з ранейшых перадач і ў якой шмат аналітычных матэрыялаў менавіта на экнамічныя тэмы.

“Аксамітны Жах” – гэтак называецца газэта, якую ў сярэдзіне 1990- х гадоў пачалі выпускаць у Гомелі сябры нефармальнага таварыства Вольных мастакоў. Стваральнікі сайту зьмясьцілі на ім, сярод іншага, урывак з кнігі знакамітага беларускага фальклярыста Мікалая Нікіфароўскага “Нечистики. Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе”, выдадзенай у Вільні ў 1907 годзе. Урывак прысьвечаны пэрсанажу беларускага фальклёру – цмоку:

“Цмок жыве i дзейнiчае сам па сабе, яго ня любяць iншыя нячысьцiкi з-за яго фанабэрыстасьцi. Дзякуючы прыроднай ляноце, нерухавасьцi з-за таўшчынi, Цмок не заўсёды адгукаецца дапамагчы на заклiк чалавека цi на заклiк iншага нячысьцiка. Аднак, калi ён падступiўся да ахвяры – абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, цi вартая яна яго ўвагi, парушанага спакою; калi не – Цмок пагардлiва адварочваецца, пакiдаючы яе iншым нячысьцiкам.

Зьнешне Цмок акуратнейшы за астатнiх нячысьцiкаў, любiць купацца, ходзiць у лазьню i штодзённа мыецца... Прадбачлiвая асьцярожнасьць захоўвае Цмокаў даўжэй, чым усiх нячысьцiкаў. Яны рэдка чапляюцца да простых вясковых людзей. На людзей сямейных Цмокi не нападаюць. Затое парушальнiкi грамадзкiх абавязкаў – першыя iх ахвяры”.

Я патэлефанаваў тэхнічнаму рэдактару і дызайнэру сайту вольных мастакоў, каб запытацца, чаму газэта, а цяпер і сайт атрымалі назоў “Аксамітны Жах”? Паводле майго суразмоўцы, які прадставіўся як Алесь Марцін, ідэя ад пачатку была троху хуліганская. Таму, маўляў, і “жах”. А чаму “аксамітны”?

(Алесь: ) “Ну, таму што не такі ўжо ён быў і жахлівы, як атрымалася насамрэч”.

(Тарас: ) “Улюбёны пэрсанаж вашай газэты – цмок. Вы можаце патлумачыць любоў да гэтага пэрсанажу?”

(Алесь: ) “З цмокамі зьвязана вельмі шмат. Справа ў тым, што “Вольныя мастакі” – яны розныя. Ёсьць такія, каторыя пішуць карціны. Некаторыя вершы пішуць. Ёсьць такія, хто займаецца цалкам пабочнымі рэчамі. А ёсьць такія, што вывучаюць так званае “цмачынае пытаньне”. Гэта кола “беліцкіх дасьледчыкаў”.

Я ня ведаю, калі гэта пачалося. Для мяне гэта пачалося з таго, што аднойчы на раскопках знайшлі мэдальён з выявай цмока. І ў прыватнай гутарцы з прафэсарам Макушнікавым – адным зь вядомых археолягаў – узьнікла пытаньне: ці існавалі на самой справе цмокі, альбо не? Калі іхныя выявы былі на мэдальёнах – значыць, існавалі! Кола беліцкіх дасьледчыкаў пачало вывучаць гэтае пытаньне. І паколькі мы ня можам ні да чога ставіцца спакойна, пакідаць па-за ўвагай, мы гэтую тэму пачалі разьвіваць у розных там казках і гісторыях. І такім чынам, мы проста замілаваліся гэтай тэмай, і яна чырвонай ніткай ўвесь час праходзіць. У нас нават песьня ёсьць “Цмачыны блюз” – гэта амаль што гімн Вольных мастакоў зараз.

А зь іншага боку, калі падысьці сур’ёзна, то, як мне бачыцца, цмок – гэта адбітак беларускай культуры на цяперашні момант. Быццам бы яе і няма, але насамрэч яна існуе, ды яшчэ як! Але ў яе існаваньне мала хто верыць. Вось такую тут паралель можна правесьці. Але гэта маё асабістае меркаваньне, зь якім, мабыць, ня ўсе Вольныя мастакі пагодзяцца”.

Стваральнік “Аксамітнага Жаху” Алесь Марцін абяцае, што калі–небудзь на сайце гомельскіх Вольных мастакоў зьявяцца ўсе дзевяць нумароў газэты – пакуль што ў Інтэрнэце выстаўленыя толькі некаторыя асобнікі. А ў пэрспэктыве можна чакаць і працягу цмачыных ды іншых гісторыяў.

І на заканчэньне – папярэднія вынікі апошняга апытаньня на сайце нашага Радыё: “Ці сталі вы больш глядзець Беларускае тэлебачаньне ад пачатку новага сэзону?” 35% адказалі, што не, 10% – так, а больш за палову – 55% – наагул не глядзяць БТ.
XS
SM
MD
LG