Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭСІЯНСКІЯ ЮДЭІ


Кастусь Бандарук, Прага

Традыцыйна склалася ўяўленьне, што тры вялікія рэлігі: юдаізм, хрысьціянства і іслам, маюць сумесныя карані, але гэта цалкам іншыя рэлігіі. Юдэі не прызналі Ісуса Хрыста Мэсіяй, мусульмане лічаць Яго ўсяго толькі адным з прарокаў. Аднак ня ўсе ведаюць, што значная частка габрэяў па ўсім сьвеце, у тым ліку ў самым Ізраілі, вераць ў Ісуса Хрыста як Мэсію. Яны належаць да гэтак званых “ мэсіянскіх юдэяў”, і пра іх пойдзе гаворка ў сёньняшнім выпуску “Сымбалю веры”.

У перадачы ўдзельнічаюць: равін з Мэсіянскага цэнтру абшчыны з Санкт-Пецярбургу Аляксандар Кікінзон і сябра Габрэйскай Інфармацыйна-Асьветніцкай Лігі “Маген” з Масквы Дзімітры Топчый.

(Бандарук: ) “Зь Бібліі адназначна вынікае, што Ісус Хрыстос, яго няродны бацька Язэп, Божая Маці і 12 апосталаў былі габрэямі з Галілеі і гаварылі на арамейскім дыялекце. У Кнізе Дзеяў Апостальскіх, у якой апісаныя першыя 30 гадоў гісторыі Царквы, чытаем, што пасьля Ўваскрэсеньня Хрыста сабраліся 120 Ягоных прыхільнікаў (Дзеі 1, 16). У дзень Пяцідзясятніцы пасьля казані Пятра да грамады “назарэяў” – бо гэтак тады называлі сэкту прыхільнікаў Настаўніка з Назарэту – далучыліся 3000 чалавек. Гэта былі і габрэі, і празэліты, паганцы, якія раней прынялі юдаізм. Калі апостал Павал прыбыў у Ерусалім, назарэйскі рух налічваў некалькі тысячаў чалавек (у грэцкім тэксьце “мірыяды”, г.зн. дзясяткі тысячаў). У Бібліі гаворыцца, што ўсе яны, як і апостал Павал, прытрымліваліся Майсеевага Закону, паддаваліся абразаньню, наведвалі Храм і адзначалі сьвяты. Тэрмін “хрысьціяне” зьявіўся толькі тады, калі ў Хрыста паверылі першыя не-габрэі, грэкі з найбуйнейшага тады сырыйскага гораду Антыёхія (Дзеі 11,21). Аднак з Эвангельля вядома, што габрэі дамагліся сьмерці Хрыста, яны ўзялі на сябе і адказнасьць за гэтую сьмерць: “Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях”. У сваёй асноўнай масе габрэі засталіся пры сваёй старой веры, пры майсеевым Законе, і такі склаўся стэрэатып пра іх – што яны не прынялі Хрыста, ні як Мэсію, ні як Сына Божага, што дагэтуль чакаюць прыйсьця сапраўднага Збавіцеля. Тымчасам аказваецца, што ёсьць і актыўна разьвіваецца сярод габрэяў гэтак званы “мэсіянскі рух”. З просьбай патлумачыць, што гэта такое, я зьвярнуўся да равіна Аляксандра Кікінзона з Санкт-Пецярбургу”.

(Кікінзон: ) “Гэта рух габрэяў, якія вераць у Іешуа-Ісуса Хрыста як свайго Збавіцеля і пры гэтым лічаць, што яны маюць права заставацца ў этнаграфічным, культурным і нацыянальным сэнсе габрэямі. Дарэчы, калі любога чалавека спытаеце пра ягоную нацыянальнасьць, дык ён ня скажа: я па нацыянальнасьці – хрысьціянін. Аднак ад габрэяў, якія паверылі ў Ісуса як Мэсію, чамусьці многія патрабуюць адмовіцца ад прыналежнасьці да габрэйскага народу. Дакладна гэтак лічаць і многія артадаксальныя равіны: калі ты паверыў у Ісуса, ты цяпер хрысьціянін, ты здрадзіў свайму народу, ты ўжо ня можаш быць габрэям. У гэтым сэнсе назіраецца дзіўнае аднадумства паміж некаторымі хрысьціянскімі сьвятарамі і юдэйскімі равінамі, у традыцыйным сэнсе гэтага слова”.

(Бандарук: ) “Аргумэнт здрады, пра якую кажа равін Кікінзон, ужываўся з апостальскіх часоў. Мэсіянскія габрэі, бадай, ніколі ня мелі магчымасьці прытрымлівацца сваіх традыцыяў, мовы і культуры, і адначасова верыць ў Іешуа як Мэсію. Яны заўсёды стаялі перад драматычным выбарам: або цалкам адмовіцца ад усяго габрэйскага і ўліцца ў Царкву, або заставацца традыцыйнымі юдэямі. Гэта, у сваю чаргу, выклікала рэпрэсіі, і пры тым стымуляваныя Царквою. Згодна з алегарычным, нелітаральным тлумачэньнем Новага Запавету, Айцы Царквы, такія, як Арыген і Ян Залатавусны ды іншыя, пашыралі перакананьне, што Бог адвярнуўся ад габрэйскага народу і зараз Царква зьяўляецца духоўным Ізраілем. Такая пазыцыя паўплывала на рашэньне 4-га Латэранскага Сабору (1215 г.), згодна зь якім габрэі павінны былі жыць ў гетах і насіць на вопратцы знак прыналежнасьці да “хрыстазабойцаў”. Як лічыць старшыня мэсіянскай абшчыны “Бэйт Сар Шалом” у Тэль-Авіве Генрых Нойгаўз, вось таму Мартын Лютэр загадваў зьнішчаць сынагогі, габрэяў ў прымусовым парадку хрысьцілі, пазбаўлялі маёнткаў, выганялі з розных краінаў, адбываліся пагромы, а ў хрысьціянстве ўмацавалася такая ганебная зьява, як “царкоўны антысэмітызм”, безь якога, як некаторыя лічаць, немагчымы быў бы і Галакост.

З прычыны свайго адметнага лёсу цягам дзьвюх тысячаў гадоў габрэі прытрымліваліся веры ў прыход Мэсіі-Збаўцы. З прычыны тугі за выратаваньнем зьяўляліся і самазваныя Мэсіі: у 132 г. н. э. Мэсіяй быў аб’яўлены арганізатар паўстаньня супраць рымлянаў Бар-Кохба. Пры канцы 7 стагодзьдзя габрэй з Пэрсіі Абу Іса Аль-Ісфагані назваў сябе прарокам і папярэднікам Мэсіі. У 720 годзе габрэй з Сырыі абвесьціў сябе Мэсіяй і абяцаў аднавіць габрэйскае каралеўства ды выгнаць мусульманаў. Такім чынам, час ад часу зьяўляліся людзі, якія абвяшчалі сябе доўгачаканым Збавіцелем. Многія ім верылі, бо ў перасьледаваным, расьцярушаным народзе ўвесь час жыла вера ў цудоўнае выратаваньне выбранага народу і аднаўленьне яго былой велічы.

Безупынны перасьлед з розных бакоў, непрыманьне мэсіянскіх габрэяў і з боку юдаізму, і хрысьціянства пачало зьмяняцца цалкам нядаўна, разам са зьяўленьнем мэсіянскага руху. Гаворыць пра гэта равін Аляксандар Кікінзон”.

(Кікінзон: ) “Гэты рух у сучаснай форме распачаўся ў канцы 19-га стагодзьдзя. Пачынальнікам быў равін Ёсіф Рабіновіч, які прыехаў у сьвятую абяцаную зямлю – Ізраіль, і там, на гары Сынай, атрымаў ад Бога адкрыцьцё. Ён паверыў у Мэсію – Ісуса Хрыста-Іешуа Га-Машыах. Пасьля вяртаньня ў Кішынёў ён і пачаў прапагандаваць мэсіянскі рух. Бурны рост мэсіянскіх абшчынаў наступіў ў 1960-я гады, у Амэрыцы, а таксама ў Эўропе. Зараз, ён вельмі актыўны ў краінах былога Савецкага Саюзу. Нават у самым Ізраілі, незважаючы на апантаны супраціў з боку ўладаў і рэлігійных лідэраў, там больш за 100 мэсіянскіх абшчынаў і з многімі зь іх мы падтрымліваем кантакты”.

(Бандарук: ) “Гаварыў равін Аляксандар Кікінзон з Мэсіянскага цэнтру ў Санкт-Пецярбурзе. Дарэчы, артадаксальныя габрэі ў Ізраілі моцна супраціўляюцца мэсіянскаму руху. Яны дасягнулі прыняцьця Кнэсэтам анты-мэсіянскіх законаў, здараюцца падпалы малітоўных дамоў і напады на вернікаў. Мэсіянскім габрэям зь іншых краінаў ускладняюць таксама эміграцыю ў Ізраіль.

Аб тэмпах разьвіцьця мэсіянскага руху сярод габрэяў можа сьведчыць той факт, што 10 гадоў таму на тэрыторыі былога СССР мэсіянскіх абшчынаў было ўсяго каля аднаго дзясятка, а зараз іх болей за 200. Ня ўсім гэта падабаецца. Галоўны равін Расеі Берл Лазар выказаў трывогу ў сувязі зь дзейнасьцю таталітарных сэктаў, якія спрабуюць зьвязаць сябе зь юдэйскай традыцыяй. Ён назваў такія юдэйска-хрысьціянскія сэкты, як “ Габрэі за Хрыста”, “Габрэйскі Голас”, “Выбраны Народ”. “Гэтыя спадары, – заявіў Берл Лазар, – уводзяць людзей у зман. Яны прыкідваюцца прадстаўнікамі юдаізму, хаця добра ведаюць, што зь юдаізмам іхныя погляды ня маюць нічога супольнага. На чале гэтых арганізацыяў стаяць авантурысты, адзінае жаданьне якіх – зарабіць грошы”. Вось што сказаў на гэты конт сябра Габрэйскай Інфармацыйна-Асьветніцкай Лігі “Маген” Дзімітры Топчый:

(Топчый: ) “Ведаеце, згодна з габрэйскім законам, калі габрэй пераходзіць у іншую рэлігію, ён губляе лучнасьць са сваёй рэлігіяй і ня можа больш называць сябе габрэям. Адпаведна, іншае ўжо і стаўленьне да яго з боку габрэйскай абшчыны. Тое, што “мэсіянскія габрэі” скарыстоўваюць усе традыцыйныя сымбалі юдаізму: зорку Давіда, сямісьвечнік, што адзначаюць габрэйскія сьвяты, мы ўспрымаем як блюзьнерства і зьдзек над імі. Мы лічым, што галоўная прычына актыўнасьці гэтых сэктаў ў тым, што яны маюць вельмі багатых спонсараў. Тут усё грунтуецца на вельмі шчодрым фінансаваньні. Мы ня ведаем, каму гэта выгадна, але напэўна галоўную ролю тут адыгрываюць грошы. Мы ня кажам, што хрысьціянства дрэннае. Мы проста ня хочам, каб нехта зьневажаў сьвяшчэнную традыцыйную рэлігію габрэяў”.

(Бандарук: ) “Сказанае Дзімітрыем Топчыем пацьвердзіў і прэзыдэнт Лігі “Маген” Аляксандар Лапшын. Паводле яго, няпраўда, што вера ў Ісуса дапаўняе юдаізм, што можна быць адначасова юдэем і хрысьціянінам, бо гэта супярэчыць асновам абедзьвюх рэлігіяў.
Спадар Кікінзон, што Вы думаеце на гэты конт?”

(Кікінзон: ) “Я асабіста ведаю Аляксандра Лапшына; мы зь ім час ад часу кантактуем. Ягоная пазыцыя і так даволі прагрэсіўная ў тым сэнсе, што ён ўсё ж не адмаўляе нам права заставацца габрэямі. Аднак на падставе некаторых канонаў Талмуду ён лічыць, што такія людзі павінны пакаяцца і адмовіцца ад веры ў Ісуса і вярнуцца да артадаксальнага юдаізму. Ягоная пазыцыя дазваляе нам, прынамсі ў некаторым фармальным сэнсе, заставацца габрэямі. У кожным разе, хто б і што б пра нас не гаварыў, мы не зьяўляемся таталітарнай сэктай. Мы проста верым ў Ісуса Хрыста як Мэсію і пры гэтым лічым сваім неад’емным правам прыналежнасьць да габрэйскага народу”.

(Бандарук: ) “Такім чынам, у пытаньні, хто мае права называць сябе габрэем, няма аднадумнасьці. Аднак з боку традыцыйных габрэйскіх абшчынаў гучаць на адрас мэсіянскага руху шматлікія канкрэтныя абвінавачаньні: што габрэяў на тэрыторыі былога СССР вэрбуюць замежныя місіянэры-авантурысты, што гэтыя людзі самі ня вераць у тое, што яны прапаведуюць, што тут відавочная афэра, што з гэтым зьвязаныя вялікія грошы? Спадар Кікінзон, ці гэта праўда?”

(Кікінзон: ) “З пачатку 1960-х гадоў, і з часу перабудовы, многія папракаюць нас за тое, што нашае зьяўленьне – гэта ў асноўным заслуга місіянэраў з Амэрыкі і Заходняй Эўропы, што гэта вынік зьнешняй прапаганды, што нашая дзейнасьць шчодра фінансуецца з-за мяжы. Я вас магу запэўніць, што прынамсі за апошнія 5 гадоў, росквіт місіянэрскіх абшчынаў адбываецца не дзякуючы місіянэрскай дзейнасьці звонку, а менавіта дзякуючы прасьвятленьню і ўзьдзеяньню Сьвятога Духа. Шляхам аналізу Пісаньня, шляхам вывучэньня Торы і ўсяго Танаху многія габрэі пачалі прыходзіць да веры ў боскасьць і мэсіянства Госпада. У былым Савецкім Саюзе гэты рух асабліва разьвіваецца на тэрыторыі Расеі, Украіны і Беларусі. Шмат мэсіянскіх абшчынаў зьявілася ў Беларусі. У самім Менску іх некалькі”.

(Бандарук: ) “Пасьля гэтай згадкі равіна Кікінзона я спрабаваў зьвязацца зь беларускімі мэсіянскімі абшчынамі: “Сіён-Ерусалім”, “Сьвет Ізраіля”, “Бэйт Шалом”, “Слухай Ізраіль”. У найбольшых абшчынах у Менску, дзе равінамі зьяўляецца Сьцюрт Вінаград і Мікалай Хаскін, адмовіліся расказаць мне пра мэсіянскі рух. Маўляў, а навошта гэта вам? Мы вас ня ведаем. Можа, калі-небудзь у будучыні і г.д. Адпісаў толькі на электронны ліст равін Андрэй Кміт, які зараз працуе ў якасьці місіянэра ў Днепрапятроўску, але зьвязацца зь ім праз тэлефон не ўдалося. У Менскім Габрэйскім Грамадзкім Доме сказалі, што мэсіянскія абшчыны даволі закрытыя. Пераважна яны пазьбягаюць розгаласу, у чым я і пераканаўся.

У кожным разе, мэсіянскія габрэі – незвычайная зьява. Артадаксальныя юдаісты лічаць іх рэнэгатамі, Царква глядзіць на іх зь недаўменьнем і ня можа зьмірыцца з гэтымі паўгабрэямі, паўхрысьціянамі. Ніхто звонку ня можа зразумець, як можна зьбірацца ў сынагогах, чытаць Тору і ўвесь Танах, габрэйскую Біблію, практыкаваць абразаньне, сьвяткаваць габрэйскія сьвяты, але адначасова прызнаваць Новы Запавет і верыць ў Ісуса Хрыста як Мэсію, якога некалі забілі іхныя суайчыньнікі. Аднак мэсіянскі рух жыве і ўмацоўваецца паўсюль, дзе жывуць сыны Аўраама, Іцхака і Якуба. Выглядае, што спатрэбілася 2000 гадоў пошукаў і блуканьняў, каб вярнуцца да таго, што было ў самым пачатку”.
XS
SM
MD
LG