Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У НАС ЁСЬЦЬ АДЧУВАНЬНЕ, ШТО ЛУКАШЭНКА ШТОСЬЦІ ВЕДАЕ ПРА ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ”


Юры Дракахруст, Прага

“У нас ёсьць адчуваньне, што Лукашэнка штосьці ведае пра зьніклых палітыкаў”, – заявіў адмысловы дакладчык Рады Эўропы па Беларусі, нямецкі парлямэнтар Вольфганг Бэрэндт. Ён паведаміў пра гэта ў інтэрвію, апублікаваным на інтэрнэт-старонцы Рады Эўропы. Сп-р Бэрэндт, спаслаўшыся на разьведныя крыніцы, выказаў меркаваньне, што зьніклыя палітыкі былі забітыя і што да гэтага мелі дачыненьне высокапастаўленыя асобы ў Беларусі. Ён адзначыў, што хаця паводле колькасьці зьніклых цяперашнюю Беларусь нельга параўнаць з колішнімі дыктатурамі ў Чылі і ў Аргентыне, але пэўнае падабенства, паводле сп-ра Бэрэндта, усё ж існуе. “Задача адмысловай камісіі – праліць сьвятло на гэтыя справы”, – заявіў сп-р Бэрэндт.

На думку дакладчыка Рады Эўропы па Беларусі, сытуацыя ў краіне істотна пагоршылася, асабліва ў галіне свабоды слова. Амаль напярэдадні адкрыцьця сэсыі асамблеі ў Менску быў асуджаны журналіст Віктар Івашкевіч. Эўрапейскія парлямэнтары ня толькі адмовіліся аднавіць для нацыянальнага сходу Беларусі статус адмыслова запрошанага ў Радзе Эўропы, Асамблея амаль адзінагалосна прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем брутальнага парушэньня правоў чалавека афіцыйным Менскам. Паводле Вольфганга Бэрэндта, “Лукашэнка хоча пракласьці шлях у Эўропу праз супрацьстаяньне, спадзеючыся, што эўрапейскія парлямэнтары ня здолеюць сказаць ”Не”. Тут ён памыляецца – працягваў сп-р Бэрэндт – яму прыйдзецца шмат што зрабіць, каб адпавядаць нашым патрабаваньням”.



САВЕТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ АДХІЛІЎ ПРАПАНОВУ АБ СТВАРЭНЬНІ КАМІСІІ ДЛЯ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ СПРАВАЎ ЗЬНІКЛЫХ

Савет палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу адхіліў прапанову дэпутата Валера Фралова аб стварэньні парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваньня абставінаў зьнікненьня вядомых беларускіх грамадзкіх дзеячоў.

Сп-р Фралоў лічыць, што стварэньне такой камісіі дазволіла б выключыць спэкуляцыі вакол гэтай праблемы. Ён нагадаў пра заклапочанасьць з боку Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і з боку Дзярждумы Расеі зьнікненьнем ў Беларусі вядомых людзей. Аднак сябры савету палаты палічылі, што стварэньне такой камісіі можа першкодзіць працы сьледчых органаў і будзе ўмяшальніцтвам у кампэтэнцыю выканаўчай улады. Валер Фралоў заявіў, што вынясе сваю прапанову на разгляд сэсіі палаты.

Сваім рашэньнем Савет палаты ўласнаручна падцьвердзіў пазыцыю міжнародных арганізацыяў, якія не прызнаюць палату прадстаўнікоў сапраўдным парлямэнтам Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG