Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЭРБІІ АДБЫЛІСЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Правам голасу валодалі 6,5 мільёна сэрбаў. Паводле Цэнтру Свабодных Выбараў і Дэмакратыі, выбарчая актыўнасьць была даволі нізкай і склала 55% . Агулам на пасаду прэзыдэнта Сэрбіі балатаваліся 11 кандыдатаў. Згодна з папярэднімі вынікамі галасаваньня, цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Воіслаў Каштуніца набраў 31% галасоў, намесьнік прэм’ера Югаславіі Міралюб Лабус – 28%, а нацыяналістычны лідэр Воіслаў Шэшаль – 22,5 адсоткі, што для ўсіх было, бадай, найбольшай нечаканасьцю. Дарэчы, Шэшаля падтрымаў з гаагскай турмы былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошэвіч. Усе яны выказалі задаволеньне вынікамі першага туру выбараў. Воіслаў Каштуніца, у прыватнасьці, сказаў:

(Каштуніца: ) “Вынікі першага туру паказалі тое, што мяне вельмі падбадзёрвае: менавіта тое, што Сэрбія ня хоча прадпрымаць рэзкіх зьменаў і крайнасьцяў. Я веру ў посьпех. Я перакананы, што палітыка і праграма, якія я прапанаваў – слушныя. І думаю, што добра арганізаваная і стабільная Сэрбія – гэта тое, чаго хоча большасьць нашых грамадзянаў”.

Задаволеньне вынікамі першага туру і аптымізм адносна канчатковага выніку галасаваньня выказаў таксама асноўны контр-кандыдат Каштуніцы Міралюб Лабус:

(Лабус: ) “Я задаволены вынікам, паколькі я стартаваў з горшай пазыцыі і набраў мільён галасоў. Я лічу, што ў другім туры я змагу данесьці маю праграму да ведама ўсіх тых, хто зараз сумняецца наконт таго, ці Сэрбія павінна працягваць эканамічныя і дэмакратычныя рэформы і быць прынятай ў Эўразьвяз як мага хутчэй”.

Што тычыцца Воіслава Шэшаля, дык у дзень выбараў ён заявіў, што “дасьпелі ўмовы для карэннай зьмены ўлады, і гэта адбудзецца ужо ў найбліжэйшы час”. Дарэчы, і Шэшаля, і Лабуса пераможца ў першым туры Каштуніца назваў “экстрэмістамі”. Каштуніца і Лабус уступілі ў адкрытае спаборніцтва, і некаторыя лічаць, што таму яны страцілі частку галасоў на карысьць Шэшаля.

Адносна праграмаў паміж Каштуніцам і Лабусам няма вялікіх рознагалосьсяў. Цяперашні прэзыдэнт Югаславіі выступае за паступовыя, памяркоўныя рэформы і асьцярожна падыходзіць да інтэграцыі краіны ў заходнія структуры. У часе выбарчай кампаніі ён крытыкаваў рэфарматарскі ўрад Зорана Джынджыча за карупцыю і непавагу да закону. З другога боку, у выпадку перамогі ў другім туры яму не застанецца нічога іншага, як працягваць рэформы Джынджыча, інакш краіна рызыкуе страціць эканамічную дапамогу з Захаду. Аднак Каштуніца не адмаўляўся таксама ад нацыяналістычнай рыторыкі. Ён заяўляў, што падзел Сэрбіі і сэрбскай часткай Босьніі толькі часовы, і абедзьве часткі ў хуткім часе аб’яднаюцца.

Што тычыцца Міралюба Лабуса, дык ён выступаў у якасьці пра-эўрапейскага эканаміста. Ён падкрэсьліваў, што толькі дзякуючы рэформам Сэрбія дасягне дабрабыт і ў будучыні далучыцца да Эўразьвязу. “Мой выбар будзе выразным сыгналам, што Сэрбія зьяўляецца бясьпечным месцам для замежных інвэстыцыяў”, – сказаў Лабус. Адносна Шэшаля можна сказаць, што ён паўтарыў усе асноўныя пункты праграмы Слабадана Мілошэвіча, якая ў 1990 годзе прывяла да вайны на Балканах. У часе вайны ў Босьніі і Харватыі ён камандаваў нефармальнымі ўзброенымі групоўкамі, і раней ці пазьней стане перад Міжнародным Трыбуналам у Гаазе. Шэшаль, у прыватнасьці, выступае за вяртаньне Косава пад кантроль Белграду любымі сродкамі і лічыць акупантамі разьмешчаныя ў правінцыі міжнародныя сілы.

Фаварытам ў другім туры выбараў аглядальнікі згодна лічаць Воіслава Каштуніцу, паколькі за яго аддадуць свае галасы тыя, хто зараз галасаваў за Шэшаля. Апрача таго, карысьць ад тых рэформаў, якія прапагандуе Лабус, не для ўсіх відавочная. Урад Джынджыча зьбіў інфляцыю на траціну, сярэднія месячныя заробкі дасягнулі амаль 150 эўра, але лібэралізацыя цэнаў балюча адбілася на коштах. Аднак існуе яшчэ адна сур’ёзная небясьпека. Можа здарыцца, што ў другім туры галасаваньня на выбарчыя ўчасткі прыйдзе менш як палова выбаршчыкаў, і тады ўвесь выбарчы працэс пачнецца зноўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG