Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНЫХ СЯБРАЎ КХП БНФ У СУДЗЕ КАРАЮЦЬ ТРОХСУТАЧНЫМІ АРЫШТАМІ.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора пасьля мітынга ў абарону Незалежнасьці міліцыя затрымала выканаўцу абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрася Беленькага, прэсавага сакратара партыі Валера Буйвала, а таксама актывістаў Зьдзіслава Абрэмскага, Кастуся Кошаля й Уладзімера Плотнікава. Ўсю ноч яны правялі ў спэцпрыёмніку, а сёньня раніцай былі дастаўленыя ў суд.

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч спрабавала пачаць разгляд справаў адразу, але затрыманыя запатрабавалі адваката Веру Страмкоўскую. Акрамя гэтага, Юрась Беленькі выказаў недавер судзьдзі, бо яна ўжо аднаго разу судзіла Юрася і яе рашэньне было адмененае гарадзкім судом. Адвод спадарыня Вайцяховіч не задаволіла, але пагадзілася выклікаць у суд адваката. У перапынку Юрась Беленькі сказаў нашаму радыё:

(Беленькі: ) "Калі чалавек заклікае выконваць Канстытуцыю – асноўны закон дзяржавы – і за гэта яго прыцягваюць да адказнасьці, то напэўна большага абсурду прыдумаць немагчыма".

У часе судовага перапынку высьветлілася, што адвакат Страмкоўская зможа выступіць у судзе толькі 6 кастрычніка. Затрыманыя прасілі адкласьці разгляд іх справаў, але безвынікова. Судзьдзя запрасіла ў суд іншых адвакатаў.

Усе актывісты КХП БНФ заявілі пратэст судзьдзі на тое, што ім не прадаставілі адваката, якому яны давяраюць, і адмовіліся адказваць на пытаньні Натальлі Вайцяховіч. Тым ня менш гэта не перашкодзіла судзьдзе даць па трое сутак адміністратыўнага арышту Юрасю Беленькаму, Уладзімеру Плотнікаву й Зьдзіславу Абрэмскаму.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Відавочна, што рашэньне было замоўленае раней. Адбыліся розныя працэсы, розныя асобы, абсалютна розныя абставіны, а прысуд адзін. Таму, я думаю, цяпер слова за пракуратурай. Я спадзяюся, што ўзяўшы гэтыя матэрыялы, пратакол судовага паседжаньня, пракуратура адпаведна адрэагуе".

А гэта думка Ўладзімера Плотнікава:

(Плотнікаў: ) "Гэта ўсё было сплянаванае раней. На які тэрмін асудзіць. Сьведак няма – судзяць бяз сьведак, адваката няма – судзяць без адваката. Ну што гэта? Ганьба судзьдзі Вайцяховіч!"

Сябры КХП БНФ сёньня ж абскардзілі дзеяньні судзьдзі Вайцяховіч у пракуратуры. Суд над Валерам Буйвалам і Кастусём Кошалям адбудзецца заўтра. Час да суду яны правядуць за кратамі.
XS
SM
MD
LG