Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КУЧМА КАТЭГАРЫЧНА АДМАЎЛЯЕЦЦА ІСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ


Валер Каліноўскі, Кіеў

Процістаяньне ва Ўкраіне перайшло ў фазу слоўных баталіяў. Лідэр блоку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка сёньня заявіў пра тое, што апазыцыя цяпер як ніколі блізкая да перамогі. А Юлія Цімашэнка прабілася на дзяржаўнае тэлебачаньне і заклікала працягваць бестэрміновую акцыю “Паўстань, Укріана!” Тым ня менш, Леанід Кучма выбраў зручны для сябе час, каб падвесьці вынікі двухтыднёвага процістаяньня з апазыцыяй – пасля таго як ягоным паплечнікам ўдалося сфармаваць прапрэзыдэнцкую большасьць у Вярхоўнай Радзе. Гэта дало Кучме дадатковыя козыры, каб заявіць пра сваю катэгарычную нязгоду з патрабаваньнямі непрымірымай, паводле ягоных словаў, апазыцыі сысьці ў адстаўку і правесьці пазачарговыя выбары.

У сваім тэлезвароце да нацыі Леанід Кучма ахарактарызаваў сытуацыю ў краіне як палітычную крызу. Паводле ягоных словаў, антыпрэзыдэнцкія мітынгі сабралі толькі 50 тысячаў чалавек з 50 мільёнаў грамадзян. Ён прызнаў, што простыя грамадзяне маюць натуральныя прычыны для выказваньня незадавальненьня, але што не яны, а апазыцыйныя дэпутаты сталіся парушальнікамі грамадзкага парадку. Паводле спадара Кучмы, апазыцыя настойвае на сілавой зьмены ўлады і нават грамадзка-палітычнай сыстэмы ў краіне. У сваёй прамове спадар Кучма фактычна запалохаў суайчыньнікаў магчымасьцю грамадзянскай вайны. “Украіне рэвалюцыя не патрэбная”, – заявіў ён. У адрозьненьне ад большасьці краінаў былога Савецкага Саюзу, Украіна пазьбегла крыві і грамадзянскай вайны, сказаў прэзыдэнт Кучма. На свой рахунак ён аднёс і пачатак эканамічнага росту, стабільнасьць нацыянальнай валюты.

Апазыцыя ж, паводле ягоных словаў, блякуе працу парлямэнту, з-за чаго ўжо прыпыніліся пэўныя сацыяльныя праграмы і ствараецца нэгатыўны імідж Украіны ў сьвеце, што нават можа прывесьці да санкцыяў з боку міжнародных арганізацыяў, – заявіў Леанід Кучма.

Апошні пасаж, на думку прадстаўнікоў апазыцыі, выглядае зусім сьмешным, бо менавіта дазвол Кучмы на продаж у Ірак супрацьракетных комплексаў “Кальчуга” ужо прывёў да спыненьня амэрыканскай дапамогі і разьбіральніцтваў у ААН. ЗША накіравалі ў Кіеў прадстаўніка Дзярждэпарамэнту Элізабэт Джоўнс, якая прыбывае ў гэты панядзелак для вывучэньня матэрыялаў пра гэтыя скандальныя радарныя комплексы.
XS
SM
MD
LG