Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 КАСТРЫЧНІКА — УСЕБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ДРОБНЫХ БІЗНЭСОЎЦАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня арганізатары Ўсебеларускага страйку прадпрымальнікаў назвалі папярэднюю лічбу фінансавых стратаў, якія чакаюць бюджэт краіны ў кастрычніку.

У прыватнасьці, паводле зьвестак Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў, бюджэт недаатрымае 16–17 мільёнаў даляраў у выніку няўплаты адзінага падатку. З гэтага вынікае, што каля 70% прадпрымальнікаў ужо выказалі пратэст супраць новаўвядзеньняў, якія рэзка пагоршылі іхныя ўмовы працы. 1 кастрычніка яны зьбіраюцца пацьвердзіць гэты пратэст страйкам на працоўных месцах.

Лідэры Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў сёньня зьбіраліся паінфармаваць пра пачатак страйку асабіста Аляксандра Лукашэнку. Аднак зрабіць гэта ім не ўдалося. Вось што распавёў нашаму радыё прадстаўнік рады Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Да прэзыдэнта не падысьці з чатырох бакоў. Нашу заяву ў сакратарыят ніхто не прымаў. Сказалі, каб мы апусьцілі яе ў скрыню для лістоў. Туды, куды людзі нясуць свае скаргі. Адным словам, наўпрост нас ніхто не захацеў выслухаць. З другога боку, сёньня паўсюдна за намі рухаецца аўтамабіль — асобы з адпаведных структураў у нас пастаянна “сядзяць на хвасьце”. Яны пакуль ніякіх дзеяньняў ня робяць, але нас кантралююць. Гэта ёсьць адным з фактараў псыхалягічнага ціску на каардынатараў руху”.

Паводле яго, Аб’яднаная рада заўтра мяркуе наладзіць у Менску мітынг у абарону правоў прадпрымальнікаў. Аляксандар Лапотка паведаміў, што прыхільнікі рады пакуль абмяжоўваюцца эканамічнымі патрабаваньнямі.

Беларускі страйкавы камітэт таксама сёньня рыхтаваўся да страйку. Як паведаміў нашаму радыё каардынатар страйкаму па Менску і Менскай вобласьці Леанід Каліценя, “страйкамаўцы” заклікаюць сваіх прыхільнікаў, апроч эканамічных патрабаваньняў, прад’явіць і палітычныя.

(Каліценя: ) “Адным з палітычных патрабаваньняў ёсьць ініцыятыва пра імпічмэнт прэзыдэнту Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з тым, што ягоная эканамічная палітыка цягам апошніх васьмі гадоў не адпавядае інтарэсам айчыннага дробнага бізнэсу. Ён спрычыніўся да зьяўленьня заканадаўчых актаў, якія штрафы і праверкі ўвялі ў ранг галоўнага кірунку палітыкі ў дачыненьні да прадпрымальнікаў. Гэты зыходзіць выключна ад кіраўніка дзяржавы”.

Леанід Каліценя зазначыў, што на прадстаўнікоў страйкаму ўлады таксама аказваюць моцны ціск, каб сарваць бестэрміновую акцыю.

Моцны супраціў арганізатары Ўсебеларускага страйку адчуваюць і ў рэгіёнах. Улады спрабуюць прымусіць бізнэсоўцаў заплаціць падаткі й адмовіцца ад пратэсту.
XS
SM
MD
LG