Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШУК: “ПЭРСПЭКТЫВЫ ВЯШЧАНЬНЯ "СВАБОДЫ" НА БЕЛАРУСЬ ДОБРЫЯ. НА ЖАЛЬ”


Ул. інф.

(Вядучы: ) “Аляксандар, у сувязі са сканчэньнем вяшчаньня Радыё Свабода у Чэхіі, напэўна, нашых слухачоў у Беларусі цікавяць пэрспэктывы вяшчаньня на Беларусь”.

(Лукашук: ) “На жаль, пэрспэктывы добрыя. На жаль, бо місія, якую выконвае радыё Свабода, сама у сабе нясе сваё заканчэньне – у свабодным дэмакратычным грамадзтве усе маюць права і магчымасьць выказаць свае погляды, распаўсюдзіць ці атрымаць ідэі ўнутры краіны і за мяжой. У такім грамадзтве няма патрэбы ў радыё Свабода, асноўная задача якога была выконваць ролю свабоднага мясцовага радыё. Закрыцьцё чэскай службы, як раней закрыцьцё вяшчаньня на Вугоршчыну і Польшчу – кульмінацыя радыё, прызнаньне пасьпяховага завяршэньня місіі.

Закрыцьцё вяшчаньня на Беларусь з прычыны свабоднага разьвіцьця беларускага грамадзтва, на жаль, пакуль нашым слухачам не пагражае. Больш за тое, Беларусь – адзіная краіна зь ліку тых, куды вяшчае Свабода у Эўропе, дзе няма мясцовай рэтрансьляцыі. Між тым, кароткахвалёвае радыё ва ўсім сьвеце ўжо саступіла FM-станцыям; нялішне зазначыць, што адпаведныя прыймачы даволі дарагія, і іх вытворчасьць у Беларусі і ў суседніх краінах рэзка зьменшаная. Нашыя слухачы па-ранейшаму ловяць сыгнал Свабоды, які перадаецца з-за мяжы – як за часам халоднай вайны”.

(Вядучы: ) “Беларуская служба Радыё Свабода пачала вяшчаць праз два гады пасьля чэскай. У чым падабенства і асноўная розьніца вяшчаньня на Беларусь і Чэхію?”

(Лукашук: ) “Задачы былі аднолькавыя – распаўсюджваць свабодную інфармацыю і ідэі. Вялікая розьніца адчулася ў сярэдзіне 1960-х, калі пачыналіся першыя парасткі праскай вясны. У Беларусі падобнага часу давялося чакаць яшчэ 20 гадоў. Ну і пасьля 1968 году – тысячы чэхаў і славакаў эмігравалі, але савецкая акупацыя вельмі рэзка палітызавала грамадзтва. Таксама перад чэскімі калегамі, ў адрозьненьне ад нас, не стаялі так трагічна праблемы сувэрэнітэту і роднай мовы, захаваньня культурнай спадчыны ці нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І ўсё ж у справе вяшчаньня на Чэхаславакію, і потым Чэхію, як і на Беларусь, было хіба больш агульнага. Любы таталітарызм заўсёды фальсыфікуе мінулае, сучаснасьць і будучыню. Свабоднае радыё пакліканае даваць каардынаты нормы ў скажоным сьвеце і так дапамагаць чалавеку ў цяжкай справе свабоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG