Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ВАЙСКОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ ІРАКУ АБВЯРГАЕ ЗЬВЕСТКІ ПРА ВАЙСКОВА-ТЭХНІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗЬ МЕНСКАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Гэта другі візыт віцэ-прэм’ера Іраку Абдула Хувэйша ў Менск за апошнія паўгода. У адрозьненьне ад папярэдняга знаходжаньня ў Беларусі, цяпер ён больш адкрыты для прэсы. А некаторыя сустрэчы маюць пэўны прапагандысцкі характар. Напрыклад, наведваньне Цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны ў Аксакаўшчыне.

Там віцэ-прэм’ер Іраку зазначыў, што ягоная краіна мае падобныя да постчарнобыльскіх праблемы пасьля таго, як ЗША нібыта выкарыстоўвалі бомбы з адпрацаваным уранам падчас вайны 1991 году.

Паводле Леаніда Козіка, які запрасіў спадара Хувэйша ў Менск, адной з мэтаў візыту ёсьць неабходнасьць патлумачыць беларускім уладам і народу пазыцыю Іраку ў канфлікце са Злучанымі Штатамі.

(Хувэйш: ) “Ці абудзецца ўдар ЗША па Іраку, залежыць не ад нас, а ад рашэньня ўраду гэтай краіны. Але калі такі ўдар станецца, то мы гатовыя яго адбіць. Аднак лічым, што для гэтага ўдару няма падставы. Я як адзін з кіраўнікоў ірацкае дзяржавы яшчэ раз заяўляю, што ў нас няма зброі масавага зьнішчэньня, адпаведнага абсталяваньня і намеру для яго вырабу”.

Ён выказаў пазыцыю свайго ўраду, што мэта меркаванай акцыі ЗША зусім іншая: “захапіць крыніцы нафты ў арабскім сьвеце” дзеля забесьпячэньня амэрыканскае бясьпекі й ажыцьцяўленьня “сіянісцкіх мэтаў” Ізраілю.

Менск быў абраны для падобных заяваў ірацкага кіраўніцтва, паколькі, паводле словаў спадара Хувэйша, Беларусь вельмі дружалюбная да Іраку краіна.

Тыдзень таму некалькі беларускіх прадпрыемстваў трапілі ў цэнтар міжнароднага скандалу з прычыны магчымых паставак у Ірак забароненага абсталяваньня. Сёньня спадар Хувэйш пасьпяшаўся абвергнуць зьвесткі пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам.

З такім жа абвяржэньнем выступіў і Леанід Козік. Паводле яго, Беларусь зацікаўленая ў пашырэньні свайго экспарту ў Ірак, але гэтаму перашкаджае Камітэт па санкцыях ААН, які замарозіў дзясяткі падпісаных кантрактаў, — у прыватнасьці, на пастаўку некалькіх тысяч аўтамабіляў і трактараў. Цяпер рыхтуюцца да рэалізацыі праекты ўдзелу Беларусі ў будаўніцтве ў Іраку заводу дызэльных рухавікоў, кіраваньня нафтаздабычай у Паўночным Іраку ды іншыя.

(Козік: ) “Эканамічнае эмбарга, уведзенае супраць Іраку павінна быць як мага хутчэй зьнятае. Гэта нашыя самыя наўпростыя інтарэсы. Мы гатовыя пастаўляць туды сваю прадукцыю. Яна там патрэбная, іракцы гатовыя плаціць”, — заявіў лідэр ФПБ Леанід Козік, які адначасова ўзначальвае беларуска-ірацкую камісію ў справе гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі лічаць вельмі сумнеўнымі заявы пра адсутнасьць вайскова-тэхнічных інтарэсаў у спадара Хувэйша ў Менску, паколькі ён адначасова ўзначальвае міністэрства вайсковай прамысловасьці Іраку. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Ёсьць двайная матывацыя гэтага візыту, яна зыходзіць як з Багдаду, так і зь Менску. Для Багдаду трэба відавочна паказаць і сваім грамадзянам, і сьвету, што ў яго ў Эўропе ёсьць саюзьнікі. Што да матывацыі Менску, то гэта выклік міжнароднай супольнасьці, гэта антыамэрыканская акцыя. Тое, што тыдзень тут будзе знаходзіцца высокапастаўлены чыноўнік, чые хвіліны разьлічаныя, гэта выклікае вялікія сумневы ў тым, што гэта будзе чыста гуманітарны візыт. Ясна, што ягоная падвойная пасада, тое, што ён адказны за вайскова-прамысловыя пытаньні, і тое, што Беларусь адна зь вядучых былых савецкіх краінаў у вайсковай прамысловасьці, гэта безумоўна дазваляе здагадвацца, што візыт не такі просты”.
XS
SM
MD
LG