Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЭРЛІНЕ ВЫЙШАЎ ДАДАТАК ДА ГАЗЭТЫ “TAZ”, ПРЫСЬВЕЧАНЫ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

На працягу пяці гадоў вядомыя ў Нямеччыне выдавецтва, рэклямная агенцыя і выданьне абвяшчаюць конкурс на дзевяць самых крэатыўных студэнтаў нямецкіх унівэрсытэтаў. Пераможцы конкурсу — будучыя палітолягі, журналісты, дызайнэры на працягу некалькіх месяцаў праходзяць практыку ў трох гэтых установах, а пры канцы яе выпускаюць дадатак да газэты “TAZ”.

Сёньняшні дадатак называецца “TAZ-Minsk”. Сярод матэрыялаў — рэпартаж з Курапатаў, інтэрвію з рэжысэрам Хашчавацкім і палітыкам Клімавым, нататкі пры сытуацыю зь незалежнымі СМІ ў Беларусі.

Журналістка “TAZ” Барбара Ортэль, якая лічыцца ў рэдакцыі галоўным экспэртам ва ўсходнеэўрапейскай палітыцы, адзначае вялікую самастойнасьць удзельнікаў праекту.

(Ортэль: ) “Яны былі ў мяне, гутарылі са мной, мы абмеркавалі шэраг тэмаў, аднак студэнты вырашылі працаваць самастойна. Ад дызайну выданьня да напісаньня матэрыялаў — рабілі ўсё самі”.

Паводле супрацоўнікаў “TAZ”, дадатак выйшаў на чатырох старонках, ягоныя паасобнікі разышліся вельмі хутка і ўжо празь некалькі гадзінаў у рэдакцыю сталі паступаць тэлефанаваньні ды электронныя лісты з пазытыўнымі водгукамі ад чытачоў. Лічыцца, што дагэтуль у Заходняй Эўропе так шмат пра Беларусь не пісала ніводнае выданьне.

Яшчэ адзін надзвычайны момант гэтага праекту. Сярод дзевяці пераможцаў конкурсу “TAZ” — беларус, студэнт паліталёгіі Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэту Максім Грушавы. Максім ня робіць таямніцы з таго, што менавіта ён прапанаваў сваім сябрам абраць Беларусь у якасьці тэмы дадатку.

(Грушавы: ) “Для ўсіх васьмі маіх сяброў з розных нямецкіх унівэрсытэтаў гэта была ня проста першая паездка ў Беларусь. Гэта было першае знаёмства з Усходняй Эўропай. Як паведаміў адзін зь іх, мы селі ў цягнік і праз 17 гадзінаў убачылі зусім іншае жыцьцё.

Мае сябры жылі ў звычайных адна-альбо двупакаёвых кватэрах на ўскрайку гораду разам з гаспадарамі. Яны сталаваліся ў сваіх новых сяброў, езьдзілі ў грамадзкім транспарце. Падобныя нязручнасьці зусім іх не хвалявалі. Яны нават палюбілі краіну — таму што беларусы вельмі адкрыліся ім”.

Што да палітычнай сытуацыі ў Беларусі, то яна зрабіла вельмі сумнае ўражаньне. Выпускнік Мюнхенскага ўнівэрсытэту Маркус Дырк, які год працуе ў палітычнай журналістыцы, быў узрушаны сустрэчай з Андрэем Клімавам, ягоным расповедам пра беларускія турмы, сыстэму судовага пакараньня ў Беларусі, а таксама наведваньням Курапатаў. “У такое цяжка паверыць — каб на месцы масавага зьнішчэньня людзей будавалі кальцавую дарогу”.

Сродкі ад распродажу дадатку (кожны экзэмпляр каштаваў 50 эўрацэнтаў) пойдуць на падрымку аднаго з моладзевых цэнтраў у беларускай глыбінцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG