Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЎТАРА РАЗА ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ СЁЛЕТА СКАРАЧЭНЬНЕ РАБОЧЫХ І СПЭЦЫЯЛІСТАЎ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле інфармацыі гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва, толькі ў Гомелі й Гомельскім раёне прадпрыемствы і арганізацыі пазбавіліся сёлета больш як ад 3300 чалавек. Масавае скарачэньне закранула калектывы заводаў гандлёвага абсталяваньня, хімічнага, радыёзаводу, фабрыкі “Палесдрук”.

Пазбаўлялася ад рабочых нават сумеснае прадпрыемства “Арагаст-Чэскае піва”. Піўзавод паінфармаваў цэнтар занятасьці, што скараціў ужо 79 рабочых. Такая ўмова чэскага інвэстара. Аднак грашовую дапамогу атрымалі толькі два з паловай дзясяткі чалавек. Астатнія звольненыя бяз выплаты кампэнсацыі.

Шэраг прадпрыемстваў, каб яўна не звальняць людзей, лічаць за лепшае скарачаць працягласьць працоўнага дня. У прыватнасьці, Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат ужо заўтра зьмяншае працоўны дзень на 1 гадзіну, і адпаведна — заробак. Гэта патрэбна, каб зьнізіць выдаткі і дамагчыся неяк канкурэнтаздольнасьці сваёй прадукцыі на расейскім рынку, дзе апошнім часам рагачоўцы стратна прадаюць згушчанае малако ў бляшанках.

Асобныя прадпрыемствы, як швейнае “Камінтэрн” альбо завод пускавых рухавікоў, наогул працуюць 3–4 дні на тыдзень.

Як заяўляе начальнік абласной управы працы і сацыяльнай абароны Віктар Сокараў, зараз рэальнае беспрацоўе ў рэгіёне складае прыкладна 8%. Гэта больш як у два з паловай разы перавышае афіцыйныя статыстычныя зьвесткі пра беспрацоўе.

Працягваецца і рэальнае скарачэньне. У кастрычніку-лістападзе толькі ў абласным цэнтры пазбавяцца працы звыш 300 чалавек, занятых у прамысловасьці і будаўніцтве. Ужо пададзеныя заяўкі ў службу занятасьці насельніцтва.

Скарачэньні закранаюць і сацыяльную сфэру. Наступныя тыдні зачыняюцца два дзіцячыя садкі — № 1 і 72. Агулам у іх працы пазбавяцца 90 пэдагогаў і выхавацеляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG