Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВАЦЭНТРЫСТЫ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ПРАБЛЕМЫ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ІНТЭГРАЦЫІ І ПЫТАНЬНІ БЯСЬПЕКІ


Алена Радкевіч, Прага

(Вячорка: ) “Сёньня абмяркоўваліся пытаньні, блізкія бальшыні цэнтра-правых партыяў нашага рэгіёну. Гэта пэрспэктывы пашырэньня NATO і Эўрапейскага Зьвязу, наперадзе яшчэ абмеркаваньне пытаньня, як змагацца зь левай навалай, з адраджэньнем пра-левых, пра-сацыялістычных настрояў. Вельмі мяне ўсьцешыла, што канфэрэнцыю прывітаў Джордж Буш – ён усё ж такі належыць да Рэспубліканскай – г.зн. ідэйна блізкай да правацэнтрыскіх – партыі. І вялікая частка, практычна трэць ягонага вітаньня прысьвечаная Беларусі і падтрымцы нашае барацьбы за дэмакратыю і свабоду. Калі гаварыць пра дыскусію, то ў ёй сутыкнуліся як крытычныя пагляды на эўраструктуры, перадусім на Эўразьвяз – у якім яшчэ не вядома, ці будуць улічвацца галасы новаўлучаных, – так і іншая танальнасьць таксама гучала – тыя, хто пакуль не прыняты, стаіць у другой чарзе, хвалююца, ці не занадта крытычныя галасы на адрас Эўразьвязу тут гучаць. Карацей кажучы, нарамальная дыскусія, якая сьведчыць пра тое, што эўрапейскі сьвет вакол нас жыве іншымі чым мы праблемамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вядома, заўтра ў межах канфэрэнцыі павінна адбыцца абмеркаваньне так званага беларускага пытаньня. У чым, уласна кажучы, сутнасьць гэтага пытаньня, што мае быць на парадку дня?”

(Вячорка: ) “Мы будзем прымаць дэклярацыю, яна даволі вялікая, на паўтары старонкі, з канстатацыйнай часткай і прапановамі. У дэклярацыі сьцьвярджаецца, што незалежасьць Беларусі стала фактам эўрапейскае палітыкі; сьцьвярджаецца, што правацэнтрысцкія сілы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы салідарныя зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў іхнай барацьбе за дэмакратыю і захаваньне незалежнасьці Беларусі. Ну, а гаворка пойдзе, відавочна, і вакол гэтага тэксту, і вакол практычных пытаньняў: як беларускую праблему – бо гэта ёсьць праблема для ўсяго рэгіёну – рашаць. Беларуская праблема комплексная, яна, з аднаго боку, карэніцца ў адстунасьці дэмакратыі, а з другога – у тым, што існуе пагроза нашай незалежнасьці. Дарэчы, пра ролю нацыянальных дзяржаваў, нават перад абліччам эўрапейскай кансалідацыі, гаворыцца і ў асноўнай дэклярацыі канфэрэнцыі, Праскай дэклярацыі. Такім чынам, гэтае ўзаемаўвязаньне пытаньняў дэмакратыі, працьвітаньня і незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасьці – цалкам у рэчышчы правацэнтрысцкай ідэалёгіі”.
XS
SM
MD
LG