Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВЯРШАЕЦЦА МЕСЯЧНІК БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ


Валянціна Аксак, Менск

На пытаньне “Ці сталі вы часьцей размаўляць па-беларуску з нагоды месячніка беларускае мовы?” станоўча адказалі больш за 30% апытаных. Яшчэ 15% зьбіраюцца гэта зрабіць. Але больш за палову рэспандэнтаў паставіліся да акцыі, якую цягам верасьня праводзіла Таварыства беларускае мовы, адмоўна.

Гэтыя лічбы называе сёньня агенцтва БелаПАН, якое і праводзіла апытаньне на сваім Інтэрнэт-сайце. Старшыня ТБМ Алег Трусаў такімі вынікамі месячніка задаволены.

(Трусаў: ) “Лічбы вынікаў апытаньня добрыя, бо ня трэба забывацца, што паводле вынікаў перапісу толькі 37% беларусаў размаўляюць па-беларуску. Цяпер да іх дададося яшчэ як мінімум 10, а то і 15%. Мы бачым паступовы рост і пашырэньне беларушчыны на Беларусі. Так што вынікі добрыя”.

Акцыя мела шырокі розгалас. Што асабліва ўсьцешвае ейных арганізатараў, дык гэта цікавасьць да месячніка расейскамоўных СМІ. Што, на думку спадара Трусава, сьведчыць пра пераломны момант у сьвядомасьці грамадзтва.

(Трусаў: ) “Вельмі цікава, што на гэтую ініцыятыву адгукнуліся расейскамоўныя выданьні, такія як “Комсомольская правда”, “Труд”, “БДГ”. І самае дзіўнае — FM-станцыі, якія перадавалі пра месячнік некалькі дзён запар. І самае цікавае — гэта “Советская Белоруссия”, якая пасьля некалькіх спробаў пажартаваць на тэму месячніка прыйшла потым да высновы, што трэба ўсё ж размаўляць па-беларуску, калі жывеш тут”.

Што тычна формаў працы, то яны ў плянах ТБМ не сканчаюцца ідэяй месячніка беларускае мовы.

(Трусаў: ) “Сябры Першамайскае рады ТБМ у Менску прапанавалі месячнік ператварыць у штомесячнік. І мне гэтая ідэя вельмі падабаецца. І я думаю, што мы можам рабіць такія рэчы як месячнік “Сьпяваем па-беларуску”, другі месяц — гаворым, трэці — думаем, чацьверты — пішам, пяты — прызнаемся ў каханьні па-беларуску і гэтак далей. Калі ўвесьці элемэнты гумару ў гэтую справу, то можна месячнік беларускае мовы ператварыць у штомесячнік беларускае мовы ва ўсіх праявах жыцьця”.

Вынікі падобных акцыяў натхняюць спадара Трусава на аптымістычныя прагнозы. Ён лічыць, што празь дзесяць–пятнаццаць гадоў Беларусь будзе шматмоўнаю краінаю зь перавагай роднае мовы, як тое зараз у Літве, Польшчы, Латвіі ды іншых краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG