Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯДЗЕЛЮ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМАЛІ Ў МЕНСКУ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ АКЦЫІ КХП БНФ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Напярэдадні акцыі Менскі гарвыканкам забараніў арганізатарам праводзіць мітынг у абарону незалежнасьці ў цэнтры сталіцы. Актывістам КХП БНФ дазволілі сабрацца толькі на плошчы Бангалор. Тым ня менш, сёньня апоўдні ў менскі парк Янкі Купалы прыйшло больш за 100 чалавек.

Удзельнікі мітынгу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі падышлі да помніка Купалу, усклалі кветкі й разгарнулі транспаранты з надпісамі: “Расейскія ваенныя базы — прэч зь Беларусі”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй” і “Беларуская салідарнасьць — наш супраціў расейскай акупацыі”.

Акцыя працягвалася каля 20 хвілінаў. Сяргей Папкоў адразу ж зачытаў рэзалюцыю мітынгу, у якой адзначаецца, што заявы расейскага кіраўніцтва ёсьць грубым актам палітычнай агрэсіі супрацьБеларусі. Рэзалюцыя заклікае апызыцыйныя сілы зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі й Гааскі трыбунал з патрабаваньнем прызнаць Расею агрэсіўнай краінай ды прызнаць несапраўднымі ўсе саюзьніцкія дамовы паміж Масквой і Менскам.

Удзельнікі мітынгу таксама заклікаюць беларускае грамадзтва ня ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах і рэфэрэндумах, арганізаваных уладамі й ствараць камітэты па абароне Беларусі ад расейскай агрэсіі. Неўзабаве на мітынгу зьявіліся міліцыянты і праз мэгафон перашкаджалі яго правядзеньню.

Пасьля прэсавы сакратар парты Валер Буйвал зачытаў зварот лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка. Спадар Пазьняк заклікае беларусаў уступаць у камітэты абароны Беларусі.

Мітынг скончыўся, і людзі пачалі разыходзіцца. І тут з-за помніка Янку Купалу выскачыла два дзясяткі маладых людзей характэрнага выгляду ў цывільным ды пабеглі за групамі людзей. На Кастрычніцкай плошчы яны затрымлівалі ўдзельнікаў мітынгу на вачах у міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які зь сям’ёй прагуліваўся па праспэкце. Спадар Навумаў заявіў, што да затрыманьняў ён ня мае ніякага дачыненьня.

У выніку міліцэйскай апэрацыі было затрымана некалькі чалавек, якіх адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Дзяжурны гэтага пастарунку адмовіўся паведамляць, колькі людзей было затрымана. Вядома толькі, што сярод затрыманых Юры Беленькі, Валер Буйвал, Уладзімер Плотнікаў і Кастусь Кошэль.
XS
SM
MD
LG