Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КОПІЯ ТУРЫНСКАЙ ПЛАШЧАНІЦЫ ЗЬ МЕНСКУ ПЕРАДАДЗЕНАЯ Ў ЛЬВОЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньня ў менскім Чырвоным касьцёле акрамя беларускай гучала толькі ўкраінская мова: больш за сто сьвятароў, сясьцёр-законьніц рыма- й грэка-каталіцкай канфэсіяў, расейскай і аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ўкраіны, а таксама хоры і журналісты адмысловым рэйсам са Львова прыляцелі ў Менск, каб узяць удзел у набажэнстве й цырымоніі атрыманьня Турынскай Плашчаніцы.

Гэта адна з шасьці копіяў, якія ёсьць у сьвеце, яна лічыцца адной з найвялікшых хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. У Менск яна патрапіла з італьянскага гораду Турын як дар парафіянам Чырвонага Касьцёлу й знаходзіцца тут ад 5 траўня.

Падчас урачыстага набажэнства, якое адправіў уніяцкі сьвятар са Львова Ігар Возьнік, а таксама пасьля імшы прадстаўнікі духавенства Ўкраіны шчыра дзякавалі за магчымасьць памаліцца перад сьвятыняй. Гаворыць сьвятар львоўскага сабору Сьявтога Юрыя Раман Краўчык:

(Сьвятар: ) “Падзея вельмі важная для збліжэньня, для паразуменьня паміж народамі, а таксама для дабра царквы й народаў сьвету”.

Ідэя перадачы належыць ўкраінскаму духавенству й уладам, якія нават выдзелілі на паездку адмысловы самалёт. Зь беларускага боку да падзеі спрычыніліся хіба што толькі вернікі: на ўрачыстую імшу з афіцыйных асобаў са спазьненьнем прыйшоў толькі Мясьніковіч. Але пабачыўшы, што ён адзін, сышоў, не дачакаўшыся завяршэньня імпрэзы.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк у вітальным слове сказаў, што гэтая акцыя найперш — сымбаль добрай волі й духоўнага яднаньня паміж людзьмі й народамі. Гаворыць Уладзіслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) “У нашай Сьвятыні мы яднаемся духоўна каля гэтага Божага знаку. Гэтая плашчаніца бярэ пачатак пілігрымаваньня паміж нашымі народамі. Радуемся духоўна”.

Плашчаніца будзе знаходзіцца ва Ўкраіне ўвесь год, а затым яна вернецца ў менскі Чырвоны Касьцёл. А каб перад ёй змаглі памаліцца найбольшая колькасьць украінскіх хрысьціянаў, рэліквію будуць перадаваць з гораду ў горад. Сёньня ж сьвятыню сустрэнуць у Львове і ад аэрапорту да катэдральнага касьцёлу восем кілямэтраў панясуць на руках.

Плянавалася, што ад Пляцу Незалежнасьці, на якім месьціцца Касьцёл Сымона й Алены, да аэрапорту “Менск-1” плашчаніцу таксама даставяць урачыстым шэсьцем, але сталічныя ўлады шэсьце забаранілі.
XS
SM
MD
LG